Разгляд кадравых пытанняў
- 25
- 3
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 ліпеня разгледзеў кадравыя пытанні.
Кіраўнік дзяржавы назначыў:
Лядніцкую Ілону Аляксандраўну - намеснікам Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка;
Машніну Алену Мікалаеўну - членам Праўлення Нацыянальнага банка;
Гарагляда Дзяніса Іванавіча - членам Праўлення Нацыянальнага банка;
Мурына Дзмітрыя Леанідавіча - членам Праўлення Нацыянальнага банка;
Еўдачэнку Андрэя Аляксандравіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Нідэрландаў;
Дапкюнаса Андрэя Вадзімавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Аўстрыйскай Рэспубліцы і па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Славенія, Пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры міжнародных арганізацыях у Вене і па сумяшчальніцтве пры Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ);
Краўчанку Алега Іванавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Злучаных Штатах Амерыкі;
Уцюпіна Паўла Уладзіміравіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Казахстан;
Ермаловіча Максіма Леанідавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі і па сумяшчальніцтве ў Ірландыі;
Рэуцкага Дзмітрыя Васільевіча - намеснікам Старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі;
Козыра Уладзіміра Уладзіміравіча - начальнікам упраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі па Мінску і Мінскай вобласці.
Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:
Чарткова Сяргея Валер'евіча - генеральным дырэктарам ААТ "Магілёўскі завод ліфтавага машынабудавання";
Гур'янава Аляксандра Яўгенавіча - першым намеснікам Міністра замежных спраў;
Алейніка Сяргея Фёдаравіча - намеснікам Міністра замежных спраў;
Ткача Паўла Мікалаевіча - першым намеснікам Міністра сувязі і інфарматызацыі;
Мікулёнка Дзмітрыя Міхайлавіча - першым намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама;
Маслава Сяргея Мікалаевіча - намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама;
Дзядкова Мікалая Леанідавіча - кіраўніком спраў Магілёўскага аблвыканкама.
У рамках прыняцця кадравых рашэнняў Кіраўнік дзяржавы правёў асобную сустрэчу з кіраўніцтвам Нацыянальнага банка, адзначыўшы, што запрасіў яго для размовы па сітуацыі, якая складваецца ў банкаўскім сектары і эканоміцы ў цэлым.
"Банкаўская сістэма - адзін з ключавых элементаў нашай эканамічнай бяспекі, і гэта асабліва адчуваецца ў перыяд бягучага сусветнага крызісу. Прытым не толькі эканамічнага, я сказаў бы, комплекснага, усебаковага крызісу", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што за гады незалежнасці ў краіне створана банкаўская сістэма, якая нядрэнна функцыянуе. У Беларусі 25 банкаў, у чыіх статутных фондах не толькі беларускі, але і расійскі, казахскі, аўстрыйскі і швейцарскі капіталы. "Гэта сведчыць аб адкрытасці беларускай эканомікі і ўпэўненасці міжнародных партнёраў у яе будучым. У адваротным выпадку капітал не размяшчалі б у нашых банках", - заўважыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што перад новым складам Урада паставіў задачу не проста не дапусціць спаду нацыянальнай эканомікі ў бягучым годзе. "Трэба знайсці, выхапіць кожны шанц, любую магчымасць для руху наперад. Ад Нацбанка я таксама чакаю больш актыўнага ўдзелу ў гэтым працэсе. Гэта не летуценне. Мы проста не можам сабе дазволіць каціцца ўніз, таму што адтуль будзе вельмі цяжка падымацца. Наколькі гэта магчыма, мы павінны ўтрымацца пры ўсіх праблемах у гэтым годзе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён нагадаў, што на нарадзе 19 чэрвеня вобразна выказаўся, што з таго моманту памочнікам Урада па заработнай плаце і забеспячэнні падтрымкі работы прадпрыемстваў стаў Старшыня Праўлення Нацбанка Павел Калаур.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ёсць такія прадпрыемствы, якія сапраўды трапілі ў складанае становішча, і ім патрэбна дапамога. "Вы маю пазіцыю ведаеце: хто склаў рукі або, не дай бог, людзей пачаў звальняць, на падтрымку дзяржавы няхай не разлічвае. Прытым меры за тое, што выкідваюць людзей на вуліцу, будуць самыя строгія. Але тым, у каго ёсць "жывыя" экспартныя кантракты або хто запусціў інвестыцыйны праект, трэба дапамагчы абавязкова. Гэтыя грошы вяртаюцца назад", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы даручыў прыцягваць да гэтай работы мясцовыя органы ўлады, паколькі яны лепш ведаюць сітуацыю ў сваіх рэгіёнах. "Сустракайцеся з дырэктарамі і калектывамі, трэба падставіць сваё плячо, - заклікаў ён. - Не выстаўляйце празмерныя ўмовы, не стаўце бар'еры. Ідзіце насустрач па рэструктурызацыі даўгоў, хаця б у якасці часовай перадышкі. Вы ведаеце, што ва ўсіх краінах (ад ЗША да Кітая) ёсць такія паслабленні".
Разам з тым Прэзідэнт канстатаваў, што ў апошнія тры месяцы Нацбанк сваімі рашэннямі спрасціў шмат наглядных абмежаванняў, знізіў стаўку рэфінансавання. "Рух у гэтым напрамку акуратна, спакойна трэба прадаўжаць. Калі страцім заводы, прадпрыемствы, калектывы, наступнымі будуць банкі. Бягучыя цяжкасці вырашым, але з 2021 года трэба прырастаць сярэднесусветнымі тэмпамі. Іншага не дадзена", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Вы памятайце, што я прасіў задаць устойлівы трэнд на змякчэнне фінансавай палітыкі і пастаянны рост крэдытавання эканомікі. Пры гэтым, вядома, будзем стрымліваць інфляцыю. Літаральна на працягу некалькіх дзён у нас адбудзецца размова і з Урадам. Паглядзім, як яны гэтым займаюцца. Як можна так займацца, кантраляваць цэнаўтварэнне, а ў той жа час цэны на некаторыя тавары (ужо ў СМІ праскоквае) падняліся амаль у два разы?" - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што новыя інвестыцыі аб'яўлены прыярытэтам наступнай пяцігодкі. У сувязі з гэтым ён заклікаў кіраўніцтва Нацбанка падумаць, як кампенсаваць недахоп доўгіх і танных грошай для крэдытавання інвестпраектаў, асабліва з тэрмінам акупнасці 7-10 гадоў, як, напрыклад, у машынабудаванні або нафтахіміі.
"Вы бачыце, што некаторыя краіны, у тым ліку і расіяне, абмежавалі знешнія ліміты для беларускіх банкаў", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Таму важнейшая задача Нацбанка, якую ставіць Кіраўнік дзяржавы, - знайсці альтэрнатыўныя магчымасці прыцягнуць рэсурсы (пажадана знешнія і доўгія) для дыверсіфікацыі базы банкаў. "Такія ж задачы (ключавыя паказчыкі эфектыўнасці) трэба ставіць усім кіраўнікам банкаў і строга спаганяць за выконваемую работу. Гэта перш за ўсё датычыцца памочніка Прэзідэнта. У вас павінна быць, як ва Урадзе: кожны адказвае персанальна, што прадаў на экспарт і колькі валютнай выручкі прынёс у краіну. Кожны банкір павінен персанальна адказваць, якія ён грошы прыцягнуў са знешніх рынкаў і на якіх лепшых умовах. Седзячы ў канторы Нацбанка гэтага не зробіш. У вас павінны быць шырокія кантакты. І не толькі з расіянамі, але і ў Еўропе, Амерыцы, Кітаі, іншых месцах, каб прыцягнуць грашовыя рэсурсы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы праводзім паступовую, спакойную лібералізацыю фінансавага і валютнага рынкаў. Аднак паслабленні - гэта не ўсёдазволенасць", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што ў рабоце трэба абапірацца на міжнародныя стандарты, асабліва ў частцы барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму. "Беларусь займае 21-е месца ў рэйтынгу ФАТФ (Група распрацоўкі фінансавых мер барацьбы з адмываннем грошай. - Заўвага). Пры гэтым Расія на 32-м, Швейцарыя - на 35-м, ЗША - на 37-м, Кітай - на 84-м", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Аднак на прыкладзе "Белгазпрамбанка" бачым, што работы непачаты край. Павінен сказаць, што Старшыня Праўлення (Нацбанка. - Заўвага) і