Цырымонія ўзнагароджання выпускнікоў і выкладчыкаў устаноў вышэйшай адукацыі
- 21
- 16:31
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 чэрвеня прыняў удзел у цырымоніі ўзнагароджання выпускнікоў і выкладчыкаў устаноў вышэйшай адукацыі.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ўжо склалася добрая традыцыя сустракацца ў канцы навучальнага года з выпускнікамі ВНУ і педагогамі.
"Сучаснасць і будучыня Беларусі шмат у чым залежыць ад вас - моладзі. І вельмі важна, каб вы былі не толькі добрымі спецыялістамі, але і сапраўднымі патрыётамі, сацыяльна сталымі і духоўна багатымі людзьмі, якім можна было б даверыць лёс нашай Беларусі. Свет велізарны, а Беларусь у нас адна. Памятайце пра сваю Радзіму. Цаніце і беражыце мірнае неба над нашай краінай. Гэта самае дарагое, што мы - старэйшае пакаленне - змаглі захаваць для вас", - сказаў Прэзідэнт.
Словы ўдзячнасці Аляксандр Лукашэнка адрасаваў выкладчыкам за выхаванне моладзі, адданай роднай краіне, якая паважае традыцыі і зберагае каштоўнасці беларускага народа.
"Праца педагога важная і вельмі няпростая. Вы ўклалі педагагічны талент і вялікія душэўныя сілы ў кожнага вучня. Дзякуй вам, паважаныя настаўнікі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Усіх выпускнікоў Прэзідэнт павіншаваў з заканчэннем навучальнага года і пажадаў, каб выбраная дарога вяла толькі да поспеху.
"Сёння для вас асаблівы дзень. У ім лёгкі смутак ад развітання з роднымі сценамі альма-матар і вельмі прыемнае прадчуванне будучых вашых перамог. Ёсць такі афарызм: геній - гэта адзін працэнт натхнення і дзевяноста дзевяць працэнтаў цяжкай работы - поту", - сказаў беларускі лідар.
"Я вам жадаю быць працавітымі, і ведайце: цяпер настае ваш залаты час. Не бойцеся цяжкасцей, складаных задач. І, як я заўсёды гавару, рабіце ўсё своечасова, не адкладвайце на потым. Таму што потым будуць іншыя праблемы і задачы, якія вам давядзецца вырашаць. І, самае галоўнае, не адступайце, калі памыліліся. У жыцці бывае ўсякае. Будуць і памылкі, будуць няўдачы. Але, як кажуць, толькі той не памыляецца, хто нічога не робіць. Той, хто шмат працуе, знаходзіцца ў пастаянным пошуку, несумненна даб'ецца поспехаў, але непазбежна зробіць і памылкі. Аднак гэтыя памылкі загартоўваюць і даюць сілы рухацца далей. Я жадаю, каб у вас было так", - даў наказ Кіраўнік дзяржавы.
Пасля ўручэння падзяк Прэзідэнта Аляксандр Лукашэнка зноў звярнуўся да выпускнікоў і выкладчыкаў: "Яшчэ раз дзякую вам за ўсё тое, што вы зрабілі на гэтым этапе свайго жыцця. Нашым выкладчыкам - за тое, што яны выгадавалі такое пакаленне".
"Я, калі гляджу на нашых дзяўчат і юнакоў, якія вызначыліся, думаю: усе такія былі б - у нас ніколі не было б праблем. І мы былі б багатымі. Таму што краіна багатая тады, калі ёсць мазгавітыя, працавітыя людзі, а не толькі тое, што Гасподзь у зямлю паклаў. Таму ў нас ёсць вы - ёсць будучыня краіны", - падкрэсліў беларускі лідар.
У час цырымоніі ўзнагароджання выпускнікоў і выкладчыкаў ВНУ Аляксандр Лукашэнка заявіў аб планах правесці сур'ёзную данастройку ў сістэме адукацыі.
