Падпісаны Указ аб забеспячэнні разлікаў з бюджэтамі

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 кастрычніка падпісаў Указ № 381 "Аб забеспячэнні разлікаў з бюджэтамі", які ўстанаўлівае больш справядлівы і дзейсны механізм прымянення мер матэрыяльнай адказнасці за запазычанасць па плацяжах у бюджэты.

    Дакументам, у прыватнасці, прадугледжаны меры для больш адказнага падыходу кіраўнікоў арганізацый да разлікаў з дзяржаўным пазабюджэтным фондам сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН). Уведзена забарона на выплату ім усіх відаў прэмій пры наяўнасці запазычанасці перад ФСАН. Раней такая забарона дзейнічала пры наяўнасці ў арганізацыі запазычанасці па ўнясенні плацяжоў у бюджэт (яна была ўстаноўлена Указам № 292 ад 13 жніўня 1996 года).

    Акрамя таго, склад выплат, якія падпадаюць пад дзеянне забароны, дапоўнены такімі стымулюючымі выплатамі, як бонусы і ўзнагароджанні.

    Згодна з падпісаным Указам, меры адказнасці будуць прымяняцца толькі ў адносінах да кола асоб, якія непасрэдна адказваюць за фінансавы стан арганізацыі і надзелены паўнамоцтвамі на прыняцце адпаведных кіраўніцкіх рашэнняў (гэта значыць, выключаны галоўныя спецыялісты і іх намеснікі, якія выконваюць, па сутнасці, рашэнні кіраўніцтва, акрамя галоўнага бухгалтара і яго намеснікаў, якія самастойна выплачваюць плацяжы ў бюджэт). Пазбаўленне прэміі будзе ажыццяўляцца зыходзячы з колькасці дзён, на працягу якіх мелася запазычанасць перад бюджэтам, і (або) перыядаў, у якіх дапушчана пратэрмінаваная запазычанасць, а не па факце яе наяўнасці і незалежна ад працягласці перыяду, як было раней.