Інтэрв'ю Медыякарпарацыі Кітая (China Media Group)
- 22
- 48:14
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка напярэдадні рабочага візіту ў Кітай, дзе пройдуць саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і ваенны парад і куды Кіраўнік дзяржавы запрошаны ў ліку сусветных лідараў, даў інтэрв'ю Медыякарпарацыі Кітая (China Media Group). Размова адбылася ў Палацы Незалежнасці 22 жніўня, а поўная версія была абнародавана 29 жніўня.
У якасці інтэрв'юера выступіла вядучая і карэспандэнт медыякарпарацыі Цзо Юнь. Сярод абмеркаваных тэм - узаемадзеянне Беларусі і Кітая, чаканні Прэзідэнта ад маючага адбыцца візіту ў Кітай, значэнне членства ў ШАС для Беларусі і будучыня гэтай арганізацыі. Аляксандр Лукашэнка закрануў у размове і тэму дыпламатыі лідараў, яе ролю ў развіцці міждзяржаўных адносін. Размова ішла таксама аб двухбаковых глабальных праектах, у тым ліку індустрыяльным парку "Вялікі камень". Адно з пытанняў датычылася мірнага ўрэгулявання ўкраінскага канфлікту, праведзеных на Алясцы перагавораў прэзідэнтаў ЗША і Расіі Дональда Трампа і Уладзіміра Пуціна. Аляксандр Лукашэнка падрабязна выказаў сваю пазіцыю па гэтых пытаннях.
"За Кітаем будучыня". Словы пра Паднябесную, якія сталі прароцкімі
У пачатку размовы карэспандэнт Медыякарпарацыі Кітая адзначыла, што Аляксандр Лукашэнка за час прэзідэнцтва быў у Кітаі 15 разоў. У сувязі з гэтым Цзо Юнь спытала, з чым звязаны такі інтэнсіўны графік візітаў у Паднябесную.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што першы раз наведваў Кітай, яшчэ з'яўляючыся дэпутатам. Пасля вяртання ён прапанаваў у парламенце ўважліва прыгледзецца да таго шляху развіцця, які выбрала КНР. "Прабачце за нясціпласць, тады мной былі сказаны такія прарочыя словы, што за Кітаем будучыня. Кітай нам блізкі па сваім развіцці", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар адзначыў, што да яго тады не прыслухаліся. Празаходняя нацыяналістычная апазіцыя ў парламенце, якая, хоць і складала меншасць, "была самай крыклівай". Яе прадстаўнікі заяўлялі, што шлях Кітая для Беларусі непрымальны. Але Аляксандр Лукашэнка, стаўшы Прэзідэнтам, пачаў удзяляць вялікую ўвагу развіццю супрацоўніцтва з КНР.
"Кітай быў вельмі дружны з Савецкім Саюзам. Многае вы ў той час паўтаралі, што было ў нас, але мы з поспехам усё, што вам прапаноўвалі, знішчылі, развалілі. А вы з поспехам гэта прыстасавалі для Кітая, прыўнеслі шмат свайго і стварылі той магутны Кітай, які мы назіраем сёння", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт заявіў, што прапанаваў беларускаму народу мадэль развіцця Кітая, і пераканаўся, што меў рацыю, зрабіўшы такім чынам. "Я часта бываю ў Кітаі, каб не страціць тую ніць развіцця, па якой і нам даводзіцца ісці", - дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Кітай і Беларусь пастаянна пашыраюць супрацоўніцтва, дабаўляючы новыя напрамкі. "Таму любы мой візіт у Кітайскую Народную Рэспубліку спалучаны з гэтымі напрамкамі развіцця. Я вельмі ўдзячны, што вы не па-кітайску вельмі адкрыта пайшлі на супрацоўніцтва з намі", - сказаў беларускі лідар.
"Не проста ісці, а бегчы". Пра супрацоўніцтва ў лавінападобнай міжнароднай абстаноўцы
Прэзідэнт падзякаваў Кітаю за адкрытасць у супрацоўніцтве з Беларуссю. Пры гэтым, заўважыў ён, КНР з'яўляецца вельмі спакойнай краінай, якая нікуды не спяшаецца, сапраўднай цывілізацыяй.
"Мы гэта ўлічваем. Мы, як еўрапейцы, усё хочам хутчэй, хутчэй і хутчэй. І я апошнім часам заўважыў, што Кітай пачынае паскарацца, таму што адчувае, як лавінападобна развіваюцца міжнародныя адносіны, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Таму трэба спяшацца. Не проста ісці, а бегчы. І я стараюся бегчы".
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што любая сустрэча з кіраўніком Кітая з'яўляецца своеасаблівым сігналам не толькі для беларускага і кітайскага грамадства, але і для міжнародных адносін.