"Мы дамовіліся з Міністрам, што ў бліжэйшы час мы сур'ёзна яшчэ раз падыдзем да некаторых праблемных пытанняў адукацыі. Сістэма будзе, адкрыта скажу, сур'ёзна падрэгулявана і паднастроена, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Трэба данастроіць. Я абяцаў, што да адукацыі мы больш вяртацца не будзем, таму што гэтыя рэформы ўжо людзям надакучылі. Мы больш не будзем закранаць чалавечыя аспекты, людскія, а зоймемся больш глыбіннымі пытаннямі. Для таго, каб, калі цяперашняе пакаленне ўпраўленцаў сыдзе са сцэны, вам, моладзі, крыху было лягчэй. Будзем гэтыя аўгіевы стаўні расчышчаць. Мы не спыняемся на тым, што ў нас ёсць сёння ў сістэме адукацыі".
Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, закрануў тэрміны навучання ў ВНУ. Раней Кіраўнік дзяржавы ставіў задачу скараціць іх за кошт вывучэння ў меншым аб'ёме няпрофільных для тых ці іншых спецыяльнасцей дысцыплін.
"Можа, адзін семестр трэба вывучаць дысцыпліну, а вывучаюць два-тры семестры. А потым усё гэта хутка забываем, - сказаў беларускі лідар. - Бачым пытанні да выкладчыцкага складу, бачым пытанні да кіраўніцтва ВНУ. Я думаю, праз месяц вернемся да гэтых пытанняў, сур'ёзна абмяркуем іх".
Паводле слоў Прэзідэнта, тэрміны навучання хоць і скарацілі, але замянілі гэта скарачэнне сістэмай з бакалаўрыятам. У Беларусі ён уяўляе сабой першую ступень вышэйшай адукацыі, якая забяспечвае фундаментальную падрыхтоўку па выбранай спецыяльнасці і доўжыцца чатыры гады. Пасля заканчэння бакалаўрыята выпускнік атрымлівае дыплом бакалаўра і можа або пачынаць працаваць, або прадоўжыць навучанне на другой ступені вышэйшай адукацыі - у магістратуры. Яна неабходна, напрыклад, тым, хто хоча займацца навуковай і педагагічнай дзейнасцю, для займання пэўных пасад, а таксама далейшага навучання ў аспірантуры.
"Павялічылі за кошт гэтага гадзіны і гэтак далей. Вось нам гэтым шляхам ісці не трэба. Трэба вучыцца столькі, колькі неабходна. Калі трэба ў ВНУ тры з паловай або чатыры гады, значыць, чатыры. Але не шэсць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"А то мы перажываем, што ў нас вучоных няма, а ствараем нейкія бар'еры. А потым яшчэ і аспірантура для таго, каб стаць не вялікім, а звычайным вучоным", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт пры гэтым нагадаў, што ў свой час катэгарычна забараніў "бегаць па нейкім Балонскім працэсе".
У якасці прыкладу адносна працяглага тэрміну навучання Аляксандр Лукашэнка прывёў Акадэмію мастацтваў, дзе па некаторых спецыяльнасцях ён складае шэсць гадоў. "Туды прыходзяць таленавітыя людзі. Трэба талент падтрымаць і развіць. Шэсць гадоў. Больш, чым некаторыя дысцыпліны ў медыцынскіх універсітэтах. Гэта што, нармальна? І што мы атрымалі? Змагарамі сталі ў 2020 годзе, наперадзе калон ішлі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Гаворачы пра работу сістэмы адукацыі, Прэзідэнт расказаў, што некаторыя педагогі скардзяцца ў TikTok на неабходнасць наведваць вучняў дома або крытычна выказваюцца аб іншых аспектах работы. "Я прачытаў тое, што пісалі ў "ціктоках", "ціктокаліся" нашы выкладчыкі, настаўнікі. Адзін напісаў, а іншыя рэагуюць: "Вось, прымушаюць да вучняў дамоў хадзіць, а там алкашы такія-сякія, як туды зойдзеш…", - прывёў адзін з прыкладаў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што такія наведванні неабходны ў рабоце настаўнікаў. Паколькі для таго, каб паспяхова перадаваць веды, трэба бачыць студэнта, вучня не толькі на лекцыях і ўроках, але і ведаць, якая сітуацыя ў яго дома, ведаць бацькоў.
