Сустрэча з беларускімі журналістамі пасля інтэрв'ю Медыякарпарацыі Кітая

  • 11
  • 55:23

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 жніўня пасля інтэрв'ю Медыякарпарацыі Кітая (China Media Group) адказаў і на пытанні прадстаўнікоў беларускіх СМІ. Журналісты скарысталіся выпадкам, каб задаць шэраг пытанняў аб гучных падзеях у міжнародным парадку дня.

Кіраўніка дзяржавы папрасілі даць ацэнку вынікам расійска-амерыканскіх перагавораў на Алясцы і спыталі, ці згодны ён з тым, што Трамп нібыта прайграў.

"Я абсалютна не згодны з тымі высновамі і заключэннямі, якія гучаць з вуснаў журналістаў і разнастайных "спецыялістаў" на гэту тэму, што там Пуцін больш атрымаў, Трамп менш атрымаў, што, як некаторыя кажуць груба, вось, Пуцін Трампа там тварам аб стол і Трамп прайграў... Калі ты не разумееш у элементарнай дыпламатыі, то не трэба даваць ацэнкі. Гэта розныя людзі, розныя пазіцыі", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

"Што там прайграў Трамп Пуціну? У іх розныя былі ролі", - адзначыў Прэзідэнт. Ён растлумачыў, што Уладзімір Пуцін прадстаўляў адзін з канфліктуючых бакоў, а Дональд Трамп у гэтай сітуацыі выступаў у якасці пасрэдніка паміж канфліктуючымі бакамі, каб даведацца пра пазіцыю Расіі. "Амерыка там калі і пастаўляе зброю, то яна не вядзе вайну супраць Расіі. Амерыка не з'яўляецца бокам у гэтай вайне. А Дональд Трамп і Амерыка з'яўляюцца пасрэднікамі. І каб глыбей зразумець сітуацыю ў гэтым канфлікце, каб больш сур'ёзна ацаніць сітуацыю з боку Расіі і зразумець Расію ў гэтай вайне, Трамп як пасрэднік (яму трэба падзякаваць за гэта) запрасіў Пуціна на Аляску", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, абмяркоўвалася шмат месцаў, дзе магла б прайсці сустрэча лідараў Расіі і ЗША. "Тое, што ён запрасіў яго на Аляску - крыху экзатычна, але прыгожа. Мне Пуцін да гэтага тэлефанаваў, кажа: тут абмяркоўваецца Рым, Жэнева, Турцыя, Эміраты і гэтак далей. Я гавару: ну, у Рым ехаць неяк нам, праваслаўным… Так, кажа, я так і разумею. Адхілілі ўсе гэтыя месцы, кажа, пачакаем, што амерыканцы прапануюць", - расказаў падрабязнасці беларускі лідар.

"Чаго папракаць Трампа, што ён не прывёз канкрэтных вынікаў?" - рытарычна спытаў Аляксандр Лукашэнка. Аб канкрэтыцы мог гаварыць Уладзімір Пуцін, але не палічыў неабходным гэта рабіць, выступіў на агульныя тэмы, дыпламатычна, што ў прынцыпе адпавядае яго характару.

У гэтым сэнсе Прэзідэнта Беларусі здзівілі заявы Дональда Трампа. Ад яго можна было чакаць, што, як звычайна, ён раскажа падрабязнасці, пройдзецца па ўсіх пунктах, але ён таксама быў стрыманы і лаканічны. "Чатыры хвіліны (доўжылася яго выступленне па выніках перагавораў. - Заўвага), - ахарактарызаваў Аляксандр Лукашэнка. - Ён выдатна выканаў сваю ролю. Гэта не таму, што я перастаў яго крытыкаваць пасля гэтай размовы (тэлефоннай размовы Трампа і Лукашэнкі. - Заўвага). Не. Але ён класна выканаў сваю ролю насуперак усім чаканням. Я таксама чакаў, што ён там разыдзецца і пачне нейкую ляпіць канкрэтыку. Ён выдатна тут сябе паводзіў".

"Ён пасрэднік. Ён высветліў пазіцыю Расіі ў гэтым канфлікце. Ён зразумеў, чаго хоча Расія. Але нават гэта ён не стаў гаварыць, таму што ён - не бок гэтага канфлікту. Тое, што было абмеркавана, - гэта канкрэтыка, па якой будуць размаўляць прэзідэнты Пуцін і Зяленскі, бакі, якія канфліктуюць", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Праўда, пасля была арганізавана ўцечка ў амерыканскія СМІ, што нібыта абмяркоўваўся абмен тэрыторыямі паміж Расіяй і Украінай. Як расказаў Аляксандр Лукашэнка, гэты ўкід закранаўся ў адной з яго размоў з Прэзідэнтам Расіі: "Я гавару: ды не хвалюйся, укінулі і ўкінулі. Усё роўна калі-небудзь гэта будзе абмяркоўвацца".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, чаму сустрэча лідараў Расіі і ЗША мела прынцыпова важнае значэнне: "Гэта дзве краіны, ад якіх залежыць сёння жыццё на нашай планеце. Не дай бог усе гэтыя ядзерныя боегалоўкі, што ёсць у іх, у нас, узарваць - з арбіты сыдзе планета. Гэта цалкам нармальная сустрэча, папракнуць ні аднаго, ні другога (няма ў чым. - Заўвага), зыходзячы з той ролі, якую выконвалі два прэзідэнты".

