Падпісаны Указ аб выплаце штогадовай матэрыяльнай дапамогі асобным катэгорыям грамадзян да Дня Перамогі
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 21 ліпеня Указ № 281 "Аб выплаце штогадовай матэрыяльнай дапамогі асобным катэгорыям грамадзян да Дня Перамогі".
Матэрыяльная дапамога ветэранам у Беларусі да 2021 года аказвалася напярэдадні юбілейных дат Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У адпаведнасці з падпісаным Указам устанаўліваецца дадатковая сацыяльная падтрымка ў выглядзе выплаты штогадовай матэрыяльнай дапамогі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і некаторым катэгорыям грамадзян, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, у сувязі са святкаваннем Дня Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Памер штогадовых выплат, згодна з Указам, будзе ўстанаўлівацца Саветам Міністраў, крыніца фінансавання - рэспубліканскі бюджэт.
Указ стаў выказваннем удзячнасці і глыбокай павагі з боку грамадства і дзяржавы ветэранам і асобам, якія пацярпелі ад наступстваў вайны. Прыняцце дакумента дасць магчымасць дастойна арганізаваць ушаноўванне гэтых катэгорый грамадзян у сувязі са святкаваннем Дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.