Удзел у саміце Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ў Маскве

  • 15
  • 3

Выступленне Прэзідэнта Беларусі А.Р.Лукашэнкі на сустрэчы лідараў дзяржаў АДКБ у Маскве

Сённяшняя сустрэча праходзіць у няпросты час, як толькі што Уладзімір Уладзіміравіч сказаў. Час перадзелу свету. Аднапалярная сістэма светаўладкавання незваротна адыходзіць у мінулае. Аднак калектыўны Захад вядзе жорсткую барацьбу за захаванне сваіх пазіцый. У ход ідуць усе сродкі, у тым ліку ў зоне адказнасці нашай арганізацыі. Ад бразгання натаўскай зброяй каля нашых заходніх граніц да развязанай супраць нас, у першую чаргу супраць Расіі і Беларусі, поўнамаштабнай гібрыднай вайны.

НАТА агрэсіўна нарошчвае мускулы, зацягваючы да сябе ў сеткі яшчэ нядаўна нейтральныя дзяржавы - Фінляндыю і Швецыю. Дзейнічае паводле прынцыпу "хто не з намі, той супраць нас". Крывадушна прадаўжае дэклараваць сваю абарончую накіраванасць.

На гэтым фоне кантрастам выглядае сапраўды абарончая і міралюбная пазіцыя Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.

На заходнім флангу нашай арганізацыі нарошчваецца ваенная прысутнасць Штатаў, паскоранымі тэмпамі мадэрнізуецца ваенная інфраструктура, ідуць шматлікія вучэнні НАТА. Непасрэдна цяпер на тэрыторыі 19 еўрапейскіх краін, у тым ліку ля нашых граніц у Польшчы, праходзіць буйнамаштабнае вучэнне (такога мы раней не бачылі) "Абаронца Еўропы - 2022". Ад каго яны абараняюцца - здагадайцеся самі.

Да гэтага часу на беларуска-польскай граніцы знаходзіцца групоўка колькасцю каля 15 тыс. ваеннаслужачых, размешчаных там яшчэ ў мінулым годзе пад выглядам міграцыйнага крызісу. Гэта акрамя тых пастаянных войскаў, якія там прысутнічалі. У мінулым годзе было перакінута 15 тыс. У асноўным амерыканцаў. Мігрантаў там ужо даўно няма, а войскі стаяць. Паўстае пытанне, навошта?

Відавочна, што сёння ні адна краіна не ўяўляе пагрозы для Паўночнаатлантычнага блока. Больш таго, акрамя задзейнічаных на тэрыторыях Польшчы і краін Балтыі 15 тыс. чалавек у аперацыі ўзброеных сіл ЗША "Атлантычная рашучасць" і аб'яднаных узброеных сіл НАТА "Узмоцненая перадавая прысутнасць", дадаткова прыбыла групоўка для ўмацавання ўсходняга фланга альянсу. Звыш 10 тыс. ваеннаслужачых. Калі, дапусцім, 7 гадоў таму было войскаў у гэтым месцы 3,5 тыс., то цяпер іх каля 40 тыс. Адразу на тэрыторыі Польшчы, прыбалтыйскіх дзяржаў. Пакуль пра Украіну не гавару.

І вось тут наша ваеннае ўзаемадзеянне ў рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, членства Беларусі ў АДКБ з'яўляюцца тымі самымі стабілізатарамі, што аказваюць пэўны ацверажальны эфект на гарачыя галовы па той бок граніцы. Гэты прыклад сведчыць аб тым, што калі б гэтага не было, баюся, што гарачая вайна ўжо была б і на тэрыторыі Беларусі. Дарэчы, яны спрабавалі гэта ў 2020 годзе.

Сёння няма больш злабадзённага і важнага пытання, чым канфлікт вакол Украіны. Пачынаючы з 2014 года, усе мы аказвалі ўсё неабходнае садзейнічанне ў мэтах яго ўрэгулявання. У прынцыпе, мы гатовы, усе, хто сядзіць за сталом, рабіць гэта і цяпер у любым фармаце.

