Рабочая паездка ў Віцебскую вобласць

  • 4
  • 1:47

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 студзеня зрабіў рабочую паездку ў Віцебскую вобласць. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з сацыяльна-эканамічным развіццём рэгіёну. Важнай часткай праграмы знаходжання стаў удзел Прэзідэнта ва ўрачыстай цырымоніі пуску прыроднага газу ў горадзе Докшыцы.

Газіфікацыя Віцебшчыны вядзецца энергічнымі тэмпамі. Цяпер прыродным газам карыстаюцца 16 раёнаў вобласці з 21. Сёння агульная працягласць сетак па дастаўцы прыроднага газу ў вобласці складае амаль 2,6 тыс.км. Больш за дзве трэці з іх пракладзены ў апошнія 11 гадоў.

Не так даўно Кіраўнік дзяржавы віншаваў з пускам прыроднага газу жыхароў Глуска (Магілёўская вобласць). І вось праз 2 месяцы такая ж прыемная падзея адбылася ў Докшыцах.

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, усё гэта - звёны паспяховай рэалізацыі стратэгічнага праекта па газіфікацыі краіны, выканання дзяржаўнай праграмы "Чыстае паліва".

Беларускі лідар падкрэсліў, што падключэнне Докшыц да экалагічна чыстага паліва завершана датэрмінова. Са звадкаванага на прыродны газ будуць пераведзены 840 кватэр і больш як 1500 індывідуальных дамоў. Магчымасць выкарыстоўваць яго ў якасці паліва атрымаюць 22 прамысловыя і сацыяльныя аб'екты. Газаправод да Докшыц аснашчаны сучаснымі сістэмамі тэхнічнай сувязі і тэлемеханікі, што стварае неабходныя ўмовы для надзейнасці і бесперабойнай падачы "блакітнага паліва".

"У лістападзе 2004 года, выступаючы на цырымоніі пуску прыроднага газу ў Глыбокім і Паставах, я абяцаў, што да 9 мая 2006 года будуць пабудаваны газаправоды да гарадоў Браслаў, Докшыцы, гарадскіх пасёлкаў Шаркаўшчына і Бягомль. Гэта абяцанне выконваецца. Для Докшыц яно выканана датэрмінова", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Цяпер у гэтага невялікага гарадка з'явіўся новы імпульс для развіцця. Але гэта толькі імпульс, а каб ён стаў стваральнай сілай, неабходна праца людзей, якія тут жывуць, дадаў Прэзідэнт.

Прыродны газ - гэта не толькі павышэнне эфектыўнасці эканомікі, але і экалагічна чыстае паліва, якое так неабходна чалавеку. Як падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, "збудаванне і эксплуатацыя газаправодаў, пастаўка газу - усё гэта няпроста і нятанна. У савецкія часы ў асноўным газіфікаваліся населеныя пункты, прылеглыя да трасы магістральных трубаправодаў. Зразумела, гэта патрабавала меншых грашовых сродкаў, але і тармазіла сацыяльна-эканамічнае развіццё малых гарадоў, сельскіх населеных пунктаў, адбівалася на дабрабыце жыхароў. Менавіта таму мы ўзяліся за вырашэнне задачы газіфікацыі Беларусі".

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў калектывам Белтрубаправодбуда, Белтрансгазу, Віцебскаблгазу, канцэрна "Белпаліўгаз" і іншым удзельнікам будаўніцтва газаправоду.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў сакавіку 2006 года прыродны газ прыйдзе ў Браслаў і Шаркаўшчыну. У маі "блакітнае паліва" паступіць у Бягомль. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ёсць рэальная магчымасць датэрмінова, ужо ў снежні, больш як на год раней за намечанае, увесці ў эксплуатацыю газаправоды да Міёраў і Верхнядзвінска. А ў снежні 2007 года, з падводам прыроднага газу ў гарадскі пасёлак Расоны, будзе завершана газіфікацыя раённых цэнтраў Віцебскай вобласці.