"Па ўсіх пытаннях мы ў вас вучымся". Чаму Лукашэнка раіць прыглядацца да Кітая
Журналіст адзначыла, што ў 2022 годзе ўзровень двухбаковых адносін Беларусі і Кітая быў павышаны да ўсепагоднага і ўсёабдымнага стратэгічнага партнёрства. Яна таксама нагадала выказванне Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што з моцным Кітаем будзе моцная Беларусь, і ўдакладніла, чаму беларускі лідар так ахарактарызаваў адносіны дзвюх краін.
"Па ўсіх пытаннях, па ўсіх напрамках мы ў вас вучымся. Гэта не проста даніна павагі вам і тым, хто мяне пачуе. Па ўсіх пытаннях мы ў вас вучымся, - адказаў Прэзідэнт. - Я добра ведаю вашу цывілізацыю. Ведаю, што гэта старажытная цывілізацыя. Па ўсіх напрамках, па якіх развіваецца планета, свет... Калі сур'ёзна паглядзець, гэта каранямі там, у вас у Кітаі. Таму я перакананы чалавек, што да Кітая трэба не проста прыглядацца, а трэба некаторыя рэчы браць і пераносіць у сваю рэальнасць".
Кіраўнік дзяржавы прывёў канкрэтны прыклад таго, як Беларусь пераймае некаторыя напрацоўкі Кітая. Гэта датычыцца, напрыклад, гісторыі. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, яго малодшы сын Мікалай, які вучыцца ў Кітаі, пабываў у музеі гісторыі і прывёз адтуль фатаграфіі. Мікалай Лукашэнка быў вельмі ўражаны арганізацыяй музея. "І мне гаворыць: вось нам пабудаваць бы нешта падобнае. Вось мы пачалі будаваць музей гісторыі (размова пра новы будынак Нацыянальнага гістарычнага музея. - Заўвага). У гэтым годзе мы ўзвядзём будынак, а ў будучым - створым канчаткова музей гісторыі па прынцыпе таго, як гэта зроблена ў вас у Кітаі".
Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь пераймае вопыт Кітая і ў іншых напрамках - напрыклад, ІТ-тэхналогіі і штучны інтэлект. "Вось так пакрышку, кропкава, а часам і глабальна мы пераймаем ваш вопыт. Вы як сапраўдныя сябры не шкадуеце гэтага. Хоць па некаторых пытаннях я хацеў бы, каб уключанасць Кітая была большая", - дадаў ён.
"Дастаткова аднаго званка". Як Мінск і Пекін узгадняюць пытанні і прымаюць сумесныя рашэнні
Вяртаючыся да пагаднення Беларусі і Кітая аб усепагодным і ўсебаковым стратэгічным партнёрстве, Аляксандр Лукашэнка назваў яго вельмі сур'ёзным: "Мы гэта бачым, паколькі гэта ўвасабляецца ў нашым супрацоўніцтве, перш за ўсё ў галіне эканомікі. Што датычыцца палітыкі, дай бог, каб наша эканоміка, нашы эканамічныя і фінансавыя адносіны дараслі да ўзроўню палітычных".
Пры гэтым, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы, у Беларусі і Кітая няма ніякіх праблем і рознагалоссяў. "Калі трэба ўзгадніць нейкае пытанне, прыняць сумеснае рашэнне, падтрымаць адзін аднаго, дастаткова аднаго званка з Пекіна ў Мінск або наадварот. І мы аб усім дамовімся на працягу некалькіх мінут", - запэўніў ён.
Аляксандр Лукашэнка назваў Кітай і Расію самымі перадавымі дзяржавамі ў адносінах з Беларуссю, і звярнуў увагу на падтрымку з боку Пекіна, у тым ліку гуманітарную. У якасці прыкладу Прэзідэнт прывёў Нацыянальны футбольны стадыён і басейн міжнароднага стандарту ў Мінску, якія ён назваў падарункамі беларускаму народу. "Гэта таксама шмат аб чым сведчыць. Кітай проста так нічога не робіць і проста так нікому нічога не дорыць. Таму мы гэта вельмі цэнім, і беларускі народ гэта вельмі цэніць", - рэзюмаваў беларускі лідар.
Пра Кітай пад кіраўніцтвам Сі Цзіньпіна як адну з апор планеты
Журналіст пацікавілася ў Прэзідэнта, якім лідарам ён бачыць Старшыню КНР Сі Цзіньпіна. Кіраўнік дзяржавы назваў кітайскага лідара моцным кіраўніком, якога вельмі паважаюць у свеце. Значыць, паважаюць і кітайскую дзяржаву. На думку Аляксандра Лукашэнкі, Кітай з'яўляецца адной з апор планеты, нараўне, напрыклад, са Злучанымі Штатамі Амерыкі.