кіраўніцтва банка нясуць персанальную адказнасць за тое, што адбываецца ў нашых камерцыйных банках", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Гэта сітуацыя павінна стаць урокам для абноўленага кіраўніцтва Нацбанка. Штат у вашай структуры немалы, але, на жаль, нагляд праваліўся, не спрацаваўшы на апярэджанне. Думаю, што вы зробіце адпаведныя вывады, прытым імгненныя", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
"Банкі не павінны быць убаку ад сучасных тэндэнцый. Больш таго, ім належыць стаць лакаматывам інавацый. Асабліва ў частцы лічбавізацыі", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што праз 5-10 гадоў ужо не будзе банкаў у класічным выглядзе, і да гэтых змяненняў трэба рыхтавацца цяпер.
"Распрацоўкі рэзідэнтаў нашага Парка высокіх тэхналогій ужо запатрабаваны швейцарскімі і амерыканскімі банкамі. Таму трэба шырэй задзейнічаць патэнцыял парка на практыцы і нам", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што ўсе пастаўленыя перад Нацбанкам задачы павінны знайсці сваё адлюстраванне ў абноўленым Банкаўскім кодэксе і заклікаў не зацягваць з яго актуалізацыяй.
"Калі патрэбны аператыўныя рашэнні, уносьце прапановы. Адказны за абнаўленне кодэкса - памочнік Прэзідэнта Бельскі. Ён павінен узяць на кантроль гэту работу. І Банкаўскі кодэкс не павінен быць сам па сабе, а эканоміка Беларусі сама па сабе - развівацца ў тым напрамку, у якім ёй "хочацца". Банкаўскі кодэкс павінен адпавядаць жыццю і развіццю нашай эканомікі, жыццю нашых людзей", - сказаў ён.
"Яшчэ раз паўтараю: я чакаю ад Нацыянальнага банка рашучых крокаў па далейшым развіцці фінансавай сістэмы, і перш за ўсё падтрымцы рэальнага сектара эканомікі, умацаванні даверу да нацыянальнай валюты і павышэнні абароненасці насельніцтва. Банкаўская сістэма павінна служыць беларускаму народу", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Назначаючы кіраўнікоў беларускіх дыпмісій за мяжой, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што добра знаёмы з кожным з іх. "Шмат я пачуў амаль пра кожнага прысутнага тут. Я ўжо не кажу пра Андрэя Дапкюнаса: я ўпэўнены, што чалавек вопытны і сапраўдны беларус. Наколькі я разумею, наколькі мой лёс сутыкнуўся з яго работай у свой час, калі ён яшчэ ў Нью-Ёрку быў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца назначэння Андрэя Еўдачэнкі ў Нідэрланды, Міністр замежных спраў Уладзімір Макей адзначыў, што гэта еўрапейская краіна яшчэ не да канца даследавана Беларуссю, ёсць перспектывы для запуску сур'ёзных праектаў. "Вельмі спадзяюся, што ваш вопыт работы ў Беларусі схіліць вас да таго, што вы нам вельмі сур'ёзна дапаможаце па перспектыўных праектах. Нідэрланды - няпростая краіна, яны не ва ўсё ўнікаюць і не ўсё ведаюць пра Беларусь, тым не менш займаюць асаблівую пазіцыю. Думаю, вы зможаце павярнуць гэту кампактную, невялікую краіну, прыкладна раўназначную Беларусі, у наш бок", - звярнуўся Прэзідэнт да пасла.