"Гэта рэальна. Але толькі пры максімальнай мабілізацыі ўсіх рэсурсаў", - перакананы беларускі лідэр. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад кіраўнікоў рэспубліканскіх і мясцовых органаў кіравання прыняць усе меры для рэалізацыі пастаўленых задач.

За апошнія 11 гадоў у Беларусі пракладзена больш за 10 тыс.км газаправодаў і размеркавальных сетак. Гэта больш, чым за ўсе савецкія гады, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Газіфікацыя запатрабавала каласальных інвестыцый. У цэлым па краіне з улікам усіх крыніц фінансавання яны перасягнулі $1 млрд. Такія высокія тэмпы работ прадоўжацца, і на працягу 5 гадоў будуць газіфікаваны ўсе раённыя цэнтры. "У далейшым мы зробім усё, каб прыродным газам маглі карыстацца жыхары нават самых аддаленых населеных пунктаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы перакананы, што для развіцця турыстычнага патэнцыялу Докшыцкага раёна ёсць усе неабходныя фактары. "Зручнае размяшчэнне, значны экалагічны патэнцыял (перш за ўсё - Бярэзінскі біясферны запаведнік), культурная спадчына, гераічнае мінулае - усё ёсць для таго, каб ператварыць Докшыцы ў важны турыстычны цэнтр краіны", - падкрэсліў ён.

Аднак вырашэнне гэтых пытанняў будзе залежаць ад мэтанакіраванасці, ініцыятывы і настойлівасці мясцовых органаў улады, кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў. "Гэта яшчэ адно маё даручэнне для мясцовых органаў улады. Трэба зрабіць усё неабходнае, каб выкарыстаць значны патэнцыял раёна з максімальнай карысцю для яго жыхароў", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

У Беларусі пачата адпрацоўка маштабнай і вельмі патрэбнай для краіны праграмы пад'ёму і развіцця малых гарадоў, у тым ліку і такіх, як Докшыцы. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за два папярэднія пяцігоддзі "мы ўмацавалі нашу Беларусь як суверэнную дзяржаву, узнялі эканоміку, падвоіўшы валавы ўнутраны прадукт". У пачатым пяцігоддзі плануецца такімі ж тэмпамі развіваць эканоміку. Але самае галоўнае, як лічыць Аляксандр Лукашэнка, неабходна прыстасаваць дзяржаву да жыцця простых людзей, каб яны "любілі сваю краіну за тое, што ім камфортна тут жывецца".

"Мы павінны зрабіць так, каб людзі не крыўдзіліся на нас, на дзяржаўных служачых, работнікаў праваахоўных органаў. Мы павінны служыць народу - простая формула", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт лічыць, што ўважлівыя адносіны з боку чыноўнікаў да простых грамадзян, да іх патрэб і клопатаў, вырашэнне іх праблем - гэта патрабаванне дня, патрабаванне жыцця. Яны вызначаюць не толькі настрой людзей, але і іх адносіны да ўлады.

У рамках паездкі Кіраўнік дзяржавы шмат часу ўдзяліў непасрэднай размове з людзьмі. Прэзідэнт цікавіўся праблемнымі пытаннямі жыцця рэгіёну, а таксама адказаў на ўсе пытанні, што цікавілі жыхароў.

Аляксандр Лукашэнка лічыць важным, што за мінулыя гады беларусам удалося стварыць сваю дзяржаву. "Мы знайшлі свой шлях, многія ўжо бяруць з нас прыклад", - дадаў ён.

Беларускі лідар заявіў, што дэмаграфічная сітуацыя, пытанні аховы здароўя і адраджэння вёскі будуць у бліжэйшы час знаходзіцца "ў асаблівым полі зроку дзяржавы".