Зразумела, што Украіну нацкоўвалі і падбухторвалі, нашпігоўваючы яе нацыяналізмам, нацызмам, а сведчанне ў Адэсе, калі спалілі жывых людзей - і фашызмам, русафобіяй і зброяй. Цкавалі чым толькі магчыма.

Пасля выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года ў адносінах да ўзаемадзеяння з Беларуссю Украіна поўнасцю, як у нас прынята гаварыць, лягла пад Захад. На працягу апошніх двух гадоў мы пастаянна адчуваем на сабе недружалюбныя акцыі з боку нашай паўднёвай суседкі. Украіна на апярэджанне ўвяла супраць нас санкцыі. Гэта значыць Захад яшчэ не ўводзіў ніякія санкцыі, і амерыканцы ў тым ліку. Украіна гэта зрабіла першай. Памятаеце, неба закрылі, чыгуначныя зносіны. Потым пачалі рыхтаваць баевікоў, нам падкідваць. Потым зброя цераз граніцу пайшла. Гэта ўсё вядома. Ажыццяўляла правакацыйныя дзеянні авіяцыяй шляхам вядзення разведкі ўкраінскімі беспілотнікамі ў паветранай прасторы Беларусі. Факты, якія сведчаць аб пагрозе нашай нацыянальнай бяспецы, неаспрэчныя.

Менавіта таму намі абсалютна правамерна быў задзейнічаны механізм падтрымкі ў рамках саюза з Расіяй. Беларусь і да пачатку ваеннай аперацыі Расіі звяртала ўвагу на неабгрунтаваны рост ваеннай прысутнасці Захаду ва Украіне. І ў рэгіёне ў цэлым. Мы аб гэтым неаднаразова гаварылі і папярэджвалі, што справа ідзе да канфлікту.

Чакалі, што Захад, і перш за ўсё ЗША, усё ж такі скарыстаюцца вядомай прапановай Расіі па запуску перагавораў па гарантыях бяспекі. Рана ці позна ў аглядным будучым гэты працэс усё роўна пачнецца. Але што да таго часу застанецца ад Украіны і ад нашага рэгіёна - гэта пытанне. Пакуль на Захадзе, у тым ліку ў Вашынгтоне, мы назіраем толькі жаданне максімальна прадоўжыць канфлікт. Для гэтага Украіну прадаўжаюць начыняць зброяй. Мэты зразумелыя: максімальна аслабіць Расію, утапіўшы яе, як яны гавораць, у гэтай вайне. А, можа, зрабіць так, каб запалала шырэй. І гэта мы таксама назіраем. Калі задума такая, то, напэўна, адседзецца ні ў кога не атрымаецца.

Самая небяспечная сёння тэндэнцыя ва Украіне - спробы раздзялення Украіны. Ужо створаны тысячныя падраздзяленні для таго, каб пад выглядам міратворцаў увайсці ва Украіну і "абараніць" яе.

Ва ўмовах поўнага ігнаравання норм і прынцыпаў міжнароднага права асабліва важныя адзінства і салідарнасць аднадумцаў. Дзяржавы - члены АДКБ праявілі ў студзені гэтага года такую салідарнасць і выручку ў цяжкую хвіліну. Вы памятаеце казахстанскія падзеі. Своечасовасць і аператыўнасць гэтага кроку наглядна прадэманстравалі ўсяму свету цесныя саюзніцкія сувязі, дзеяздольнасць, патэнцыял Арганізацыі па забеспячэнні бяспекі яе дзяржаў-членаў. Ніхто на Захадзе нават не змог падумаць увязацца ў тую сітуацыю. Таму што разам мы сіла.

