Даклад Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігара Сергяенкі

  • 10
  • 2:32

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 верасня прыняў з дакладам Старшыню Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігара Сергяенку.

У час даклада Кіраўнік дзяржавы ацаніў дзейнасць беларускага парламента. Чарговая сесія Палаты прадстаўнікоў пачнецца 15 верасня. У сувязі з гэтым Прэзідэнт спытаў аб гатоўнасці дэпутацкага корпуса да гэтай работы, аб законапраектах. "Якая патрэбна дапамога, падтрымка і іншае? І як працуюць дэпутаты, ці ёсць нейкія да кагосьці прэтэнзіі?" - удакладніў ён.

"Я так бачу, што ўвогуле парламент працуе нядрэнна. Палата прадстаўнікоў займаецца сваімі справамі. Разумею, што ў каляіне палата ў цэлым, ды і дэпутаты. Нейкіх асаблівых насцярожанасцей я не бачу. Як былы дэпутат разумею, што справы ідуць спакойна і нядрэнна, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Заканатворчая работа - цяжкая праца. Яна не церпіць ніякіх усплёскаў. Наш парламент займаецца сваёй справай. Гэта мой пункт гледжання, маё ўражанне".

Яшчэ адной важнай тэмай стала сітуацыя ў Віцебскай вобласці. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў Ігара Сергяенкі, які з'яўляецца ўпаўнаважаным Прэзідэнта ў гэтым рэгіёне, як ідуць справы, якія ўражанні складваюцца па рабоце вобласці. Асобна Аляксандр Лукашэнка спытаў пра дзейнасць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якія курыруе кіраўніцтва парламента.

"Вы шмат займаецеся з Наталляй Іванаўнай Качанавай Віцебскай вобласцю. Я інфармаваны, што ў вас калгас ёсць, адказныя вы за гэта і яна таксама. Гэта вельмі правільна. Фінансава дапаможаце, не дапаможаце - гэта пытанне не галоўнае. Але тое, што вы бачыце праблему і можаце своечасова паднастроіць, адрэгуляваць тое, што трэба, - гэта дакладна, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Для мяне гэты вопыт цікавы. Запрасіце, я з задавальненнем хацеў бы пабываць у вашай гаспадарцы, якую курыруеце".

Ігар Сергяенка адзначыў, што за два з паловай гады работы парламента восьмага склікання выбудавана сістэма рэалізацыі дэпутацкіх паўнамоцтваў і дзяржаўнай палітыкі ў развіццё даручэнняў Прэзідэнта. "Дэпутаты набылі вопыт работы па падрыхтоўцы законапраектаў, у міжнароднай дзейнасці. Вядома, немалаважная работа ў выбарчых акругах", - сказаў ён.

За час трэцяй сесіі Палаты прадстаўнікоў прынята 89 законапраектаў, з якіх 11 - у першым чытанні, па 78 работа поўнасцю завершана, яны сталі законамі.

Адна з ключавых задач чацвёртай сесіі Палаты прадстаўнікоў - прыняцце бюджэтна-падатковага пакета на 2027 год. Дакументы, якія ў яго ўваходзяць, будуць увязаны з прагнозам параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця і асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі.