Андрэй Швед назначаны Генеральным пракурорам Беларусі

  • 5
  • 3:19

Андрэй Швед, які да цяперашняга часу ўзначальваў Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз, назначаны Генеральным пракурорам Беларусі. Адпаведнае кадравае рашэнне прыняў 9 верасня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

"Яшчэ раз хачу нагадаць, карыстаючыся выпадкам, для асабліва "дасведчаных", якія ці то хайпуюць, ці то посцяцца ў інтэрнэце наконт маіх кадравых назначэнняў: напэўна, гэта натуральны працэс (кадравыя назначэнні. - Заўвага) пасля выбараў. Як у любой дзяржаве. Асноўны касцяк, ва Урадзе асабліва, мы сфарміравалі да выбараў, каб людзі бачылі, з кім Прэзідэнт плануе працаваць пасля выбараў. Ну і, зразумела, як гэта прынята гаварыць, пэўная даводка заўсёды ёсць пасля выбараў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што Аляксандр Канюк працаваў на пасадзе Генеральнага пракурора 9 гадоў. "Больш таго, чалавек надзейны, дзяржаўны, чалавек ваенны, прайшоў Афганістан, мы гэта ведаем. Ведае замежныя мовы. У яго ёсць жаданне папрацаваць на дыпламатычнай службе. Я не пярэчу супраць такога жадання. Трэба звязацца з Міністрам замежных спраў і папрасіць яго падрыхтаваць свае прапановы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы пра Андрэя Шведа, Прэзідэнт адзначыў, што гэта, напэўна, самы падрыхтаваны чалавек для гэтай пасады, ён прайшоў многія ступені ў праваахоўных органах, працаваў і ў пракуратуры. "Думаю, што гэта будзе правільнае назначэнне на пасаду Генеральнага пракурора. Але што мяне асабліва задавальняе, аб ім добрага меркавання ў самой пракуратуры. Гэта, як яны кажуць, наш чалавек", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка даручыў накіраваць неабходныя дакументы на ўзгадненне ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Ён таксама папрасіў раніцай 10 верасня сабраць цэнтральны апарат Генеральнай пракуратуры, запрасіць абласных пракурораў. "Я асабіста прыеду і прадстаўлю Генеральнага пракурора. Тым больш, што ёсць аб чым пагаварыць, няхай коратка, з супрацоўнікамі цэнтральнага апарату", - сказаў Прэзідэнт.

"Многія СМІ, я аналізую, пачалі пагаворваць (вы ведаеце, якія гэта сродкі масавай інфармацыі), што ў нас з'явіўся нейкі дэфіцыт кадраў, ледзь не ажыятаж. Ніякага ажыятажу няма. Гэта я канстатую адназначна. Вырасла новае пакаленне людзей, спецыялістаў. Дарэчы, вопытных людзей, не проста збоку схапілі, назначылі. А людзі, якія прайшлі пэўныя ступені, і не толькі ў гэтым выпадку ў пракуратуры, а ва ўсім праваахоўным блоку", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён пажадаў Андрэю Шведу поспехаў у рабоце. "Няма неабходнасці мне неяк вас настаўляць на новай пасадзе. Вы лепш за мяне ведаеце, чым там займацца. А заўтра раніцай пагаворым з вашымі калегамі, дастойна Аляксандра Уладзіміравіча (Канюка. - Заўвага) праводзім. Думаю, ён прынясе нам нямала карысці", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.