Прэзідэнт, у прыватнасці, падкрэсліў, што шматдзетным сем'ям будзе і ў далейшым аказвацца сур'ёзная падтрымка. "Нам трэба павялічваць насельніцтва. Інакш будуць заводы, а працаваць не будзе каму. Газ мы правядзём, Расіі выгадна праз нас газ прадаваць, але калі не будзе людзей, спажыўцоў гэтага газу - гэта бяда для дзяржавы. Таму самае галоўнае для нас - людзі, і павышэнне нараджальнасці набывае для нас найважнейшае значэнне", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Таксама, паводле слоў Прэзідэнта, будзе прадоўжана актыўная работа па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі. "Першы год праграмы мы выканалі. Будуць грошы - зробім усё, што запланавана. Мы ў кожным цэнтры калгаса, саўгаса пабудуем маленькі аграгарадок", - сказаў беларускі лідар.

Закрануўшы пытанні сферы аховы здароўя, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што да 2007 года раённыя бальніцы рэспублікі будуць практычна поўнасцю перааснашчаны.

У сувязі з маючай адбыцца важнай палітычнай кампаніяй Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Я агітаваць за сябе не буду, не хачу абяцаць вам залатыя горы. Я буду праводзіць тую палітыку, якую праводзіў, працаваць так, як працаваў".

Адказваючы на пытанні мясцовых жыхароў, Прэзідэнт адзначыў, што ўлада будзе і ў далейшым аказваць падтрымку ў вырашэнні сур'ёзных праблем людзей. "Але вы павінны ведаць, што ёсць пытанні, якія павінен вырашаць, напрыклад, Прэзідэнт, а ёсць тыя, якія будуць вырашаць вобласці і раёны. Кожны ўзровень улады павінен займацца сваімі праблемамі. І ёсць тыя пытанні, якія вырашаюць самі людзі. Майце на ўвазе: за вас ніхто вашы пытанні не вырашыць, хто б вам чаго ні абяцаў. Улада дапамагае, але людзі таксама павінны самі шмат для сябе рабіць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што лічыць неабходным "больш інтэнсіўна і больш эфектыўна пераходзіць на мясцовыя  віды паліва, эканомна і беражліва выкарыстоўваючы прыродны газ". У людзей, перш за ўсё ў сельскай мясцовасці, павінен быць выбар, які від паліва выкарыстоўваць, што больш выгадна.

"Прыродны газ мы не здабываем - мы яго купляем. Мы бачым, якія "газавыя войны" адбываюцца на постсавецкай прасторы. Таннага газу не будзе, ён пастаянна даражэе, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Нам удалося ў гэтым годзе захаваць узровень цэн мінулага года. Камунальныя паслугі не будуць расці, таму што прыродны газ абыходзіцца значна танней, чым звадкаваны".

Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусі ўдалося захаваць цэны на куплю расійскага газу на ўзроўні мінулага года - прыкладна па $46,68 за 1 тыс. кубаметраў. Сёння ў Еўропе гэта цана даходзіць да $700. "Мы і ў далейшым будзем дамаўляцца з Расіяй. Нават калі будзе рост цэн, каб ён быў стрыманым, паступовым", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён пацвердзіў, што "Беларусь купіць столькі газу, колькі патрэбна краіне. Але за гэты газ трэба плаціць. Мы будзем дапамагаць тым, хто не можа сёння заплаціць за яго, ды і ўсім, паступова павышаючы заработную плату".

Шэраг пытанняў жыхароў Докшыцкага раёна датычыўся ходу інтэграцыі Беларусі і Расіі. Кіраўнік дзяржавы выказаў перакананасць, што ў саюзнага будаўніцтва - добрыя перспектывы.