Аляксандр Лукашэнка лічыць вельмі значным вынікам перагавораў на Алясцы, што для Трампа стала больш яснай пазіцыя Расіі па ўрэгуляванні канфлікту і ў цэлым цяперашняя абстаноўка на фронце.

"Як ні гавары, усё ж такі пазіцыя Расіі для будучага міру больш важна, чым украінская. Чаму? Таму што Расія дамінуе сёння на фронце, вельмі моцна дамінуе. І на галоўным напрамку, Данецкім, у раёне Пакроўска, склалася вельмі небяспечная сітуацыя для ўкраінцаў", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, украінцы адтуль, з асноўнага напрамку, бралі найбольш дзеяздольныя войскі і перакідвалі на поўнач, у раён Сум і Харкава, дзе расіяне ўклініліся на тэрыторыю Украіны і іх трэба было стрымліваць. Тым самым быў аслаблены асноўны напрамак - на Данбасе, у Данецкай вобласці. "І адбылося тое, што адбылося: расіяне наступаюць па ўсёй лініі фронту. Так, спакойна (наступаюць у спакойным рытме. - Заўвага). Мы з Пуціным гэта абмяркоўвалі. Ён кажа: калі мы пойдзем хутчэй (мы можам), мы страцім больш людзей. Яны берагуць людзей, берагуць ваенных. Але ўсюды пакрыху рухаюцца - паўкіламетры, кіламетр, кожны дзень вызваляючы новыя вёскі", - абмаляваў сітуацыю, якая склалася, Прэзідэнт.

Ён лічыць цяперашні стан спраў вельмі небяспечным для Украіны. "Украіне трэба сёння спыніцца, трэба заключыць мірнае пагадненне, каб не страціць Украіну ўвогуле", - заявіў беларускі лідар.

На яго думку, Дональд Трамп заслугоўвае ўдзячнасці за тое, што наогул узяўся за ролю пасрэдніка і імкнецца завяршыць канфлікт. Хоць, магчыма, ён ужо і сам не рады, што ўвязаўся ў гэту справу, думаючы, што ўсталяваць мір значна лягчэй. "Я амерыканцаў слова ў слова папярэджваў, калі яны былі ў мяне задоўга да гэтых перагавораў: вы перадайце Трампу, што яму цяпер адступаць нельга. Ён узяўся за гэту праблему і павінен яе вырашыць, і ён можа яе вырашыць, і стараецца", - заўважыў Прэзідэнт.

Пасля перагавораў з Уладзімірам Пуціным Дональд Трамп правёў у Вашынгтоне сустрэчу з лідарамі краін ЕС і Уладзімірам Зяленскім, выклаўшы ім сутнасць таго, што адбываецца. "І еўрапейцы рвуцца ў гэтыя перагаворы: "Без нас не можа нічога адбыцца", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт нагадаў, як у лютым 2015 года па ініцыятыве буйных еўрапейскіх краін у Мінск прыехалі лідары Германіі і Францыі, прайшлі перагаворы "нармандскай чацвёркі" па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне. "Хто перашкаджаў усталяваць трывалы мір? - рытарычна спытаў Кіраўнік дзяржавы. - Дык яны потым прызналіся: яны сюды прыехалі не мір усталёўваць, а для таго каб даць магчымасць пераўзброіцца Украіне. Дык чаго сёння вы крыўдзіцеся, што Трамп вас не запрашае? Навошта вы патрэбны? Вы ж ужо адзін раз паспрабавалі. Амерыка тады не ўмешвалася, хоць я гаварыў: без Амерыкі міру не будзе, трэба падключыць Амерыку. Яны не падключалі. Яны самі вырашылі ўсталяваць мір. Правалілі. Свядома гэта зрабілі. Падманулі Расію. Таму Трамп цалкам мае рацыю, калі Амерыка ўзялася за гэта і спрабуе пасадзейнічаць мірнаму пагадненню. Думаю, што гэта шчыра".

Хоць Аляксандр Лукашэнка не выключыў, што для ЗША ў цэлым выгадна, калі еўрапейцы выступаюць на публіцы ў ролі "ястрабаў". Гэта дае яму магчымасць паказваць Уладзіміру Пуціну і іншым, на якія цяжкасці яму даводзіцца ісці: ён змагаецца не толькі за мір і збліжэнне пазіцый Украіны і Расіі, але і пераадольвае супраціўленне еўрапейцаў.