"Дзякуючы яму (Сі Цзіньпіну. - Заўвага) апошнім часам Кітай зрабіў такі рывок у сваім развіцці. Мне падабаецца, што ён не ўмешваецца ў нейкія там дробныя разборкі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ён працуе па-сур'ёзнаму, па вялікіх глабальных пытаннях. Мне гэта падабаецца, ёсць чаму павучыцца. Таму добры ў вас кіраўнік".
Прэзідэнт Беларусі назваў вызначальнымі свае адносіны са старшынёй КНР. Гэта заснавана на той ролі, якую адыгрываюць лідары Беларусі і Кітая. "Што там граху таіць, гэта людзі, якія па Канстытуцыі валодаюць вельмі высокай уладай. Уся паўната ўлады сканцэнтравана ў вас і ў нас у руках першых асоб, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Таму ад таго, якія ў нас (лідараў Беларусі і Кітая. - Заўвага) адносіны, якія мы прымаем рашэнні, у многім будзе залежаць развіццё краіны. Мне прыемна працаваць з такім чалавекам, які разумее нашу культуру. У той жа час я разумею і наш народ ужо ў большай ступені разумее культуру Кітайскай Народнай Рэспублікі".
Такая імперыя, як ЗША, не можа абысціся без Кітая. Лукашэнка растлумачыў на канкрэтным прыкладзе, чаму
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што апошнім часам амерыканцы ў перагаворах з беларускім бокам узнімаюць пытанне супрацоўніцтва Беларусі і Кітая. Прэзідэнт у гэтым выпадку адказвае, што Пекін ніколі не закрываў дзверы перад Мінскам, чаго нельга сказаць пра Вашынгтон.
"Таму мы з Кітаем супрацоўнічалі і будзем супрацоўнічаць. Мы ніколі не здрадзім нашым адносінам і нашай дружбе з кітайскім народам і з кітайскай дзяржавай, з маім сябрам Сі Цзіньпінам, - запэўніў Аляксандр Лукашэнка. - У гэты санкцыйны перыяд, калі калектыўны Захад абрушыў на нас людаедскія санкцыі, нам было б вельмі складана, калі б у нас не было Расіі і Кітая".
Паводле слоў беларускага лідара, у час перагавораў ён спрабаваў пераканаць амерыканцаў у тым, што Кітай "нельга паставіць на калені або нахіліць". У пацвярджэнне сваіх слоў ён нагадаў аб нядаўняй спробе Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа павысіць пошліны на кітайскія тавары. Праз некаторы час кіраўніку Белага дома давялося адступіць.
"Чаму? Таму што такая магутная імперыя, якой з'яўляюцца Злучаныя Штаты Амерыкі, не можа абысціся без Кітая. З Кітаем, як я кажу амерыканцам, трэба дамаўляцца. Кітай ператварыўся ў імперыю, без якой немагчыма вырашыць ні аднаго глабальнага пытання ў сучасным свеце", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт дадаў, што ўважліва назірае за развіццём Кітая апошнія 30 з нечым гадоў. Менавіта таму ёсць упэўненасць у тым, што Кітай "немагчыма моцна прыціснуць".
"Калі вы будзеце моцныя - і мы будзем моцныя, паколькі ў нас цесныя адносіны", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Вялікая і салідная сям'я ШАС. Што значыць для Беларусі членства ў гэтай арганізацыі
Журналіст пацікавілася ў Прэзідэнта, як ён ацэньвае членства Беларусі ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Размова зайшла і пра саміт ШАС, які пройдзе ў кітайскім Цяньцзіні. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што на пасяджэнні плануецца ўдзел больш як 20 кіраўнікоў дзяржаў.
"Гэта вельмі важна для нас - як вы сказалі, быць у гэтай сям'і, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта натхняе любы народ, у тым ліку і беларускі, што іх Прэзідэнт знаходзіцца ў гэтай вялікай сям'і".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, членамі ШАС з'яўляюцца дзяржавы, якія сёння ў многім вызначаюць развіццё планеты. Своеасаблівым ядром з'яўляюцца такія магутныя краіны, як Расія, Кітай і Індыя, вакол якіх сабраліся іншыя развітыя і перадавыя краіны. У дзяржаў - членаў ШАС дастаткова тэхналогій і рабочай сілы, дадаў Прэзідэнт.
"У нас ёсць моцная валюта, юань, на які сёння арыентуюцца вельмі многія краіны, і мы ў тым ліку. У нас ужо разлікаў у юанях больш, чым у доларах. Гэта звязана і з тымі санкцыямі, якія ўвялі бяздумна Злучаныя Штаты Амерыкі. Рупія, расійскі рубель у тым ліку - гэта моцныя валюты. Таму і ў фінансавых адносінах мы маем пэўную моц. Эканамічна, палітычна - без краін ШАС не можа быць вырашана ні адно з пытанняў", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
"Можа, ужо даўно трэба было стварыць сваю валюту". Пра эканамічны складнік ШАС
Журналіст пацікавілася ў Прэзідэнта, як ён ацэньвае членства Беларусі ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Кіраўнік дзяржавы адказаў, што ацэньвае гэта "вельмі добра".
