Рабочы візіт у Расійскую Федэрацыю. Перагаворы з Уладзімірам Пуціным

  • 5
  • 2

Беларусь і Расія сур'ёзна рушылі наперад у пытанні ўзгаднення саюзных праграм. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 22 красавіка на сустрэчы ў Крамлі з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

"Мы рухаемся сур'ёзна па саюзных праграмах. Памятаеце, з карт пачыналі (дарожных карт. - Заўвага). Вельмі сур'ёзныя праграмы. Напэўна, 26 або 27 праграм мы ўжо ўзгаднілі на ўзроўні Урада. Няшмат засталося, 2-3 вельмі сур'ёзныя праграмы эканамічнага характару, у тым ліку і падаткаабкладанне - вядомая праграма, па якой мы ўвогуле ў Мінску прынялі рашэнне, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Таму я з Вамі згодны. Мы пакрыху рухаемся. Але ёсць на злобу дня пытанні, якія трэба ўзмацняць проста, у тым ліку і бяспеку, абарона нашай Саюзнай дзяржавы. Хоць увогуле, напэўна, пакуль спраўляемся і справімся. І лініі нарысуем, за якія ніхто не павінен перайсці, і дастойна адкажам тым, хто не разумее, што ў гэтым шалёным свеце трэба быць больш спакойнымі і жыць дружна".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў канцы мінулага года кіраўнікі дзяржаў склалі праграму сваіх дзеянняў. Прэзідэнты Беларусі і Расіі за апошні час двойчы сустракаліся ў Сочы, абмяркоўваючы розныя пытанні не толькі бягучага характару, але і стратэгічнага плана.

"Апошні раз мы дамовіліся, што сур'ёзна ў Мінску папрацуюць нашы ўрады. Дзякую Вам, Міхаіл Уладзіміравіч (Прэм'ер-міністр Расіі Міхаіл Мішусцін, які нядаўна наведваў Беларусь на чале расійскай дэлегацыі. - Заўвага) прыехаў, выступіў, як акадэмік. Маладзец, атрымалася ў яго вельмі моцна. Расказаў аб эканоміцы, фінансах, падаткаабкладанні, падатковым адміністраванні, аб эфектыўнасці сістэмы падаткаабкладання. Я потым скажу, мы прыйшлі да пэўнай сумеснай высновы", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы з Вамі дамаўляліся, што пасля прапрацоўкі гэтых пытанняў мы сёння з Вамі сустрэнемся і абмяркуем яшчэ раз гэтыя пытанні", - дадаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што летам трэба правесці Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які ў гэтым годзе будзе прымаць Маскоўская вобласць. "А затым мы прымем рашэнне аб пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета восенню, на якім мы ўжо зможам фармалізаваць усе нашы дамоўленасці, падпісаўшы пэўныя дакументы", - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі таксама даў станоўчую ацэнку зместу агучанага напярэдадні Паслання Прэзідэнта Расіі Федэральнаму Сходу.

"Па-першае, хачу павіншаваць Вас з заканчэннем чарговага прэзідэнцкага, вельмі цяжкага, вострага, я сказаў бы, перыяду. А штогадовае Пасланне Прэзідэнта - гэта заўсёды вялікая праца. Гэта работа вельмі многіх людзей. Але ўсё роўна нагрузка кладзецца на Прэзідэнта. Яму вызначаць, якім павінна быць Пасланне. Мы заўважылі вялікую чалавечую нотку гэтага Паслання. Абсалютна згодны з тымі высновамі, якія былі зроблены. Асабліва падтрымліваю той крэн, які быў Вамі ўзяты ў гэтым Пасланні - менавіта чалавек", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што краіны сутыкаюцца з падобнымі праблемамі ў пытанні дэмаграфіі, таму важна прымаць меры для павышэння нараджальнасці, падтрымкі шматдзетных сем'яў. "Мы маем прыкладна тую ж падтрымку, забяспечваем падтрымку людзям, шматдзетным асабліва. Гэта прыярытэт нашай краіны. Таму ў нас гэта ўспрынята з адабрэннем", - адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт Расіі ў час сустрэчы падкрэсліў, што трэба абмеркаваць шырокі спектр пытанняў: фундаментальныя рэчы, якія датычацца двухбаковых адносін, і супрацоўніцтва ў шматбаковых фарматах. "Але спачатку, нягледзячы на ўсе вострыя пытанні, якія мы сёння, напэўна, будзем абмяркоўваць, хацеў бы адзначыць, што адносіны ў нас развіваюцца, развіваюцца паспяхова. Нягледзячы на пандэмію і пэўнае скарачэнне тавараабароту, усё ж такі аб'ём вельмі значны - амаль $30 млрд агульны аб'ём сёння. Упэўнены, што ўсё адновіцца і ў ранейшым аб'ёме", - заявіў Уладзімір Пуцін.