У бліжэйшы час многае будзе залежаць ад далейшых крокаў з боку Украіны і яе разумення рэальнага стану спраў. Вядома, хацелася б, каб мір настаў як мага хутчэй, але ў дадзеным выпадку патрэбны час. На першапачатковым этапе хаця б дабіцца спынення агню на зямлі і ў паветры, рэзюмаваў беларускі лідар.

Прэзідэнт заявіў, што перагаворы паміж Расіяй і Украінай "фактычна на стале", як кажуць у дыпламатаў. "Але вы бачыце заявы. Пуцін: так, мы згодны, мы заявілі даўно аб тым, чаго мы хочам. У Валодзі Зяленскага сёння адно, заўтра - другое, трэцяе і гэтак далей, як некалі (гэта было. - Заўвага) у Дональда, ён заявы робіць супярэчлівыя. Гэта ж бачаць расіяне і думаюць, гатовы Прэзідэнт Зяленскі да перагавораў ці не. Яны лічаць, што не гатовы", - заўважыў ён.

Аднак не трэба канцэнтравацца толькі на публічных заявах украінскага боку, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Іх можна назваць "дымавой заслонай", за якой хаваецца сапраўдная, кулуарная, закрытая, частка. У прыватнасці, ёсць звесткі, што Зяленскі гатовы на абмен тэрыторыямі. І ЗША таксама прытрымліваюцца меркавання, што Украіне трэба ісці на гэты крок, інакш яна можа знікнуць. А без амерыканскіх грошай і зброі прадаўжаць процістаянне немагчыма.

Але калі перагаворы Уладзіміра Пуціна і Уладзіміра Зяленскага ўсё ж адбудуцца, ці ёсць у беларускага боку жаданне арганізаваць іх у Мінску, пацікавіліся журналісты ў Прэзідэнта. Ён сказаў, што не балее "хацелкамі" арганізаваць такія перагаворы ў Мінску, хоць гэта было б ідэальным месцам для іх. Але калі расійскі і ўкраінскі бакі дамовяцца і вырашаць сюды прыехаць - у Беларусі хоць заўтра ўсё арганізуюць на належным узроўні. "Калі яны хочуць, дамовяцца... Гэта ідэальнае месца для Украіны, Расіі. Дональду ўсё роўна куды лятаць - у Еўропу ці на Аляску, усё роўна восем ці дзевяць гадзін", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Аднак Уладзімір Зяленскі раней называў правядзенне перагавораў у Мінску нібыта непрымальным, таму што ў свой час, па выніках сустрэчы "нармандскай чацвёркі" ў 2015 годзе, не ўдалося ўстанавіць трывалы мір. "У іх фобія нейкая ў адносінах да Мінска, у Валодзі Зяленскага", - адзначыў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што еўрапейскія палітыкі пазней самі прызналіся, што прыязджалі ў Мінску не мір устанаўліваць, а для таго, каб даць магчымасць пераўзброіцца Украіне. Таму цяпер няма чаго наракаць на беларускі бок.

"Я не маю гэтай хваробы - "паказаць сябе" ці "гэта для іміджу вельмі важна". Так, важна. Але, напэўна, мы перажывём, абыдземся. Я сапраўды не балею гэтымі хацелкамі: прыязджайце ў Мінск і іншае. Вырашыце прыехаць - мы хоць заўтра арганізуем, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Я аднойчы сказаў: хоць на Месяц, хоць на Марс - куды хочаце, але толькі каб сабраліся і прынялі рашэнне".

У час размовы з журналістамі Аляксандр Лукашэнка раскрыў новыя дэталі сваёй тэлефоннай размовы з Прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам (ён адбыўся 15 жніўня па ініцыятыве амерыканскага боку).

З паведамленняў у СМІ было вядома, што лідары абмяркоўвалі не толькі двухбаковыя адносіны Беларусі і ЗША, але і ўрэгуляванне сітуацыі ва Украіне, размова ішла пра абстаноўку на Блізкім Усходзе і пра ўзаемадзеянне з Расіяй.

Напрыклад, Кіраўнік дзяржавы расказаў, што праз даволі кароткі час сувязь перарвалася. І Дональд Трамп ператэлефанаваў зноў. "Я кажу: "Дональд, нейкія ворагі ўмяшаліся ў нашу размову", - з такога жарту, паводле слоў Прэзідэнта, аднавіўся дыялог двух лідараў. "Ён кажа: гэта, напэўна, Уладзімір (Пуцін. - Заўвага)". Я кажу: "Больш няма каму, але, Дональд, ён не такі чалавек, не будзе ўмешвацца ў нашу размову". Ён: "Вядома, гэта жарт". Я кажу: ды не апраўдвайся, я яму перадам, што ты яго ворагам лічыш". З гэтага жарту пачалася размова".