Аднак ці можна сёння сцвярджаць, што мы ў нашай Арганізацыі разам і ўсё гэтак жа звязаны вузамі салідарнасці і падтрымкі. Як паказваюць апошнія падзеі, з нашага пункту гледжання (можа, я памыляюся), здаецца, не. Чаго толькі каштуе забарона асобнымі партнёрамі па АДКБ палётаў да іх самалётаў нацыянальных авіякампаній іншых дзяржаў - членаў гэтай Арганізацыі. На фоне жорсткага, ашалелага санкцыйнага прэсінгу з боку кансалідаванага Захаду пастулаты адзінства і салідарнасці спрацоўваюць далёка не заўсёды. Гэта відаць, на жаль, па галасаванні ў міжнародных арганізацыях. З маўклівай згоды нашых партнёраў Беларусь і Расія насуперак усім законам міжнароднага жыцця па капрызу Захаду шальмуюцца і выключаюцца з міжнародных арганізацый.

Так, аказваецца націск. Націск жорсткі і беспрынцыпны. На вас - членаў АДКБ. Але ж менавіта для такіх сітуацый і існуе калектыўная ўзаемная падтрымка.

Без хуткага аб'яднання нашых краін, умацавання палітычных, эканамічных, ваенных сувязей нас заўтра можа не быць. З боку нашых непрыяцеляў і апанентаў ідзе планамернае расхістванне апорных пунктаў і саюзніцкіх сувязей. І ў гэтым мы самі часткова дапамагаем Захаду. Упэўнены, што калі б мы адразу выступілі адзіным фронтам, не было б гэтых страшэнных  санкцый.

Паглядзіце, як маналітна галасуе і дзейнічае Еўрапейскі саюз, наколькі ў іх моцная ўнутрыблокавая дысцыпліна. Яна распаўсюджваецца аўтаматычна нават на тых, хто не згодны з прымаемымі рашэннямі. Паўстае пытанне, хто нам перашкаджае выкарыстоўваць гэты блокавы рэсурс. Вось тут з іх нам трэба браць прыклад. Па адным нас проста раздавяць і разарвуць.

Я яшчэ ў студзені папярэджваў, што асноўнай мэтай пэўных знешніх сіл з'яўляецца падрыў стабільнасці і парушэнне эвалюцыйнага шляху развіцця на ўсёй постсавецкай прасторы. Пачалі з Беларусі, потым зараза перацякла ў Казахстан, цяпер на чарзе Расія. Як мы бачым, і ў Арменіі праблемы ствараюць.

І не трэба думаць, што гэта некага абміне. Цяпер абсалютна відавочна, што, не сустрэўшы адзінага процідзеяння з боку саюзнікаў па Арганізацыі і іншых інтэграцыйных аб'яднанняў на постсавецкай прасторы, калектыўны Захад будзе нарошчваць свой прэсінг.

Што трэба зрабіць для ўмацавання АДКБ у цяперашняй беспрэцэдэнтнай сітуацыі: пакуль наўскідку мне бачацца наступныя крокі, проста першачарговыя, іх шмат. Пра іх вельмі шмат у свой час гаварыў Эмамалі Шарыпавіч (Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон. - Заўвага), звяртаючыся да праблемы таго рэгіёна.

Першае. Узмацненне палітычнага ўзаемадзеяння і каардынацыі дзяржаў - членаў АДКБ. Трэба павысіць каэфіцыент карыснага дзеяння механізма кансультацый па пытаннях знешняй палітыкі і бяспекі. Нам трэба часцей выступаць ад імя АДКБ на міжнародных пляцоўках, каб голас і пазіцыя Арганізацыі былі відаць і чуваць. І гэты голас і пазіцыя павінны быць адзіныя. Як на Захадзе.

