Даклад Старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрыя Сянько

  • 4
  • 3:54

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў 5 кастрычніка з дакладам Старшыню Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрыя Сянько.

"Перш за ўсё я хацеў бы літаральна ў двух словах пачуць пра вынікі работы вашага ведамства, каб у разрэзе праз мытныя службы ацаніць сітуацыю ў нашай эканоміцы. Вы разумееце, што мытня - гэта ў большай ступені, чым іншыя ведамствы, люстэрка нашай эканомікі. Якія ў нас ёсць вузкія месцы? Як мы развіваемся ў гэтых складаных умовах сусветнага крызісу, звязанага перш за ўсё з пандэміяй? І што, з вашага пункту гледжання, трэба зрабіць у бліжэйшы час, каб утрымаць эканоміку ў гэтым годзе?" - абазначыў некалькі пытанняў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама пацікавіўся сітуацыяй на граніцах з Літвой, Латвіяй, Польшчай і Украінай. "Асабліва што датычыцца дзвюх балтыйскіх дзяржаў - Літвы і Латвіі. Як вы мне дакладваеце, амаль 40% грузавікоў у гэтым годзе ідуць з Літвы і Латвіі. Гэта велізарны аб'ём. Калі мы возьмемся за гэты паток, то лагістычныя пункты Літвы недаатрымаюць недзе чвэрць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь і Расія цяпер абмяркоўваюць пераарыентацыю беларускіх грузаў (нафтапрадуктаў, калійных угнаенняў і іншых тавараў) з балтыйскага напрамку на порт Усць-Луга. "Як Мытны камітэт бачыць пераарыентацыю гэтых грузаў? І ў развіццё гэтага - нашы лагістычныя цэнтры. У нас створаны магутныя лагістычныя цэнтры. Вельмі многія паслугі, у тым ліку для нашых суб'ектаў гаспадарання і для суб'ектаў краін ЕАЭС, аказваюцца ў той жа Літве. Але, наколькі я інфармаваны, гэтыя паслугі мы можам аказаць гэтым перавозчыкам у Беларусі. Як вы бачыце вырашэнне гэтай праблемы?" - спытаў ён.

Юрый Сянько пачаў свой даклад са статыстыкі па знешнім гандлі. Паводле яго слоў, за студзень-жнівень беларускую мытную граніцу з краінамі Балтыі, Польшчы і Украіны перасек 71 млн т тавараў. Гэта на 15% ніжэй, чым за аналагічны перыяд мінулага года. "На гэта паўплывала ў тым ліку Расія, якая на 30% знізіла аб'ём нафтапрадуктаў, якія рэалізаваліся для краін Заходняй Еўропы. Наша змяншэнне экспарту і імпарту адбылося толькі на 10%, - адзначыў Старшыня ДМК. - У асноўным гэта чыгуначны транспарт. На аўтамабільныя пункты пропуску сітуацыя на граніцы практычна не паўплывала, толькі ў пачатку пандэміі, калі было агульнае зніжэнне пакупной актыўнасці насельніцтва як у Еўропе, так і ў краінах ЕАЭС. Але ўжо ўсе патокі аднаўляюцца".