Прэзідэнт закрануў яшчэ адно пытанне, якое часта згадваецца ў размовах аб сістэме адукацыі, - гэта запаўненне настаўнікамі ўсялякіх дакументаў. "Па дакументах рашэнні прыняты ўсе. Таму не выдумляйце нічога на месцах, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Калі вас прымушаюць рабіць не тое (што прадугледжана па абавязках. - Заўвага) - вось Міністр адукацыі, Кіраўнік Адміністрацыі (Прэзідэнта. - Заўвага) - да яго. Ніякай бюракратыі быць не павінна. Усё павінна быць па-чалавечы і нармальна".
Кожны на сваім працоўным месцы і ў побыце павінен выконваць пэўны аб'ём абавязкаў, працаваць, а не спрабаваць замест гэтага перакладваць адказнасць на кагосьці іншага. Калі праводзіць паралелі і гаварыць пра Год добраўпарадкавання, пра ўтрыманне тэрыторый вакол жылых дамоў, то тут гэтак жа важны адказны ўдзел кожнага. І Аляксандр Лукашэнка такі падыход дэманструе на асабістым прыкладзе, калі высаджвае дрэвы, косіць траву, збірае ўраджай або сячэ дровы. "Калі нехта не гатовы абкошваць свой участак і пяць метраў суседняга, калі там бабулька... Гэта не да мяне. Я гэта не вельмі разумею. Я Прэзідэнт, і мне (калі. - Заўвага) трэба - абкосяць, але я з касой хаджу і нічога ў гэтым ганебнага не бачу".
"Таму, калі будзеце ў "ціктоках" нешта папісваць, вы памятайце гэта: усюды патрэбна праца, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Вы людзі працавітыя. У Палац Незалежнасці два з паловай дзясяткі ўсяго толькі з мільёнаў трапілі не проста так, а таму што вы і вашы выкладчыкі заслужылі гэта".
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што часам, звяртаючыся да народа ў цэлым і да моладзі ў прыватнасці, выказваецца па актуальных тэмах даволі жорстка. Адзін з нядаўніх прыкладаў датычыцца бульбы на прылаўках. На думку Прэзідэнта, многім трэба было б самастойна высаджваць на прысядзібных участках гэту культуру, каб потым ранняй вясной не скардзіцца на недахоп бульбы ў магазінах. "Калі я пакрытыкаваў вас за тое, што вы, маючы дачу, дзве-тры баразёнкі не высадзілі бульбы і ў вас няма бульбы ў сакавіку месяцы, ну выбачайце, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я карыстаюся такім прынцыпам: перш чым у некага камень кінуць або пакрытыкаваць, перад люстэркам стань і паглядзі на сябе. Заўсёды карыстаюся гэтым прынцыпам. На сябе паглядзіце. Глядзіце ў жыцці, што вы зрабілі і што не зрабілі, што вам давядзецца зрабіць".
Звяртаючыся да прысутных у зале прадстаўнікоў моладзі, Прэзідэнт падкрэсліў, што ў будучым ім давядзецца прымаць шмат важных рашэнняў і тут трэба ўсё добра абдумваць: з аднаго боку - не спяшацца і дзейнічаць узважана, з іншага - не зацягваць, каб не адстаць.
"Жыццё - штука цяжкая, вельмі цяжкая. Наперадзе ў вас вялізная-вялізная будучыня. І вы недзе хутка праходзьце нейкія этапы ў жыцці, недзе не спяшайцеся. Трэба пачакаць, агледзецца вакол, - даў наказ кіраўнік дзяржавы. - Мы жывём у цэнтры Еўропы. У гэтым наша перавага і вялікая бяда. Таму што на таго, хто ў цэнтры, уздзейнічаюць з усіх бакоў. Таму трэба быць мудрымі. У нас, у беларусаў, усяго гэтага дабра хапае. Галоўнае, дзе трэба, - спакойна, не спяшацца. Але дзе трэба хутка - ідзіце хутка".