Размова ішла ў тым ліку аб перагаворах на Алясцы, якія павінны былі адбыцца ў хуткім часе, а таксама аб візітах прадстаўнікоў ЗША ў Мінск і іх перагаворах з Аляксандрам Лукашэнкам, у сувязі з чым між іншым закраналася магчымасць вызвалення некаторых зняволеных. І, вядома, гэта не была асабістая ініцыятыва самога Трампа, а хутчэй за ўсё людзі з яго асяроддзя пры падрыхтоўцы да размовы пра Беларусь далі даведачныя дакументы і рэкамендавалі падзякаваць Аляксандру Лукашэнку за вызваленне зняволеных, згадаўшы пра яшчэ 1,3 тыс. чалавек, якіх, на іх думку, таксама трэба вызваліць.

Прэзідэнт Беларусі праінфармаваў амерыканскага лідара, што ў краіне ёсць спецыяльная камісія, упаўнаважаная разглядаць адпаведныя запыты ад асуджаных, але канкрэтныя рашэнні застаюцца асабіста за кіраўніком дзяржавы. Такая работа вядзецца на пастаяннай аснове.

Важны фактар пры прыняцці такіх рашэнняў - як гэта будзе ўспрынята людзьмі. "Я асабліва не перажываю за рэйтынг, але мне неабыякава, што скажа маё грамадства аб маіх дзеяннях. Вось вызвалілі 16 чалавек - не ўсе адназначна гэта ўспрынялі, хоць усёй паўнатой інфармацыі не валодаюць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён удакладніў, што першапачаткова прапанова зыходзіла ад ЗША, ніхто ў Беларусі не прапаноўваў вызваленне зняволеных на якіх-небудзь умовах. Гэта быў варыянт амерыканскай здзелкі: ты мне гэта, я табе тое. І Прэзідэнт прыняў іх прапанову, былі памілаваны 16 чалавек, адзін з якіх цяпер "наводзіць шухер" у асяроддзі збеглых, знаходзячыся ў Літве. Аднак нават тут амерыканцы знайшлі да чаго прычапіцца: маўляў, у гэтых людзей і так у хуткім часе павінны былі закончыцца тэрміны зняволення і яны выйшлі б на волю. "Амерыканцы кажуць: падмануў. Я кажу: вы ж бачылі спісы, вы радаваліся, хацелі, каб гэтага хлопца я адпусціў. Я яго адпусціў, сям'ю ўз'ядналі. Чаго вы на мяне крыўдуеце? Маўчаць. Хацелі? Атрымайце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Хочаце паўтары ці дзве тысячы (як яны там лічаць)? Забірайце да сябе, вязіце іх туды. Разлічваць на тое, што мы бандытаў выпусцім, якія палілі, узрывалі, і яны гэта прызнаюць, (не варта. - Заўвага). Мы іх выпусцім, а яны зноў супраць нас будуць вайну весці? Тут мяне грамадства не падтрымае", - дадаў Прэзідэнт.

Вяртаючыся да іншых тэм тэлефоннай размовы з амерыканскім калегам, Прэзідэнт Беларусі расказаў, што павіншаваў амерыканскага калегу з паспяховым урэгуляваннем сітуацыі паміж Арменіяй і Азербайджанам: "Усё ж такі гэта плюс вялікі. Кажу: малайчына, што знайшоў магчымасці, пасадзіў за стол перагавораў, вы з армянамі і азербайджанцамі падпісалі такі дагавор (адносна Зангезурскага калідора. - Заўвага). Гэта вялікая справа, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Процістаяць гэтаму ніхто не зможа. Гэта мірнае пагадненне". 

Адной з прыярытэтных тэм, зразумела, было ўрэгуляванне канфлікту ва Украіне, і Кіраўнік дзяржавы падрабязна выклаў Прэзідэнту ЗША, якім ён бачыць магчымы мірны план.

У першую чаргу, паводле яго слоў, размова можа ісці аб усталяванні паветранага перамір'я і спыненні агню на лініі сутыкнення. "Гэта значыць, ракеты, беспілотнікі не будуць лятаць у адзін бок і другі. Гэта вельмі важна. І для Расіі ў тым ліку. Вы ж бачыце, што прыемнага, калі б'юць па аэрадромах, узрываюць нафтабазы ўнутры Расіі, і па жылых кварталах, і па заводах. Нічога добрага для Расіі няма. Пуцін жа гэта разумее не горш за мяне. Гэта значыць, для Расіі гэта не трэба. Для Украіны тым больш. Пасля таго, як яны "Арэшнікам" нанеслі ўдар па буйным заводзе, дзе пад зямлёй 8-10 паверхаў і дзе яны (украінцы. - Заўвага) маглі нешта вырабляць, украінцы зразумелі: бяда. Могуць жа бабахнуць і па Банкавай (вуліцы ў цэнтры Кіева, дзе размешчаны многія адміністрацыйныя будынкі. - Заўвага)", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Ён падкрэсліў, што ў расійскага боку была магчымасць пайсці на істотную эскалацыю канфлікту, прымяніўшы сваю новую зброю - комплекс "Арэшнік" - па больш важных для кіеўскага рэжыму аб'ектах, але гэтага не было зроблена, таму што Расія ў цэлым настроена на мірнае ўрэгуляванне, а Уладзімір Пуцін, якога на Захадзе называюць агрэсарам, у самым пачатку канфлікту, калі расійскія войскі былі пад Кіевам, адмовіўся наносіць удары па грамадзянскіх аб'ектах і адвёў войскі.