"Па-мойму, 75% нашага тавараабароту - гэта Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва. 85%, па-мойму, мы экспартуем у краіны Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Амаль усё. Дык што ў гэтым дрэннага? Гэта здорава", - упэўнены беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка назваў краіны - члены ШАС адной сям'ёй, дзе абмяркоўваюцца праблемы і перспектывы. Пры гэтым насельніцтва Беларусі несупастаўна з насельніцтвам такіх дзяржаў - членаў ШАС, як Кітай або Індыя.
"Гэта вельмі ганарова (быць членам ШАС. - Заўвага), але і вельмі карысна для нашай эканомікі і прамысловасці. Асабліва для прамысловасці. Мы ў Кітаі атрымліваем усё тое, што мы куплялі раней на Захадзе: і рухавікі, і гідраўліка, і камплектуючыя для нашых аўтамабіляў", - прывёў адзін з напрамкаў супрацоўніцтва Прэзідэнт.
"На адным з пасяджэнняў я папракнуў нашых калег, што мы вельмі павольна дзейнічаем. Можа, ужо даўно трэба было стварыць сваю валюту для міжнародных разлікаў. Можа, гэта будзе юань, можа, нейкая іншая агульная валюта. Але мы, пакуль нас не ўдараць добра па галаве, не можам рухацца. Я ў гэтым рэчышчы выступіў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, хоць такая заява магла і не знайсці падтрымкі яго міжнародных калег, але ён быў пачуты. Разам з тым, адзначыў Кіраўнік дзяржавы, Шанхайская арганізацыя развіваецца грунтоўна і спакойна. "Можа, нам трэба навучыцца развівацца па-кітайску спакойна і ўпэўнена. Таму мы будзем у гэтых адносінах рухацца", - сказаў ён.
Пра вялікі кавалак жыцця, які заняў "Вялікі камень"
Адно з пытанняў датычылася Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень". Кіраўніка дзяржавы спыталі, якія меры плануецца прыняць для далейшага павышэння прывабнасці гэтага аб'екта і зацікаўленасці прадпрыемстваў з розных краін рэгістравацца там для работы.
"Вялікі кавалак майго жыцця і работы гэты "Вялікі камень", - адзначыў Прэзідэнт. Гаворачы пра гісторыю з'яўлення парка, ён нагадаў, што спачатку былі розныя варыянты, у тым ліку арганізаваць нейкія склады і вазіць туды кітайскую прадукцыю, потым адпраўляць яе ў Еўропу і наадварот. Аднак у Аляксандра Лукашэнкі было сваё ўяўленне аб тым, якім менавіта павінен стаць сумесны праект.
"І нягледзячы на тое, што я разумеў, што кітайцам нельга рабіць жорсткія такія прапановы і заўвагі, я Сі Цзіньпіну рызыкнуў сказаць: "Сі, патрэбны не проста складскія памяшканні. Я не супраць таго, каб тут былі тавары і перагружаць з чыгункі на аўтамабільны транспарт і наадварот, і накіроўваліся (тавары. - Заўвага) туды, да Ла-Манша, у Еўропу. Я не супраць, але там павінны працаваць прадпрыемствы высокіх тэхналогій", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, Старшыня КНР падтрымаў такі падыход і цяпер у "Вялікім камені" - прадпрыемствы з перадавымі тэхналогіямі, з інвестыцыямі ўжо пад $2 млрд. Дадатковы стымул развіццю парка надалі санкцыі, уведзеныя ў адносінах да Беларусі. Тады кітайскія кампаніі, напрыклад, сталі там вырабляць камплектуючыя для аўтамабілебудаўнічай сферы Беларусі (рухавікі, трансмісіі, каробкі перадач).
Яшчэ адной асаблівасцю парка стала тое, што там прадстаўлены не толькі беларускія і кітайскія кампаніі. І гэта таксама было адной з прапаноў, на якіх настаяў Прэзідэнт Беларусі. "Мне трэба было кітайцаў пераканаць, што "Вялікі камень" - гэта не толькі кітайскія тэхналогіі, гэта ўсе жадаючыя. Сёння 15 краін інвесціруюць і стварылі там прадпрыемствы. Кітайцы згадзіліся: так, мы адкрытыя. Немцы хочуць - калі ласка, амерыканцы хочуць - калі ласка, расіяне, беларусы - прыходзьце. Але пропуск адзін: вы туды прыходзіце - высокія тэхналогіі. У адваротным выпадку той ільготны рэжым, які там створаны, ён мог бы перацягнуць усе нашы прадпрыемствы туды (беларускія, расійскія...) і месца не хапіла б. Але пропуск адзін - высокія тэхналогіі. Інвесціруйце, стварайце, развівайце - вось вам ільготны рэжым", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў вялікую ролю кітайскага боку ў стварэнні парка і яго рабоце. "Кітайцы вельмі шмат зрабілі. Яны па лініі тэхнічнай дапамогі фінансавалі і фінансуюць будаўніцтва некаторых аб'ектаў, і асабліва жылля для тых людзей, якія там працуюць (Смалявічы развіваюць і гэтак далей)", - сказаў ён.