Новы пасол Беларусі ў ЗША Алег Краўчанка плануе адбыць у Вашынгтон у жніўні. "У Амерыцы давядзецца пачынаць усё спачатку. Справішся?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.
Міністр замежных спраў Уладзімір Макей у сваю чаргу адзначыў, што для развіцця двухбаковых адносін ужо закладзена добрая аснова, беларускага пасла там ведаюць і даўно чакаюць. Паводле яго слоў, у Алега Краўчанкі вялікае кола сувязей у розных дзяржаўных органах ЗША, гэта стане для яго падмогай у рабоце.
"Вельмі многае будзе залежаць ад тваёй работы. Гэта мы яшчэ падрабязна потым абмяркуем, праз Міністра я перадам некаторыя рэчы. Нам патрэбны будуць падтрымка і дапамога ад Злучаных Штатаў Амерыкі, асабліва ў гэты перыяд у фінансавай сферы ў сувязі з каранавірусам, - заявіў Прэзідэнт. - Там у нас нядрэнныя перспектывы".
Ад новага пасла ў Казахстане Кіраўнік дзяржавы чакае развіцця кааперацыйных сувязей у сферы прамысловасці. "Я Прэзідэнту пакляўся, што прыедзе вельмі талковы і прыстойны чалавек. Для нас вельмі важна прамысловасць там. Таму не думай, што ты едзеш для адпачынку. Нам трэба Казахстан падцягнуць да Беларусі. У нас развіта сельгасмашынабудаванне, кампетэнцыі ў нас добрыя - тое, чаго няма ў іх. Я вельмі спадзяюся, што твой вопыт работы ў прамысловым сектары дапаможа нам справіцца з вырашэннем задач па пашырэнні тавараабароту з Казахстанам. Краіна цікавая, людзі цікавыя, і вельмі вялікі аб'ём работы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Максіма Ермаловіча, паводле слоў Прэзідэнта, мэтанакіравана рыхтавалі на пасаду пасла Беларусі ў Вялікабрытаніі. "Дарэчы, яго рэкамендуе Мішусцін (Прэм'ер-міністр Расіі. - Заўвага). Вельмі шмат пра яго расказваў, нават тое, чаго я не ведаў. Ён вельмі добрага меркавання пра нашага міністра фінансаў. Калі я сказаў, што ён едзе ў Вялікабрытанію, ён са шкадаваннем да гэтага аднёсся, - расказаў Кіраўнік дзяржавы. - Там, як і з Амерыкай. Ты лепш за мяне ведаеш, у якім плане трэба папрацаваць".
Прымаючы кадравыя рашэнні аб перастаноўках у КДБ, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта сур'ёзныя назначэнні і пацікавіўся, наколькі дасканала былі вывучаны і падабраны кандыдатуры. Кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што абодва - дастойныя афіцэры, якія прайшлі розныя прафесійныя этапы, добра сябе зарэкамендавалі, спецыяльна рыхтаваліся і знаходзіліся ў рэзерве для вылучэння на вышэйстаячыя пасады.
Прэзідэнт таксама ўзгадніў назначэнне Сяргея Чарткова генеральным дырэктарам Магілёўскага завода ліфтавага машынабудавання. Да гэтага ён займаў пасаду намесніка гендырэктара па камерцыйных пытаннях. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што добра ведаў бацьку Сяргея Чарткова - Валерыя Чарткова, які ў свой час узначальваў Магілёўскі завод транспартнага машынабудавання ("Магілёўтрансмаш") і быў прэзідэнтам Магілёўскай асацыяцыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў. "Дастойны быў чалавек. Сапраўдны беларус. Вельмі хацелася б, каб і ў вас атрымалася работа", - даў наказ Аляксандр Лукашэнка новаму кіраўніку "Магілёўліфтмаша".