"Інсайдарская вам інфармацыя. Такія ў некага задумы былі ў Расіі (не буду называць). Пуцін сказаў: "Ні ў якім разе". Яны былі гатовы нанесці... Калі б ахнулі "Арэшнікам" па цэнтрах, як яны кажуць, прыняцця рашэння, там нічога не засталося б", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што для дасягнення міру неабходна прайсці некалькі этапаў. Але самае галоўнае цяпер - спыніць баявыя дзеянні і гібель людзей. Гэта значыць, на першым этапе трэба перастаць страляць, на другім - забяспечыць перамір'е (без папаўнення войскаў, пераўзбраення, боепрыпасаў і гэтак далей). А далей - заключэнне міру. 

Менавіта ў такім ключы сваё бачанне сітуацыі Аляксандр Лукашэнка прадставіў Прэзідэнту ЗША. Праўда, той палічыў магчымым аб'яднаць першыя этапы і адразу перайсці да заключэння мірнага дагавора. Наконт гэтага кіраўнік беларускай дзяржавы перакананы, што ў першую чаргу трэба ўсё ж дабіцца спынення агню. А пасля можна садзіцца за стол перагавораў і дамаўляцца хоць гадамі, як гэта было, напрыклад, у выпадку з Японіяй і Савецкім Саюзам, а цяпер з Расіяй.

Гаворачы аб сваіх уражаннях ад асабістай размовы з Дональдам Трампам, Кіраўнік дзяржавы заўважыў: "Трамп не такі, якім мы яго бачым (у масмедыя. - Заўвага)", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. У публічным полі з'яўляюцца нейкія фрагменты яго выступленняў плюс накладваюць свой адбітак асаблівасці перакладу і складваецца ўражанне, што ён імпульсіўны, запальчывы, непаслядоўны. "Не. Гэта чалавек, які разумее. Яму б больш такіх надзейных людзей (у камандзе. - Заўвага), я думаю, карысць ад гэтага будзе. Тым больш што ён настроены на мір", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
 
У працяг размовы Прэзідэнт Беларусі згадаў нядаўнія заявы Трампа аб тым, што свет цяпер далёкі ад ядзернай вайны або трэцяй сусветнай вайны. "Гэта не проста заявы. Захад у цэлым ужо ў гэтым напрамку рухаецца. Гэта вялікая справа. За яго словамі трэба бачыць, што ён потым развязаць вайну недзе не зможа", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнта спыталі, як ён цяпер ацэньвае ўзровень беларуска-амерыканскіх адносін і ці можна гаварыць аб іх нармалізацыі. Кіраўнік дзяржавы выказаўся за тое, каб паступова наладжваць адносіны з ЗША. "Пакрыху, крок за крокам мы будзем выбудоўваць з амерыканцамі адносіны. Гэта вялізная краіна, вельмі важная краіна. Вы бачыце, што нават Расія і Кітай імкнуцца з імі дамовіцца. Хоць Кітай можа лёгка абысціся без Амерыкі. У іх рычагоў дастаткова. Нам тым больш богам наканавана. І мы ў гэтых адносінах будзем супрацоўнічаць. Мы будзем выбудоўваць з імі адносіны. Мы на гэта нацэлены", - сказаў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што тое ж самае датычыцца і бліжэйшых суседзяў - прыбалтаў, палякаў, з якімі, як і раней заяўляў Аляксандр Лукашэнка, трэба не сварыцца, а выбудоўваць адносіны.

Гаворачы пра тэлефонную размову з Прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, якая адбылася нядаўна, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта адбылося не з бухты-барахты. Гэта ў тым ліку вынік пэўных крокаў і канкрэтных перагавораў з амерыканскім бокам. Да гэтага было каля пяці сустрэч, і апошняя - са спецпасланнікам Прэзідэнта ЗША Кітам Келагам, інфармацыя пра якую была апублічана.