"Але трэба мець на ўвазе: я абмежаваў рамкі - на што мы можам пайсці з Расійскай Федэрацыяй, на што не. Адчуваю, што беларусы мяне ў гэтым падтрымліваюць. Усе мы хочам жыць у сваёй краіне. Мы ў склад любой дзяржавы, не толькі Расіі, уступаць не збіраемся. Больш таго, мы стварылі сваю дзяржаву, яна жыве, функцыянуе. Навошта яе разбураць? Навошта кудысьці ўступаць, калі мы можам на прынцыпах саюзных адносін з Расіяй жыць як адзіная дзяржава?" - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў інтэграцыйным збліжэнні з Расіяй сёння робіцца шмат і для эканомікі, і для людзей. "Не ўсё атрымліваецца пакуль. Але ў гэтым напрамку мы будзем рухацца", - падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка лічыць важным дасягненнем практычную адсутнасць паміж Беларуссю і Расіяй граніц для свабоднага перамяшчэння грамадзян дзвюх краін. Паводле яго слоў, вырашаюцца пытанні пенсіённага, сацыяльнага забеспячэння.

"Вось якія пытанні трэба вырашаць, каб людзям было зручна жыць у Беларусі і ў Расіі. Гэта галоўнае, а не тое, якая форма будзе ў саюза - федэрацыя або канфедэрацыя. Не ў гэтым сёння пытанне. У Канстытуцыйным акце, калі яго прымем, мы прапішам тое ўтварэнне, да якога мы будзем імкнуцца. Гэта людзі на рэферэндуме павінны прагаласаваць, вызначыць, якія пытанні ўваходзяць у кампетэнцыю Беларусі і Расіі паасобку, а якія будуць вырашацца сумесна", - дадаў Прэзідэнт.

"Мы будзем спакойна ісці па гэтым шляху, і толькі разам: мы сварыцца не маем намеру з Расійскай Федэрацыяй. Расіяне - гэта нашы людзі, браты. Такіх адносін, як з боку расіян, да беларускага чалавека вы не сустрэнеце нідзе. Сапраўдныя расіяне з вялікай павагай ставяцца да Беларусі. Гэта ж дарагога каштуе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пасля завяршэння ўрачыстай цырымоніі пуску газу Прэзідэнт адказаў на пытанні прадстаўнікоў беларускіх і расійскіх СМІ. У інтэрв'ю былі закрануты тэмы забеспячэння энергетычнай бяспекі і пераходу на мясцовыя віды паліва, маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбараў, а таксама ўдзелу Беларусі ў рэгіянальных інтэграцыйных аб'яднаннях.

У гутарцы з журналістамі Аляксандр Лукашэнка выказаў думку, што ва ўмовах падаражэння ў свеце газу і нафтапрадуктаў у Беларусі неабходна фарсіраваць работу па выкарыстанню мясцовых відаў энергарэсурсаў.

"Забяспечыць энергетычную незалежнасць - значыць быць суверэннымі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы толькі пачалі выкананне праграмы па пераходзе на мясцовыя віды паліва, намацваем тыя шляхі, па якіх павінны ісці. Напрыклад, у Асіповічах мы пабудавалі станцыю, якая выпрацоўвае цяпло і электрычнасць на мясцовых энергарэсурсах. У Віцебскай вобласці ствараюць аналагічную. Гэта вялікія фінансавыя ўкладанні, мы на іх пайшлі. Беларусь вывучыла вопыт Фінляндыі, Швецыі, Нарвегіі, Германіі, Расіі. За 5 гадоў мы павінны перайсці на 25-працэнтнае выкарыстанне мясцовых відаў паліва ў агульным аб'ёме спажываемых рэсурсаў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы выказаў перакананасць, што маючыя адбыцца прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць спакойна.

