Даклад Міністра адукацыі Ігара Карпенкі
- 3
- 2:54
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 жніўня прыняў з дакладам Міністра адукацыі Ігара Карпенку.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Беларусі трэба вельмі актыўна пачынаць новы навучальны год. "У любыя часы трэба вучыцца. Калі ў нас атрымаецца скомканым і пачатак навучальнага года, гэта зусім дрэнна. Вы помніце, як мы заканчвалі навучальны год у сувязі з каранавірусам і тымі насцярожанасцямі, якія былі ў грамадстве, асабліва ў бацькоў. Празмернымі насцярожанасцямі, як мы цяпер разумеем", - сказаў Прэзідэнт.
"Нам трэба вельмі актыўна пачынаць навучальны год, чаго б ні каштавала", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што запрасіў чыноўнікаў на даклад (на мерапрыемстве прысутнічаў і віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка), каб у першую чаргу пачуць не аб тым, што добра зроблена, а даведацца аб тых ці іншых праблемах, якія неабходна яшчэ вырашыць напярэдадні навучальнага года.
"Вельмі вас прашу, паглядзіце, каб дзеткі ў школу пайшлі ў нейкім знешне аднолькавым статусе. Не павінны адрознівацца дзеці з сем'яў багатых ад дзяцей з сем'яў бяднейшых. Трэба дапамагчы там, дзе трэба дапамагчы. Асабліва бедным сем'ям, шматдзетным. Хоць ужо не ведаю, як шматдзетным дапамагаць, - такі пакет у нас з боку дзяржавы сацыяльны, якога не мае ні адна дзяржава", - адзначыў Прэзідэнт.
Ён звярнуў увагу, што і прадпрыемствы падключыліся да аказання дапамогі ў падрыхтоўцы дзяцей да школы. "Ад сельгаспрадпрыемстваў да вялікіх прамысловых - усе дапамагаюць. Хто рукзак збярэ, нехта дзеткам форму купіць школьную, нехта грошай падкіне. Па-рознаму бывае, але ўсе далучыліся да гэтага, нягледзячы на тое, што некалькі тысяч у нас ходзяць па вуліцах і спрабуюць павярнуць сітуацыю ў свой бок", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Як далажыў Ігар Карпенка, па стане на пятніцу мінулага тыдня 96 працэнтаў школ у краіне атрымалі сертыфікаты гатоўнасці. "Працэс гэты завяршаецца. Нейкіх сур'ёзных праблем з падрыхтоўкай школ няма. На гэта дзяржава выдзеліла адпаведныя сродкі, мясцовыя органы ўлады актыўна працавалі. Мы адкрываем тры школы-новабудоўлі ў бягучым годзе", - адзначыў Міністр.
"Абараніце настаўнікаў ад усялякіх нападкаў. Мы гэта пачалі ўжо рабіць, прытым робім вельмі актыўна і вельмі строга спыняем усякія наезды, накаты на настаўнікаў, урачоў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы падчас даклада.
"Калі нехта перакінуўся ў іншы лагер, нам таксама трэба з імі разбірацца", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што ў Беларусі дзяржаўная адукацыя, дзяржаўныя школы, дзяржаўная ідэалогія. "І тыя, хто хочуць прытрымлівацца гэтых прынцыпаў, калі ласка, будзьце ласкавы: ідзіце выкладайце, вучыце, працуйце. Тыя, хто не хоча, значыць, яны ў школе быць не павінны. Гэта трэба гаварыць прама, адкрыта і сумленна", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.