"Апошнюю сустрэчу яны прапанавалі самі: "Няхай людзі ўбачаць". Мы не супраць, мы не настойвалі на тым, каб гэта было публічна. Для мяне гэта не мела ніякага значэння, і я разумеў, што ў выніку нейкіх нашых размоў мы там санкцыі не адменім, да канкрэтыкі нейкай не прыйдзем. Таму толькі іміджавае нешта", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

У тым ліку па выніках сустрэчы былі прыняты рашэнні аб памілаванні шэрага асуджаных, аб чым прасіў амерыканскі бок.

Прэзідэнт канстатаваў, што Беларусь зрабіла шэраг крокаў насустрач і цяпер чакае іх ад амерыканскага боку: "Мы ім сказалі: "Мы зрабілі шмат розных крокаў вам насустрач і іншае. Цяпер мы чакаем канкрэтных крокаў ад вас. Я нават ніколі не гаварыў пра санкцыі, клянуся вам. Нашы сказалі - Рыбакоў (беларускі дыпламат Валянцін Рыбакоў. - Заўвага) яму сказаў: "Вы ведаеце, што трэба Беларусі". Я забараніў прасіць".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, для такіх просьбаў няма асаблівых прычын, хоць санкцыі і аказваюць той ці іншы негатыўны ўплыў на жыццё краіны. Але Беларусь шмат у чым ужо прыстасавалася, мае дастаткова замежных рынкаў, дзе запатрабавана яе прадукцыя. "Для нашай краіны з невялікай эканомікай многа не трэба. Вядома, не было б санкцый - жылі б лепш. Што тут гаварыць... Нічога тут добрага няма", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Напрыклад, Прэзідэнт згадаў пра санкцыі адносна авіякампаніі "Белавія" і адносна паставак калійных угнаенняў. "Ну калі здымуць санкцыі з "Белавія" і вы пачняце спакойна лятаць па свеце, напэўна, гэта важна. Але не думаю, што вы пакутуеце з-за таго, што ў нас санкцыі на "Белавія". У Кітай ляцім, туды ва ўсе краіны ляцім, па Расіі ляцім. Самалёты ўсе лятаюць. Ну так, напэўна, трэба здымаць. Таму што гэта смешна - увядзенне гэтых санкцый. Калійныя ўгнаенні - усё прадаём, нават прырост. Так, крыху больш страчваем на гэтай лагістыцы, але атрымалі за гэты час свае парты. Я ніколі не думаў, што порт - гэта вялікі дэфіцыт для краіны. Страшны дэфіцыт і вялікая выгада", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што беларускія збеглыя за мяжой не маюць ніякага дачынення да беларуска-амерыканскіх дамоўленасцей, у тым ліку па тэматыцы памілавання шэрага зняволеных.

"Нашы збеглыя да гэтага не маюць ніякага дачынення. Наадварот - яны аб гэтым гавораць - каб былі гэтыя "палітзняволеныя". Калі "палітзняволеныя" - ёсць прычына на "дыктатара" націскаць. Няма "палітзняволеных" - пра што гаварыць? Тады і яны (збеглая апазіцыя. - Заўвага) не патрэбны будуць там. Гэта іх пазіцыя, гэта іх палітыка", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Я гэта спецыяльна для нашых гавару, хто сёння ў засценках, каб яны разумелі, што яны (збеглым. - Заўвага) патрэбны ў турме, але не на волі. У калоніі - так. Гэта прычына для асуджэння маёй палітыкі і рэжыму, як яны кажуць. Вось іх палітычны твар", - канстатаваў беларускі лідар.

Ён яшчэ раз падкрэсліў, што збеглыя не маюць ніякага дачынення да перагавораў з ЗША наконт памілавання шэрага асуджаных, але ў іх проста "падгарае", што Лукашэнка дамовіўся з амерыканцамі: "Дзе добра, ну трэба прызнаць, што добра. Калі вы на нешта разлічваеце. Калі плюс, то гэта плюс. Калі санкцыі, дык вас і Зянон Пазняк крытыкуе - санкцыі ж, кажа, гэта не супраць "рэжыму", гэта супраць народа, іх трэба здымаць. Разумная пазіцыя. Гэта зразумела нашым людзям у тым ліку. "Не, санкцыі, душыць, душыць і душыць!" Гэта такая вось гадасць з іх прэ".

Тая ж самая сітуацыя, паводле слоў Прэзідэнта, і адносна спісаў з 1200-1300 зняволеных, пра якіх у тым ліку згадваў Дональд Трамп: "Спісы нейкія ў Амерыку перадаюць (збеглая апазіцыя. - Заўвага) пастаянна, ад Дзярждэпа патрабуюць, каб яны на нас націснулі па гэтых пытаннях. Мы гэта ўсё ведаем. Яны не рады, што мы дамаўляемся, і ў сябе абмяркоўваюць: "Як без нас, а мы дзе, нас не відаць!? Давайце неяк мы да гэтага прымажамся".