"Мы стварылі з Сі Цзіньпінам добрае месца для вашага руху па "Поясе і шляху" ў Еўропу і назад і супрацоўніцтва з Беларуссю, Расіяй, - рэзюмаваў Прэзідэнт. - Гэта добры шлях для развіцця Кітая, і нам вельмі карысна".
Пра жаданне ўбачыць самую перадавую зброю Кітая
У час інтэрв'ю размова зайшла аб маючым адбыцца візіце Кіраўніка дзяржавы ў Кітай і яго ўдзеле ў святочных мерапрыемствах, прысвечаных 80-годдзю перамогі над японскім мілітарызмам і заканчэнню Другой сусветнай вайны, якія пройдуць у Пекіне 3 верасня. Аляксандр Лукашэнка прысутнічаў ужо на аналагічных мерапрыемствах з нагоды 70-годдзя памятных дат, і яго спыталі, ці ёсць на гэты раз у яго асаблівыя чаканні.
"Я хачу праз 10 гадоў убачыць, чаго вы дасягнулі ў ваенных адносінах, абараназдольнасці Кітая, і параўнаць з тым, што было 10 гадоў таму, - сказаў беларускі лідар. - Тады было вельмі моцна. Вы паказалі самую перадавую зброю. Думаю, што нашы чаканні Сі Цзіньпін задаволіць і не падвядзе нас. Ён пакажа ўсё самае перадавое, што вы маеце сёння ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы".
Пра каштоўнасць жыцця і памяць аб мінулым
У працяг размовы была падкрэслена гістарычная агульнасць беларускага і кітайскага народаў, якія пацярпелі ў Другой сусветнай вайне. "Мы і вы страцілі вялікую колькасць людзей. Як у нас кажуць, на алтар Перамогі мы паклалі 30 млн чалавек, столькі ж загінула кітайскіх людзей у гэты страшны час. Час быў не менш страшны, чым для нас. Японскія мілітарысты забівалі ўсіх, каго маглі. Знішчалі проста народ", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што неабходна прыкладаць намаганні для захавання гістарычнай памяці, фарміравання ў новых пакаленняў правільнага разумення гісторыі Другой сусветнай вайны, каб нічога падобнага да гэтай вайны больш не адбылося. Хоць ён дапусціў, што для Беларусі гэта тэма больш актуальная, чым для Кітая.
"Нягледзячы на вялікае насельніцтва ў вас (у Кітаі. - Заўвага), я ведаю, як у вас цэняць жыццё чалавека, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Кітай такая краіна і народ такі, які не забывае сваё мінулае. І тое, што было ў гісторыі, яны ніколі не перакрэсліваюць і не спрабуюць растаптаць або выключыць з гэтай гісторыі. Таму, напэўна, не так важна для вас, як для нас, захаванне гістарычнай памяці".
"У нас тут уздзеянне розных сіл і іншае, гэты мілітарызм, які адраджаецца, еўрапейскі рэваншызм: узяць рэванш за паражэнне ў той вайне. Гэта ўсё ж такі ўплывае не толькі на культуру, але і на свядомасць нашых людзей, - прадоўжыў ён. - І тут нам трэба ў вас, шчыра кажучы, вучыцца, як захаваць гэту памяць і як берагчы тую памяць, як гэта робяць кітайцы. Мы ў Беларусі гэта навучыліся рабіць. У нас ні адзін помнік у запусценні не знаходзіцца, а іх тысячы. Мы памятаем усё, што было тут у нас. І калі мы памятаем, то гэта не паўторыцца. Гэта дакладна не паўторыцца. Забудзем - гэта прыйдзе зноў да нас".
Таму народы Беларусі і Кітая свята захоўваюць памяць аб Перамозе. "Гэта была сапраўды найвялікшая Перамога для развіцця ўсёй планеты. Калі б мы прайгралі, вы і мы, развіццё атрымала б зусім іншы напрамак", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Пра ключ да доўгатэрміновага міру ў Еўропе
Адной з тэм інтэрв'ю стала сітуацыя ва Украіне і магчымасць вырашэння канфлікту. Было адзначана, што ўкраінскі крызіс таксама прымусіў задумацца аб тым, як стварыць больш збалансаваную, эфектыўную і ўстойлівую архітэктуру еўрапейскай бяспекі. Прэзідэнта спыталі, што, на яго думку, з'яўляецца ключом да доўгатэрміновага міру і стабільнасці ў Еўропе.