Ён расказаў, што абодва бакі прадаўжаюць працаваць над удасканаленнем нарматыўнай базы па будаўніцтве Саюзнай дзяржавы, але, разам з тым, па некаторых пытаннях яшчэ трэба будзе дамовіцца, узгадніць пазіцыі. "Работа ў цэлым ідзе нядрэнна па ўсіх напрамках, каманды нашы працуюць вельмі эфектыўна. Я маю на ўвазе і ўрадавую каманду, і каманды па лініі адміністрацый, і, як бачым цяпер, па лініі спецыяльных службаў", - адзначыў Уладзімір Пуцін.

Паводле яго слоў, Беларусь і Расія паглыбляюць узаемадзеянне ў сферах ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва і забеспячэння бяспекі "у самым шырокім сэнсе гэтага слова".

На сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў таксама прысутнічалі прадстаўнікі СМІ. Яны папрасілі пракаменціраваць нядаўнюю прапанову Прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага расійскаму калегу правесці сустрэчу на Данбасе і заявы ўкраінскага боку па магчымасці пераносу з Беларусі пасяджэнняў трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ў гэтым рэгіёне.

"Што датычыцца прапановы ўкраінскага кіраўніцтва і Прэзідэнта Зяленскага, хацеў бы сказаць наступнае. Апошнім часам дзеючае кіраўніцтва Украіны зрабіла шмат крокаў, якія разбураюць расійска-ўкраінскія адносіны", - сказаў Уладзімір Пуцін.

Паводле яго слоў, гэта датычыцца шэрага праблем у двухбаковых адносінах непасрэдна, стаўлення ўкраінскага кіраўніцтва да Рускай праваслаўнай царквы і, па сутнасці, спробы яе разбурэння, стаўлення да рускай мовы і рускамоўных грамадзян Украіны, а таксама да расійскіх грамадзян, якія пражываюць ва Украіне. "Вельмі шмат было крокаў, накіраваных на разбурэнне нашых адносін. Аб чым мы, безумоўна, можам толькі шкадаваць, - заявіў Кіраўнік расійскай дзяржавы. - Але калі Прэзідэнт Зяленскі хоча пачаць аднаўленне гэтых адносін, мы будзем гэта толькі вітаць".

"Узнікае пытанне: мы што хочам абмяркоўваць на гэтай сустрэчы? Калі размова ідзе пра абмеркаванне праблем Данбаса, то тады, у першую чаргу, кіраўніцтва Украіны павінна сустракацца з кіраўнікамі рэспублік - ЛНР і ДНР. А потым ужо абмяркоўваць гэтыя праблемы з прадстаўнікамі трэціх краін, якой у дадзеным выпадку з'яўляецца Расія", - звярнуў увагу Уладзімір Пуцін.

Калі ж ёсць неабходнасць абмеркаваць развіццё двухбаковых адносін, то, падкрэсліў расійскі лідар, у Маскве гатовы прыняць Прэзідэнта Украіны ў любы зручны для яго час.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка згадзіўся з такім падыходам расійскага калегі. "Калі яны хочуць з Данбасам размаўляць, можна і ў Данбасе - няхай сустракаюцца, правільна? Гэта ж іх справа", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Мне здаецца, Уладзімір Уладзіміравіч, Зяленскаму пара ўжо навучыцца канкрэтна, дыпламатычна сябе паводзіць, апрача ўсяго іншага. Гэта датычыцца Данбаса", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб прапановах ва Украіне перанесці з Мінска перагаворную пляцоўку трохбаковай кантактнай групы па Данбасе, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што першапачаткова з просьбай арганізаваць у Беларусі перагаворную пляцоўку да яго звярнуліся Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, Прэзідэнт Украіны ў тыя гады Пётр Парашэнка. "Усе, хто прысутнічалі тады, звярнуліся да мяне: трэба арганізаваць. Я ўзяў пад казырок. Калі сёння не падабаецца, калі ласка, можна выбраць любую іншую краіну, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Але трэба мець на ўвазе, што тут павінен быць кансэнсус тых, хто некалі прапаноўваў (бакоў на перагаворах. - Заўвага)".

Прэзідэнт Беларусі дадаў: калі прэзідэнты Расіі і Украіны, іншыя ўключаныя ў працэс прымуць адпаведнае рашэнне, то, вядома, група будзе працаваць у іншым месцы.

"А наогул, у нас кажуць так: баба з воза - каню лягчэй. Таму калі ласка. Мы ж асабліва не перажываем наконт гэтых заяў. Хоць яны заявілі, а потым ужо абверглі гэтыя заявы. Нібы Прэзідэнт адмовіўся нават абмяркоўваць гэту праблему. Глупства несусветнае. Што тут абмяркоўваць..." - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Уладзімір Пуцін наконт гэтага сказаў: "Беларусь проста прадаставіла нам пляцоўку і наогул не ўмешваецца ў гэты працэс. Ніяк. Проста стварыла ўмовы для работы тым, хто хоча шукаць шляхі вырашэння праблемы. Калі нехта не хоча гэтым займацца, тады, вядома, прычыны не працаваць у гэтай, на мой погляд, вельмі важнай сферы, заўсёды можна знайсці. Здаецца, што гэта пошук такіх прычын ухіліцца ад абмеркавання праблемы Данбаса".

"І пахаваць Мінскія пагадненні", - дадаў у працяг тэмы Аляксандр Лукашэнка.