"Я папярэдзіў амерыканцаў адразу: як толькі нам стане вядома, што вы пачынаеце ім падыгрываць, нашым збеглым, і разам пачынаеце тут нейкую гульню, мы адразу з вамі спыняем усе перагаворы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Кажуць: "Не, мы з вамі вядзём перагаворы", - абазначыў Кіраўнік дзяржавы рэакцыю наконт гэтага амерыканскага боку.

Прэзідэнт не бачыць для сябе прычын, каб сесці за стол перагавораў з прадстаўнікамі збеглай апазіцыі: "Цяпер хочуць сесці за стол перагавораў. Ідэальна, як яны разважаюць, было б з Лукашэнкам. Я з кім павінен садзіцца за стол? З тымі, хто разваліў краіну? Няхай сабе, я гэта мог бы пераступіць. Ну а якая карысць ад іх? Яны што, нам нешта дапамогуць - народу, дзяржаве? Яны нам не памочнікі. А па брудзе хадзіць - можна брудам замазацца. Навошта гэта мне? Гэта мне не патрэбна".

"Мы нікому не забараняем размаўляць, калі ласка. Але мне з імі няма пра што гаварыць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Журналісты папрасілі Кіраўніка дзяржавы пракаменціраваць нядаўнюю сустрэчу Трампа з еўрапейскімі лідарамі ў Белым доме, якая, на іх думку, выглядала дзіўна і па форме, і па сутнасці. А таксама ацаніць ролю ЕС у працэсах расійска-ўкраінскага ўрэгулявання, якія адбываюцца.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ў выпадку дасягнення сур'ёзных дамоўленасцей па ўкраінскім канфлікце Еўропа не зможа гэтаму перашкодзіць. "Калі Трамп вырашыў сур'ёзна гэта зрабіць (дасягнуць міру ва Украіне. - Заўвага), яны не змогуць гэтаму процістаяць. Ім трэба да гэтага (працэсу. - Заўвага) неяк падключыцца і адыграць нейкую сваю ролю. Вядома, яны еўрапейцы. Вядома, для іх важна, якой будзе Украіна і які будзе мір ва Украіне", - лічыць беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў увагу і на той факт, што еўрапейцам будзе цяжка падключыцца да гэтага працэсу пасля таго, як былі сарваны Мінскія пагадненні. Тут многае залежыць і ад рашэнняў Дональда Трампа, дадаў Аляксандр Лукашэнка. Калі з удзелам ЗША ўдасца дасягнуць дамоўленасцей паміж Расіяй і Украінай, у Еўропы застанецца два варыянты: "Еўрапейцы будуць вымушаны або праглынуць пілюлю, або ж хаця б прымасціцца ў хвост".

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што Дональд Трамп злы на еўрапейскіх лідараў. Калі ў ЗША праходзілі прэзідэнцкія выбары, кіраўнікі многіх еўрапейскіх дзяржаў выступалі супраць Дональда Трампа. "Заслужылі яны гэта? Заслужылі. Яны прайграўшыя", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт, абмяркоўваючы ролю Еўропы, таксама закрануў тэму адносін Беларусі з еўрапейскімі краінамі. "Вы часта чулі, я аб гэтым гаварыў: ні з палякамі, ні з прыбалтамі нам не трэба сварыцца. Нам трэба з імі выбудоўваць адносіны, - упэўнены беларускі лідар. - Таму будзем выбудоўваць з імі адносіны. Мы на гэта нацэлены".

Адказваючы на пытанне аб магчымасці таго, каб і Беларусь выступіла ў ліку гарантаў бяспекі для Украіны, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Калі размова ідзе аб гарантыях бяспекі, гавораць аб пастаянных членах Савета Бяспекі (ААН. - Заўвага). Гавораць аб ЗША, КНР, іншых магутных краінах, еўрапейскіх, якія не з'яўляюцца членамі Савета Бяспекі, - прадаставіць такія гарантыі. У тым ліку і Беларусі. Але калі я гэта пачуў, я падумаў: ну, нам гэта трэба ці не, каб мы камусьці гарантавалі нейкую бяспеку?" 

Прэзідэнт заявіў, што калі ў гэтым плане сапраўды будзе просьба падключыцца, то Беларусь можа пайсці на гэты крок: "Што мы, агрэсары? Падключымся. Але не рвёмся туды".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што еўрапейцы пачалі дэзавуіраваць гэту інфармацыю і хочуць самі выступіць такімі гарантамі разам з амерыканцамі. Абмяркоўваецца ў тым ліку магчымасць увесці ва Украіну свае войскі або стварыць магутную ўкраінскую армію і іншае. "Расіяне, вядома, цяпер катэгарычна супраць, каб там былі замежныя войскі. Гэта расіянам не патрэбна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што трэба быць рэалістамі - нават калі цяпер удасца дамовіцца аб скарачэнні арміі ва Украіне або абмежаваннях на аб'ёмы ўзбраенняў, то гэта не значыць, што ў будучым "не кіем, дык палкай" сітуацыя можа змяніцца. Кіраўнік дзяржавы ў гэтым плане прывёў гістарычны прыклад адносна Германіі, дзе ўсе дамоўленасці наконт колькасці арміі і іншага ўжо даўно забылі.