"Бяспека павінна быць непадзельнай, яна павінна быць для нас, еўрапейцаў, агульнай. І сваю ролю ў гэтай сістэме бяспекі павінны адыгрываць усе - ад Беларусі і Расіі да Англіі, Германіі і гэтак далей. Можа, з удзелам вядучай краіны - Злучаных Штатаў Амерыкі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым ён нагадаў пра існаванне АБСЕ - Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, куды, акрамя еўрапейскіх дзяржаў, уваходзяць таксама ЗША і Канада. "Самы востры момант (цяпер для еўрапейскай бяспекі. - Заўвага), а яе не чуваць, гэтай арганізацыі, і не відаць. А трэба было б сабрацца і сур'ёзна кіраўнікам дзяржаў абмеркаваць тое, што тут адбываецца", - слушна заўважыў Прэзідэнт.
"Таму патрэбна не проста дыпламатычная арганізацыя, а ваенна-палітычная арганізацыя, - упэўнены Кіраўнік дзяржавы. - І, самае галоўнае, пры гэтым патрэбны гарантыі бяспекі. Трэба дамовіцца: вось гарантыі бяспекі, і калі яны парушаюцца, адказ будзе вось такі".
Зрэшты, як заўважыў Прэзідэнт, быў у гісторыі горкі вопыт, калі такія гарантыі існавалі на паперы, а на справе не спрацавалі. "Калі мы ў Будапешце заключалі дагавор аб вывадзе ядзернай зброі з тэрыторыі Украіны і Беларусі, Казахстана і сканцэнтравалі сваю зброю ў адной краіне (цяпер - Расійскай Федэрацыі), тады нам давалі гарантыі моцныя краіны: і Амерыка, і Вялікабрытанія, і Расія, і гэтак далей. Ну і што? Усё гэта было забыта. Таму трэба дамаўляцца цяпер. А ўсё, што будзе потым, будзе залежаць ад нас, ад нашай палітыкі, ад усіх на еўрапейкім кантыненце, і не толькі на еўрапейскім",- заявіў беларускі лідар.
Пра сустрэчу на Алясцы, пра ролі Трампа, Пуціна і еўрапейскіх ястрабаў
Журналіст, гаворачы пра крызіс ва Украіне ў час інтэрв'ю, звярнула ўвагу, што 15 жніўня прэзідэнты Дональд Трамп і Уладзімір Пуцін правялі сустрэчу на Алясцы, а Аляксандр Лукашэнка 15 і 17 жніўня правёў тэлефонныя размовы і з тым, і з другім. Кіраўніка беларускай дзяржавы спыталі, ці змянілася пасля гэтага яго ацэнка сітуацыі ва Украіне.
"Мы, як ніколі раней, блізкія да таго, каб спыніць гэты канфлікт і дамовіцца аб міры паміж Расіяй і Украінай", - заявіў беларускі лідар.
Ён падкрэсліў, што абсалютна не згодны з тымі высновамі і заключэннямі, якія гучалі з вуснаў некаторых журналістаў і розных "спецыялістаў" па выніках перагавораў на Алясцы. Нібыта там Пуцін больш атрымаў, Трамп менш атрымаў. Або, як некаторыя гавораць груба, што Пуцін - Трампа тварам аб стол і Трамп прайграў... "Калі ты не разумееш у элементарнай дыпламатыі, то не трэба даваць ацэнкі. Гэта розныя людзі, розныя пазіцыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён растлумачыў, што Уладзімір Пуцін прадстаўляў адзін з канфліктуючых бакоў, а Дональд Трамп у гэтай сітуацыі выступаў у якасці пасрэдніка паміж канфліктуючымі бакамі, каб даведацца пра пазіцыю Расіі. "Што ад гэтага мог атрымаць Трамп? Яго за гэта крытыкуюць усюды - за тое, што ён стаў пасрэднікам. Яму за гэта трэба падзякаваць, - упэўнены Прэзідэнт. - Ён высветліў пазіцыю Расіі ў гэтым канфлікце. Ён зразумеў, чаго хоча Расія. Але нават гэта ён не стаў гаварыць, таму што ён не адзін з бакоў гэтага канфлікту. Тое, што было абмеркавана, - гэта канкрэтыка, па якой будуць размаўляць прэзідэнты Пуцін і Зяленскі, канфліктуючыя бакі".
"Трамп пасрэднік. Ён пачуў адзін з бакоў канфлікту, задаў шмат пытанняў Пуціну, на якія атрымаў адказы, і зразумеў пазіцыю Расіі. Як ні гавары, усё ж пазіцыя Расіі для будучага міру тут важнейшая, чым украінская", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы і растлумачыў свой пункт гледжання тым, што Расія дамінуе на фронце, рухаючыся наперад па ўсёй яго лініі.
