Дзяржузнагарод удастоены прадстаўнікі розных сфер дзейнасці
Дзяржаўных узнагарод удастоены 56 прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці. Адпаведны Указ № 71 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 25 лютага.
Ордэны, медалі і ганаровыя званні прысвоены за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў, значны асабісты ўклад у падрыхтоўку спартсменаў высокага класа, навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення, выдатныя творчыя і спартыўныя дасягненні, заслугі ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці і будаўнічай галіны, сферы адукацыі, культуры і мастацтва.
Галоўны трэнер нацыянальнай каманды па скачках на батуце Вольга Уласава ўзнагароджана Ордэнам Айчыны II ступені, галоўны трэнер нацыянальнай каманды па мастацкай гімнастыцы Ірына Ляпарская ўдастоена ордэна Працоўнай Славы.
Ордэн "За службу Радзіме" ІІІ ступені прысвоены Намесніку Міністра па надзвычайных сітуацыях Анатолю Даўгаляўцу і начальніку авіяцыі МНС Тадэвушу Курсевічу. Намеснік камандзіра па ідэалагічнай рабоце мотастралковай роты 105-га асобнага механізаванага батальёна 11-й асобнай механізаванай брыгады Аляксей Харламаў узнагароджаны ордэнам "За асабістую мужнасць".
Ордэнам Пашаны адзначаны заслугі старшага трэнера нацыянальнай каманды па інваспорце Генадзя Вішнякова, старшага трэнера нацыянальнай каманды па веславанні на байдарках і каноэ Генадзя Галіцкага і галоўнага трэнера нацыянальнай каманды па вольнай барацьбе Алега Райхліна.
Сярод узнагароджаных ордэнам Францыска Скарыны дырэктар установы адукацыі "Празароцкая дзіцячы сад - сярэдняя школа Глыбоцкага раёна імя І.Ц.Буйніцкага" Вольга Гінько, настаўнік інфарматыкі сярэдняй школы № 4 Дзяржынска Святлана Пузіноўская і прафесар кафедры музычнай педагогікі, гісторыі і тэорыі выканальніцкага мастацтва дзяржаўнай акадэміі музыкі Вадзім Яканюк.
Вялікая група ваеннаслужачых і супрацоўнікаў падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях удастоена медалёў "За адзнаку ў воінскай службе" і "За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый". Медаля "За працоўныя заслугі" ўдастоены прадстаўнікі сацыяльнай, спартыўнай і адукацыйнай сферы, будаўнічай галіны.
Дырэктар Магілёўскага абласнога тэатра лялек Уладзімір Андрэенка, аўтар і выканаўца песень, салістка групы Aura Юлія Быкава, загадчык кафедры спецыяльнага фартэпіяна Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Уладзімір Дулаў і галоўны балетмайстар Маладзёжнага тэатра эстрады Таццяна Трафімава ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Указам таксама прысвоены ганаровыя званні Рэспублікі Беларусь. Заслужанымі артыстамі Беларусі сталі вядучы майстар сцэны Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Ірына Заянчкоўская, артыст драмы - вядучы майстар сцэны тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Вера Палякова-Макей і артыст балета Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля "Харошкі" Алена Якубец.
Загадчыку кафедры ўсеагульнай і славянскай гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандру Нечухрыну і дырэктару Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Пятру Шылаву прысвоена ганаровае званне заслужанага работніка адукацыі.
Заслужанымі майстрамі спорту сталі батутысты Уладзіслаў Ганчароў і Алег Рабцаў.