Няхай нашы міністры замежных спраў падумаюць над тым, дзе і як гэта рабіць для дасягнення аптымальнага эфекту. Няхай яны падумаюць над тым, як нам рэагаваць у палітычнай плоскасці на новую хвалю пашырэння НАТА з улікам агучаных намераў вядомых дзяржаў. Мы павінны загадзя выпрацаваць пазіцыю Арганізацыі па гэтым пытанні і давесці свае інтарэсы да сусветнай супольнасці. Мы ў гэтым павінны быць адзіныя. Не толькі Расія павінна выказваць заклапочанасць і змагацца, у гэты час паасобку, са спробай пашырэння НАТА.

Другое. Павышэнне эфектыўнасці процідзеяння выклікам і пагрозам у інфармацыйнай прасторы, уключаючы барацьбу з фэйкамі і дэзынфармацыяй. Зразумела, што супраць нас разгорнута цяпер гібрыдная вайна з састаўной часткай, у якой асноўнай з'яўляецца інфармацыйная вайна. Для таго каб гэтаму процістаяць, варта максімальна выкарыстоўваць патэнцыял пагаднення АДКБ 2017 года аб супрацоўніцтве ў галіне інфармацыйнай бяспекі, актыўней пашыраць АДКБ у сацыяльных сетках, якія інтэнсіўна выкарыстоўваюць нашы заходнія апаненты, у мэтах дзейснага рэагавання на фэйкі і інфармацыйныя ўкіды. Трэба падумаць сур'ёзна і, можа, пайсці па шляху Кітая ў інфармацыйнай барацьбе, асабліва ў інтэрнэце.

Адпаведныя задачы павінны быць пастаўлены ўсім - знешнепалітычным ведамствам, спецслужбам і Сакратарыяту АДКБ.

Трэцяе. Відавочна наспела неабходнасць узмацнення прагнозна-аналітычнага складніка ў рабоце Сакратарыята АДКБ. Упэўнены, што такія структуры ёсць у ААН, Еўрапейскім саюзе і ў НАТА. Магчыма, варта падумаць над стварэннем у Сакратарыяце падраздзялення, якое будзе адказваць за аналіз і стратэгічнае планаванне. Думаю, генсакратару трэба прапрацаваць гэта пытанне.

Чацвёртае. Мэтазгодна падумаць над аб'яднаннем патэнцыялу аналітычных цэнтраў дзяржаў - членаў АДКБ і фарміраваннем сеткі гэтых структур для аказання садзейнічання пры падрыхтоўцы канцэптуальных дакументаў па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня.

Паважаныя сябры, тое, што я прапаную ў гэты вельмі складаны час такія нібыта простыя рэчы, звязана з тым, што па больш складаных пытаннях мы адразу не дамовімся. Можа, гэта будуць першыя крокі. А ісці трэба далей і глыбей, як гаварылі раней.

Паважаныя калегі, усім зразумела, што гістарычная эпоха, якая існавала раней, завяршаецца. І вяртання да ранейшага парадку ўжо не будзе. Нельга дапусціць стварэння новай міжнароднай архітэктуры без нас. А ўкіды на Захадзе ўжо робяцца, і размовы аб гэтым вядуцца. Лічу, што АДКБ павінна трывала ўмацаваць свой статус у міжнароднай сістэме стрымліванняў і проціваг.

Арганізацыя мае магутны калектыўны патэнцыял для далейшага паступальнага развіцця. А вось наколькі эфектыўна яна скарыстаецца ім і ці захавае яна наогул сваё існаванне ў наступныя 10-20, магчыма, 30 гадоў, залежыць толькі ад нас з вамі сёння. Менавіта ад нас.

Пасля Арменіі старшынства ў АДКБ пяройдзе да Беларусі. Акрамя акрэсленых вышэй перспектыўных напрамкаў работы мы ўжо цяпер сур'ёзна думаем над новымі прапановамі, нацэленымі на развіццё нашай Арганізацыі. Гэтыя напрамкі да вас будуць даведзены ў бліжэйшы час. Разлічваем на максімальную падтрымку і канструктыўную работу ўсіх вас, нашых калег. Іншага выбару ў нас няма.

Дзякую ўсім за ўвагу!