Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў змяненне статусу ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон "Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь". 

    У адпаведнасці з дакументам агульнае кіраўніцтва дзейнасцю ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей ускладаецца на Адміністрацыю Прэзідэнта Беларусі. Упаўнаважаны назначаецца Прэзідэнтам і знаходзіцца ў яго прамым падпарадкаванні. 

    Змяненне статусу дасць апарату ўпаўнаважанага больш шырокія магчымасці для аператыўнага ўзаемадзеяння і вырашэння неабходных пытанняў з іншымі дзяржаўнымі органамі. Адміністрацыя Прэзідэнта ў гэтых адносінах забяспечыць належную каардынацыю, у тым ліку пры рэалізацыі буйных міжканфесійных праектаў і пашырэнні заканадаўчых ініцыятыў. 

    Сувязі з замежнымі рэлігійнымі цэнтрамі, якія прадстаўляюць інтарэсы вядучых канфесій свету, часта закранаюць шырокі спектр пытанняў, напрыклад якія адносяцца да сфер знешняй палітыкі і бяспекі. Непасрэднае падпарадкаванне апарату ўпаўнаважанага Кіраўніку дзяржавы дасць магчымасць спрасціць і зрабіць больш эфектыўным узаемадзеянне па гэтых напрамках. 

    Замацаваныя ў дакуменце нормы ў цэлым будуць садзейнічаць далейшаму захаванню і падтрыманню міжканфесійнага і міжнацыянальнага міру і згоды. 

    У развіццё Закона падпісаны Указ, якім зацвярджаецца палажэнне аб упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей, а таксама замацоўваюцца яго асноўныя задачы, функцыі і паўнамоцтвы.