Паводле яго слоў, "кіргізскага варыянта" ў Беларусі не будзе. "Тое, што ўлада не дапусціць дэстабілізацыі сітуацыі, - у гэтым можаце быць абсалютна ўпэўненыя", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама пераканны, што выбары пройдуць без усялякіх парушэнняў. "Нам не трэба фальсіфікаваць выбары. Мы наадварот робім усё, каб нас ні ў якім выпадку не абвінавацілі, нават выпадкова. Мы зарэгістравалі ўсіх кандыдатаў. Каму ўлада перашкаджае? Нікому. Прэзідэнцкая кампанія пачалася - я як працаваў, так і працую. Мая актыўнасць нават ніжэйшая, чым у звычайны час", - сказаў беларускі лідэр.

"Мы не маем намеру нікому перашкаджаць. Мы хочам, каб усе жадаючыя, хто хоча быць Прэзідэнтам, пайшлі на гэтыя выбары, і народ сказаў, хто будзе Прэзідэнтам. Не думайце, што хтосьці настроены, каб сілай утрымліваць уладу. Нам гэта не трэба. У нас дастаткова даверу людзей", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама паведаміў, што Беларусь, якая старшынствуе ў ЕўрАзЭС, мае намер унесці канкрэтныя прапановы для актывізацыі дзейнасці гэтай арганізацыі. Цяпер рыхтуецца пасланне Старшыні Міждзяржаўнага савета ЕўрАзЭС Прэзідэнта Беларусі кіраўнікам дзяржаў-членаў гэтай арганізацыі. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, "на маючым адбыцца саміце ЕўрАзЭС у Санкт-Пецярбургу Беларусь унясе канкрэтныя прапановы для прапрацоўкі. Калі кіраўнікі дзяржаў пагодзяцца, мы ў гэтым напрамку і будзем рухацца. Гэта рух на збліжэнне".

Беларускі лідар падкрэсліў, што "існуюць пэўныя затухаючыя моманты ў рамках інтэграцыйных арганізацый на постсавецкай прасторы. І ў СНД, і ў ЕўрАзЭС, і ў АДКБ хацелася б большай дынамікі". Кіраўнік дзяржавы звязвае запавольванне інтэграцыйных працэсаў з адсутнасцю "адзінства руху па ўступленні краін у СГА. Першапачаткова Расія, Беларусь, Украіна, Казахстан, іншыя рэспублікі дамовіліся аб каардынацыі сваіх пазіцый пры ўступленні ў СГА. А затым шэраг краін пайшлі сваім шляхам. Пасля таго, як адзінства руху па ўступленні ў СГА распалася, прывабнасць ЕўрАзЭС таксама знізілася. І прыпала гэта на перыяд старшынства ў гэтай арганізацыі менавіта Беларусі. Мы, як старшынствуючы бок, не маем права нават думаць аб тым, што "затуханне" ў ЕўрАзЭС павінна працягвацца. Мы думаем над ініцыятывамі, якія б маглі актывізаваць работу. Усё дастаткова проста - трэба вырашыць два-тры значныя пытанні, якія прыцягнуць увагу і будуць утрымліваць дзяржавы ў ЕўрАзЭС".

У ліку такіх пытанняў Аляксандр Лукашэнка назваў чыгуначныя тарыфы і стварэнне мытнага саюза. На думку Прэзідэнта, урэгуляванне гэтых праблем здыме шэраг пытанняў і павысіць прывабнасць ЕўрАзЭС.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што "па энергетычных рэсурсах таксама трэба дамаўляцца: калі Расія не можа забяспечыць усіх прыродным газам, нафтай, то гэтыя прыродныя багацці маюць Туркменістан, Узбекістан, Казахстан. Расія не павінна перашкаджаць пастаўкам вуглевадароду, дапусцм, у Беларусь, Украіну".

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што краіны павінны ўлічваць інтарэсы адна адной. "Калі ісці ўразнабой, мы пачынаем арыентавацца на іншыя рэспублікі, іншыя цэнтры сілы і развальваць наша адзінства. Таму трэба сабрацца разам, адкінуць непатрэбнае і пакінуць тое галоўнае, што трэба для эфектыўнай работы", - сказаў на заканчэнне Прэзідэнт.