Даклад Старшыні праўлення Нацбанка Паўла Калаура і памочніка Прэзідэнта Валерыя Бельскага
- 3
- 3:16
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 студзеня прыняў з дакладам Старшыню праўлення Нацбанка Паўла Калаура і памочніка Прэзідэнта Валерыя Бельскага.
Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што ў бліжэйшы час, да Усебеларускага народнага сходу, з кіраўніцтвам Урада будуць разгледжаны вынікі мінулага года - фінансы, эканоміка. "Таму хацелася б сёння акцэнтаваць увагу на ключавых момантах работы Нацыянальнага банка", - адзначыў ён.
"Па інфляцыі мы крыху перасягнулі запланаваны ўзровень. Хацелася б пачуць тлумачэнне ў сувязі з гэтым. Банальныя рэчы я чытаю і слухаю. Але хацелася б глыбей глянуць на гэту праблему. Тым не менш цэнавая стабільнасць - пытанне нумар адзін. Мы нікуды ад гэтага не адыдзем. Гэта жыццё нашых людзей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўніка дзяржавы таксама цікавіла сітуацыя з золатавалютнымі рэзервамі.
Гаворачы пра стан спраў у банкаўскай сферы, Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Паўлу Калауру за тое, што ў няпросты час удалося ўтрымаць сітуацыю. "Можна нават сказаць у самай цяжкай сітуацыі. У іншых дзяржавах банкаўская сістэма проста развальвалася. Мы не проста ўтрымалі сітуацыю, але яна больш-менш садзейнічае функцыянаванню нашай эканомікі", - сказаў беларускі лідар.
"Давайце шчыра, эканоміка павінна развівацца. Ёсць эканоміка - ёсць банкаўская сістэма, ёсць банкі, гэта сфера, і яна жывая. Калі эканомікі не будзе - не будзе банкаўскай сістэмы. І ў людзей не будзе грошай. Таму эканоміка перш за ўсё, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Без эканомікі не будзе ніякіх фінансаў. Зразумела, што павінен быць разумны баланс. Зразумела, што паветраных грошай даўно ўжо няма і не будзе. Усе гэта павінны добра разумець. Але тым не менш трэба шукаць магчымасць крэдытавання рэальнага сектара эканомікі перш за ўсё".
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што неабходна навучыцца процістаяць санкцыйнаму націску. "Усялякі санкцыйны націск, - вы павінны разумець, што гэта чыста палітычныя рэчы, - падкрэсліў беларускі лідар. - Няма прычын, мы не заслужылі таго, каб супраць нас уводзілі санкцыі. Нас душылі і будуць душыць. Мы павінны навучыцца процістаяць гэтаму. Гэта ўжо, напэўна, трэці або чацвёрты этап ва ўдушэнні эканомікі і нашай дзяржаўнасці. Трэба глядзець на свет шырэй. Клінам свет на Еўрасаюзе не сышоўся".
"Хоць і яны ж не дурні, разумеюць, што амаль 3 тыс. розных прадпрыемстваў функцыянуюць і завязаны на Беларусь. І абвалу ў Беларусі ніхто не хоча, таму што гэта пэўныя недахопы і праблемы ў самім Еўрапейскім саюзе. Таму трэба працаваць з усімі - і еўрапейцамі, і амерыканцамі. Але ёсць і азіяцкі рынак. Грошай сёння ў свеце шмат. І тым больш нічым не забяспечаных, надрукаваных, укінутых і гэтак далей. Іх трэба неяк звязваць, усе ж гэта разумеюць", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў сувязі з гэтым трэба працаваць і займацца прыцягненнем фінансавых рэсурсаў. Ён пацікавіўся, як ідуць справы з гэтым пытаннем.