"Для Украіны - вельмі небяспечна. Украіне трэба сёння спыніцца, трэба заключыць мірнае пагадненне, каб не страціць Украіну наогул", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На яго думку, Дональд Трамп заслугоўвае ўдзячнасці за тое, што ўвогуле ўзяўся за ролю пасрэдніка і імкнецца завяршыць канфлікт. Хоць, магчыма, ён ужо і сам не рады, што ўвязаўся ў гэту справу, думаючы, што ўсталяваць мір значна лягчэй. "Я амерыканцаў слова ў слова папярэджваў, калі яны былі ў мяне задоўга да гэтых перагавораў: вы перадайце Трампу, што яму цяпер адступаць нельга. Ён узяўся за гэту праблему і павінен яе вырашыць, і ён можа яе вырашыць, і стараецца", - заўважыў Прэзідэнт.
Пасля перагавораў з Уладзімірам Пуціным Дональд Трамп правёў у Вашынгтоне сустрэчу з лідарамі краін ЕС і Уладзімірам Зяленскім, выклаўшы ім сутнасць таго, што адбываецца. "І еўрапейцы рвуцца ў гэтыя перагаворы: "Без нас не можа нічога адбыцца", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт нагадаў, як у лютым 2015 года па ініцыятыве значных еўрапейскіх краін у Мінск прыехалі лідары Германіі і Францыі, прайшлі перагаворы "нармандскай чацвёркі" па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне.
"Хто перашкаджаў усталяваць трывалы мір? - рытарычна запытаў Кіраўнік дзяржавы. - Дык яны потым прызналіся: яны сюды прыехалі не мір усталёўваць, а для таго, каб даць магчымасць пераўзброіцца Украіне. Дык чаго сёння вы крыўдуеце, што Трамп вас не запрашае? Навошта вы патрэбны? Вы ж ужо адзін раз паспрабавалі. Амерыка тады не ўмешвалася, хоць я гаварыў: без Амерыкі міру не будзе, трэба падключыць Амерыку. Яны не падключалі. Яны самі вырашылі ўсталяваць мір. Правалілі. Свядома гэта зрабілі. Падманулі Расію. Таму Трамп цалкам мае рацыю, калі Амерыка ўзялася за гэта адна і спрабуе рушыць наперад справу па мірным пагадненні. Думаю, што гэта шчыра".
Хоць Аляксандр Лукашэнка не выключыў, што для ЗША ў цэлым выгадна, калі еўрапейцы выступаюць на публіцы ў ролі "ястрабаў". Гэта дае Трампу магчымасць паказваць Уладзіміру Пуціну і іншым, на якія цяжкасці яму даводзіцца ісці: ён змагаецца не толькі за мір і збліжэнне пазіцый Украіны і Расіі, але і пераадольвае супраціўленне еўрапейцаў.
Кіраўнік дзяржавы пераканы, што многае будзе залежаць ад таго, наколькі Украіна зразумее рэальны стан спраў: "Усё ж трэба зыходзіць з рэальнага, каб не страціць большага, каб не страціць усю Украіну".
Цяпер, паводле яго слоў, робяцца пэўныя крокі для дасягнення міру, і, зразумела, хацелася б гэты працэс паскорыць. Але так атрымліваецца далёка не заўсёды. "Тут патрэбны час. Спакойна, для таго каб разабрацца і хаця б спыніць стральбу адзін у аднаго, перастаць наносіць удары па паветры. Вось спыняцца ваенныя на лініі сутыкнення, на фронце, перастануць страляць адзін у аднаго, не будуць гінуць людзі, як гэта цяпер адбываецца, тады можна гаварыць і пра мір, і пра пасляваеннае ўладкаванне, і пра рэдказямельныя металы - пра што хочаце можна гаварыць, на гэта будзе час. Але лепш, вядома, мір заключыць, калі атрымаецца", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Пра тое, як беларусы зрабілі па-кітайску
Адказваючы на пытанне аб тым, якім ён бачыць будучыню Беларусі, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што наша краіна гістарычна і геаграфічна знаходзіцца паміж Усходам і Захадам і таму яе заўсёды падштурхоўваюць да выбару таго ці іншага боку. Асабліва востра гэта адчувалася ў перыяд пасля распаду Савецкага Саюза.
"У тыя часы, пасля распаду Савецкага Саюза, я часта кажу аб гэтым, Беларусь была самай савецкай рэспублікай. Яна была самай адданай рэспублікай у складзе Савецкага Саюза, - заўважыў Прэзідэнт. - Наш народ - інтэрнацыянальны, ён прывык жыць у дружбе, згодзе".