"Так, будзем настойваць з расіянамі, каб гэтага не было. Каб яны (Украіна. - Заўвага) не былі агрэсіўнай краінай, каб гэта не было плацдармам для нападзення на нас у будучым", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца складу гарантаў бяспекі, Прэзідэнт таксама згадаў пра нежаданне Зяленскага, каб Кітай быў у ліку такіх гарантаў, таму што гэта краіна, нібыта, не прадухіліла вайну. "Гасподзь з вамі! Кітай павінен быў умяшацца ў вайну і прадухіліць яе... Гэта ты павінен быў рабіць усё, каб у цябе не было вайны. А калі Кітай не будзе гарантам бяспекі (ён член Савета Бяспекі), вы ведаеце, без Кітая, без іх гарантый бяспекі ў любым пункце мір забяспечыць вельмі складана. Таму, перш чым бразгаць, Зяленскаму трэба крыху думаць", - адзначыў Прэзідэнт.

Журналісты, звяртаючыся да Кіраўніка дзяржавы, заўважылі, што за тры тыдні да перагавораў прэзідэнтаў Расіі і ЗША на Алясцы Аляксандр Лукашэнка сказаў, што Масква гатова да перагавораў. Прагноз аказаўся дакладным: перагаворы сапраўды адбыліся. У Прэзідэнта спыталі, як яму ўдаецца даваць такія прагнозы.

"Гэта паглыбленасць у пытанне. Калі ты ў гэта паглыблены, ты можаш разважаць на гэту тэму і мець сваё меркаванне. Але гэта тваё меркаванне. Але, без беспадстаўнай сціпласці, гэта ў нейкай ступені вопыт", - адказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт прывёў наступны прыклад. Пасля пачатку спецыяльнай ваеннай аперацыі Аляксандр Лукашэнка пагаварыў з Уладзімірам Зяленскім па тэлефоне, а праз некаторы час у Беларусі прайшлі перагаворы дэлегацый Расіі і Украіны. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ў выпадку поспеху мірных перагавораў на раннім этапе тэрытарыяльныя страты Украіны былі б меншыя.

"Таму вось гэта паглыбленасць (і, як я гавару, Гасподзь раіў, напэўна)... Я з гэтага зыходжу. І потым, я ж ведаю пазіцыю Прэзідэнта Расіі, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Ён жа прапаноўваў і прапануе (перагаворы. - Заўвага). І цяпер трэба за гэта ўхапіцца, інакш (Уладзімір Зяленскі. - Заўвага) страціць усю Украіну".

У фінале размовы прадстаўнікі СМІ пацікавіліся меркаваннем Прэзідэнта аб тым, ці ёсць шанцы ў Дональда Трампа атрымаць Нобелеўскую прэмію.

"Чалавек хоча Нобелеўскую прэмію (калі гэта так) - ну і на здароўе, няхай атрымлівае! Што для нас у гэтым дрэннага? - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт. - Калі трэба падтрымаць (Трампу трэба), то, напэўна, ён гэтага заслугоўвае".

Прэзідэнт Беларусі выказаў упэўненасць, што Дональду Трампу дадуць гэту прэмію: "Барак Абама да яго... Толькі стаў Прэзідэнтам, нічога не зрабіў - атрымаў Нобелеўскую прэмію. Ён нават развязаў некалькі войнаў". Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што дзеючы амерыканскі Прэзідэнт за шэсць месяцаў прадухіліў некалькі войнаў.

Беларускі лідар заявіў, што асабіста ён падтрымлівае ўручэнне Нобелеўскай прэміі Дональду Трампу. Тым не менш, дадаў Аляксандр Лукашэнка, галоўнае іншае: "Галоўнае, што яго будуць паважаць людзі - у Расіі, ва Украіне, у нас. Патэлефанавалі адзін аднаму - нашы людзі з натхненнем гэта ўспрынялі. "Удзячныя Дональду Трампу" - вось гэта важна, а не тое, што Нобелеўскі камітэт прысудзіць яму гэту прэмію".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Беларусі сваё стаўленне да Нобелеўскай прэміі. "Яна ўжо дыскрэдытавана цалкам. Вы ж бачыце, каму толькі ні давалі. Чыста палітычная гульня. У іх гэта інакш успрымаецца. І ў Дональда таксама. Так, ён у гэтым плане славалюбівы, амбіцыйны чалавек, але што ў гэтым дрэннага?" - задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.