Нарада ў Цэнтры стратэгічнага кіравання ў Міністэрстве абароны Беларусі

  • 11
  • 6:33

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 15 жніўня нараду ў Цэнтры стратэгічнага кіравання ў Міністэрстве абароны Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы выказаўся аб унутрыпалітычнай сітуацыі. "Вы не горш за мяне ведаеце, што адбываецца ў краіне. Паціху пачынаюць або прадаўжаюць расхістваць абстаноўку, наша грамадства. Дабраліся да працоўных калектываў. Я ўжо шмат разоў гаварыў аб гэтым. Проста хачу чарговы раз сказаць, што з гэтага нічога не атрымаецца. Краіну мы нікому не аддадзім. Сітуацыю мы ўтрымаем, - падкрэсліў беларускі лідар. - Я не хачу сказаць, што ёсць месца для нейкай лагоднасці, заспакоенасці. Не, мы ніколі не заспакойваліся. Вы ведаеце, жыццё наша такое і лёс, што мы, знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, заўсёды павінны быць гатовымі своечасова адказаць на любыя выклікі".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за мяжой Беларусі прапануюць нейкае пасрэдніцтва, ствараюць для краіны замежны Урад. "Вы, напэўна, заўважылі, што кіраўнікі Літвы, Латвіі, Польшчы і, на жаль, загучалі галасы з Украіны, далучыліся да іх, выпрацаваўшы пэўную пазіцыю, прапанавалі ўладам Беларусі нейкае пасрэдніцтва. Калі я гэта пачуў, я доўга думаў: пасрэдніцтва паміж кім і кім? Кажуць, уладам Беларусі прапанавалі. Гэта значыць мы будзем выступаць як адзін з бакоў. Пра другі бок не гавораць, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Я так разумею, нядаўна яны там стварылі ці то камітэт ратавання, ці то Урад у выгнанні. Увогуле, стварылі Урад за мяжой для Беларусі. Слухайце, у нас ёсць нармальны Урад, створаны па Канстытуцыі. Нам не патрэбны ніякія замежныя ўрады, ніякія пасрэднікі. Мне здаецца, што, не крыўдзячы кіраўніцтва гэтых рэспублік, я хачу сказаць: вы ў сябе парадак навядзіце", - сказаў Прэзідэнт.

"Ніякі Урад ні за мяжой, дзе б там ні было, нам не патрэбны, і кіраваць ён краінай не будзе ніколі. Няўжо гісторыю не вывучалі?" - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка перасцярог ад пагроз у адрас ваеннаслужачых, праваахоўнікаў і іх сем'яў. "Апошнім часам актывізаваліся нашы так званыя мірныя будаўнікі на сем'ях ваеннаслужачых, унутраных войскаў, АМАПа і арміі. Вось я іх проста па-мужчынску хачу папрасіць: не рабіце гэтага! - сказаў Прэзідэнт. - Не трэба гуляць з агнём! Нашы ваенныя маюць дастаткова рэсурсаў для таго, каб абараніць сябе, свае сем'і і забяспечыць бяспеку ў грамадстве".

"Як Прэзідэнт і галоўнакамандуючы я хачу сказаць, што яны - тыя, хто гэта робяць, троляць сёння, пагражаюць сем'ям, да дзяцей дайшлі ваеннаслужачых, яны проста не разумеюць, што можа адбыцца", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Таму ўціхамірцеся, супакойцеся. Калі там ёсць мужыкі, будзьце мужыкамі. Хочаце паваяваць, пабіцца - калі ласка, але давайце мужыкі з мужыкамі. Не трэба наперад выстаўляць дзяўчат і пагражаць сем'ям. Пакуль прашу: не чапайце ні ў чым не вінаватых людзей!" - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

"Калі нехта думае, што тут улада аслабела, дрыжыць, што Прэзідэнт ці то збег, ці то памёр, як тут падносілі нядаўна... Не дачакаецеся! - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - У мяне няма іншых мэт цяпер, акрамя як захаваць незалежную і стабільную дзяржаву".

"Мяне вельмі хвалюе сітуацыя, якая разгортваецца на тэрыторыі суседніх з намі дзяржаў - Польшчы і Літве. Там, як вам вядома, праходзяць ваенныя вучэнні натаўскіх войскаў. Гэта таксама было б нічога, але ідзе эскалацыя і нарошчванне ўзброенага кампанента на гэтых тэрыторыях. Не бачыць гэтага, спакойна за гэтым назіраць мы, зразумела, не можам. І калі раніцай я размаўляў і слухаў даклад начальніка Генеральнага штаба, я заўважыў: нашых ваенных таксама непакоіць гэта праблема", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што гэта тэма абмяркоўвалася яшчэ ў мінулым годзе, і тады быў выпрацаваны пэўны алгарытм рэагавання на такія падзеі.
"Таму я папрашу дадаткова, паколькі напружаная сітуацыя на заходніх граніцах, перакінуць паветрана-дэсантную брыгаду з Віцебска ў Гродна", - распарадзіўся Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама выказаўся наконт задач, якія стаяць перад брыгадай у Брэсце: "Скажу дзякуй вам за тое, што вы ў Брэсцкім рэгіёне працуеце і парадак там падтрымліваеце. Няхай у Брэсце гэта наша дэсантна-штурмавая брыгада застаецца і працуе ва ўзаемасувязі з пагранічнікамі для стабілізацыі сітуацыі на паўднёвым захадзе".

"Калі размова ідзе пра ваенны складнік, у нас ёсць дагавор з Расійскай Федэрацыяй у рамках Саюзнай дзяржавы і АДКБ. Якраз гэтыя моманты падыходзяць пад гэты дагавор. Таму сёння з Прэзідэнтам Расіі ў мяне адбылася працяглая, грунтоўная размова аб сітуацыі. Павінен сказаць, мяне нават крыху здзівіла - абсалютна інфармаваны аб тым, што адбываецца", - адзначыў беларускі лідар.

"І мы з ім (Уладзімірам Пуціным. - Заўвага) дамовіліся: пры першым жа нашым запыце будзе аказана ўсебаковая дапамога па забеспячэнні бяспекі Рэспублікі Беларусь", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.