У пачатку 1990-х эканоміка Беларусі апынулася ў складаным становішчы з прычыны таго, што былі разбураны кааперацыйныя сувязі. Раней жа сюды прыходзілі камплектуючыя, рэсурсы з Расіі, Казахстана, Украіны, краін Балтыі. А ў Беларусі стваралі канечны прадукт для продажу ўнутры Савецкага Саюза і за яго межамі. "Дарэчы, гэтым тлумачыцца высокі ўзровень інтэлектуальнага, адукацыйнага развіцця нашага народа. Таму што мы стваралі канечны прадукт: трактары, аўтамабілі, сельскагаспадарчая вытворчасць, хімія, нафтахімія і гэтак далей. Усё было прызначана для стварэння канечнага прадукту", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што выраблены ў Беларусі тавар быў самай высокай якасці, таму што інакш яго проста не куплялі б за мяжой.
Разрыў усіх наладжаных ланцужкоў быў вельмі балючым як для эканомікі, так і для краіны ў цэлым. І ў той час востра паўстала пытанне выбару - у які бок рухацца далей, па якім шляху развіваць краіну. "Нацыяналісты нашы крычалі (якія прывялі Украіну да вайны, дарэчы): ды нам не трэба Кітай, нам не трэба Расія, нам трэба свой шлях, а калі што, то з палякамі або з амерыканцамі, - нагадаў аб тых падзеях Прэзідэнт. - Калі б мы тады зрабілі не па-кітайску, а рванулі на Захад, мы сёння краіны не мелі б, яна проста развалілася б. У нас не было б эканомікі. І ў нас, як у некаторых постсавецкіх рэспубліках, перманентна былі б гэтыя каляровыя рэвалюцыі. Гэта быў бы падарунак Захаду".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі ў сітуацыі складанага выбару зрабілі, вобразна кажучы, па-кітайску, гэта значыць спакойна, удумліва, без рэзкіх рэвалюцыйных рашэнняў. "Супакоіўшыся, зразумелі: тое, што ёсць, кідаць не трэба. Трэба гэта развіваць, удасканальваць, мадэрнізаваць. І не трэба страчваць нашых сяброў, якія нам сыравіну, рэсурсы пастаўлялі, і не трэба страчваць нашы рынкі, дзе мы прадавалі гэту прадукцыю", - заявіў Прэзідэнт. На яго думку, менавіта такім чынам Беларусі трэба развівацца і ў далейшым: ціха, спакойна, без усялякіх рыўкоў, эвалюцыйна.
Пра своеасаблівы камплімент ад Трампа ў адрас Лукашэнкі
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, няпростую сітуацыю, у якой па геаграфічных і гістарычных прычынах знаходзіцца Беларусь, адзначыў нават Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у нядаўняй тэлефоннай размове.
"У свеце няма такой краіны, як мы, якая знаходзілася б у такім складаным становішчы. Калі мы размаўлялі з Дональдам (па тэлефоне 15 жніўня. - Заўвага), 35 хвілін мы недзе абмяркоўвалі некаторыя праблемы... Ён, напэўна, не быў настроены на такую размову. Але мы загаварыліся і ён мне кінуў такую фразу: я табе жадаю, кажа, поспехаў, твая краіна знаходзіцца ў такім складаным месцы і ў такі складаны перыяд, што справіцца з гэтым можа толькі моцны лідар", - расказаў падрабязнасці праведзенай размовы Аляксандр Лукашэнка.
"Напэўна, калі ён вывучаў сітуацыю, азнаёміўся з Беларуссю, убачыў, што ў нас няпроста і на ўсходзе, і на захадзе. І на поўдні вайна, і на поўначы хапае ў нас гэтых балтыйскіх суседзяў, адурэлых. Ён згадзіўся з гэтым і сказаў аб тым, што ў вельмі складанай сітуацыі знаходзіцца Беларусь", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Пра выпадковага прэзідэнта і асаблівы абавязак перад народам
"Я часта гавару аб гэтым, хоць мае калегі і тыя, хто побач працуе, мне кажуць: не гаварыце гэта. Я выпадковы прэзідэнт. Гэта сапраўды (так. - Заўвага). Я пачынаю ўспамінаць, што было, усё гэта ацэньваць і думаю: ну як народ рызыкнуў мяне, наогул нявопытнага чалавека, у той час выбраць прэзідэнтам? Я гэта, вядома, цаню, і для мяне гэта галоўны стымул у рабоце. Я не павінен падвесці тых, хто са мной побач сёння, і мой народ, я не павінен яго падвесці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Такое пачуццё адказнасці, на яго думку, павінна быць у кожнага прэзідэнта. "Але ў мяне яно павінна быць асабліва. Таму што народ рызыкнуў, выбраў мяне. Я абавязаны гэтаму народу, вельмі абавязаны. Напэўна, я яшчэ ўсё і не аддаў, чым яму абавязаны. Буду, пакуль я жывы, гэта рабіць, - падкрэсліў ён. - Ну і трэба любіць сваіх людзей, свой народ. Іх нельга падвесці. Калі ў цябе будзе гэта адказнасць, адказнасць кіраўніка, тады табе і Гасподзь дапаможа".


