Адкрыццё Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта

  • 4

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 верасня прыняў удзел у адкрыцці Палескага дзяржаўнага універсітэта.

Гэта ВНУ створана ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Беларусі на базе рэарганізаванага Пінскага дзяржаўнага вышэйшага банкаўскага каледжа і пінскіх філіялаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта і Прыватнага інстытута кіравання і прадпрымальніцтва, якія спынілі сваю дзейнасць.

Адкрыццё Палескага дзяржаўнага універсітэта - адзін з напрамкаў рэалізацыі стратэгічнага курсу Беларусі на развіццё рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадоў, заявіў Кіраўнік дзяржавы, выступаючы на ўрачыстым адкрыцці універсітэта ў Пінску.

Прэзідэнт адзначыў, што гэта другая дзяржаўная ВНУ (першая адкрыта ў Баранавічах), створаная за гады існавання суверэннай беларускай дзяржавы. У Беларусі ўжо стала добрай традыцыяй адзначаць Дзень ведаў і пачатак новага навучальнага года адкрыццём новых навучальных устаноў.

"Багацце Айчыны прырастае рэгіёнамі, якія ўяўляюць магутны рэсурс пабудовы моцнай і квітнеючай Беларусі - дзяржавы для нашага народа", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Але для таго, каб гэты рэсурс запрацаваў з поўнай аддачай, патрэбны асаблівыя кадры - гатовыя працаваць, каб стварыць у кожным пасёлку і горадзе, у кожнай вёсцы сучасныя ўмовы для жыцця і работы. "Мы кроўна зацікаўлены ў тым, каб гадаваць і выхоўваць менавіта такую моладзь, для якой шчасце Радзімы даражэй за любы замежны рай", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Стварэнне Палескага дзяржуніверсітэта - чарговы крок у рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Паводле слоў Прэзідэнта, галоўная задача ВНУ - зрабіць якасную адукацыю яшчэ больш даступнай для моладзі з вёскі, малых і сярэдніх гарадоў.

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, адкрыццё новай вышэйшай навучальнай установы ў Пінску з'яўляецца не выпадковым. Па-першае, гэта адзін з найстарэйшых і найпрыгажэйшых гарадоў Беларусі, па-другое, у Пінску склаліся добрыя традыцыі падрыхтоўкі эканамістаў, спецыялістаў банкаўскай справы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што падрыхтоўка спецыялістаў не абмяжуецца дзвюма спецыяльнасцямі, па якіх цяпер навучаюцца студэнты.

Клопаты аб маладым пакаленні заўсёды былі і застаюцца адным з прыярытэтных напрамкаў палітыкі дзяржавы.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў гэтым годзе прыняты тры асноватворныя дакументы, якія вызначаюць галоўныя напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў галіне падтрымкі сям'і, дзяцей і моладзі. Гаворка ідзе аб праграмах "Дзеці Беларусі", "Моладзь Беларусі" і "Маладыя таленты Беларусі".

Паводле слоў Прэзідэнта, за апошнія гады ў краіне нямала зроблена для таго, каб кожны малады чалавек мог ажыццявіць свае запаветныя мары, атрымаць добрую адукацыю. У гэтым годзе зацверджаны новыя даўгачасныя правілы прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што прыняцце гэтага дакумента будзе садзейнічаць таму, што ў ВНУ стануць вучыцца самыя здольныя маладыя людзі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава аказвае навучэнцам і студэнтам адчувальную матэрыяльную дапамогу. З будучай інтэлектуальнай і творчай элітай Беларусі вось ужо больш як 10 гадоў паспяхова працуюць спецыяльныя фонды прэзідэнта. Немалаважна і тое, што ў летні час любы малады чалавек можа зарабіць і адпачыць у студэнцкіх атрадах. Рукамі маладых увасабляецца ў жыццё маштабны праект рэканструкцыі Аўгустоўскага канала.

Прэзідэнт пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей Палескага дзяржаўнага універсітэта. У ёй, у прыватнасці, сказана, што гэта навучальная ўстанова "дапаможа забяспечыць банкаўскую сістэму краіны высокакваліфікаванымі кадрамі, падрыхтаванымі на аснове найноўшых дасягненняў эканамічнай навукі і практыкі".

Прэзідэнт падкрэсліў важнасць таго, што ў ВНУ створаны цудоўныя ўмовы для атрымання якаснай вышэйшай адукацыі, авалодання сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, для актыўнай грамадскай работы і цікавага адпачынку. Зроблена ўсё, каб калектыў ВНУ меў магчымасць увасабляць у жыццё стваральныя планы, вучыць і выхоўваць добрых спецыялістаў і сапраўдных патрыётаў Беларусі, якія будуць дастойна служыць Радзіме і народу.