Адкрыццё новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі
- 5
- 1:59
Нацыянальная бібліятэка - сімвал сучаснай Беларусі, помнік цяперашняму пакаленню і падарунак нашчадкам. Так акрэсліў сутнасць гэтага аб'екта агульнанацыянальнай значнасці Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 16 чэрвеня на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця бібліятэкі.
"Прымаючы рашэнне аб гэтай будоўлі, мы марылі ўзвесці будынак, які стане нацыянальным сімвалам нашай маладой незалежнай краіны, нашай візітнай карткай, увасабленнем самых важных рыс характару беларускага народа. Народа, які ўвайшоў у гісторыю не як агрэсар, захопнік і разбуральнік, а як працаўнік і стваральнік, які даў свету цэлую плеяду духоўных падзвіжнікаў, мысліцеляў, вучоных і асветнікаў", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Узвядзенне Нацыянальнай бібліятэкі стала па-сапраўднаму агульнанароднай справай. Выкананне гэтага важнейшага нацыянальнага праекта яшчэ раз паказала вялікую стваральную сілу беларускага народа, пацвердзіла, што мы адзіныя і здольны на самыя грандыёзныя здзяйсненні.
Як падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, унікальны па сваім архітэктурным і інжынерным рашэнню будынак узведзены ў максімальна сціслыя тэрміны: крыху больш за тры гады замест першапачаткова прадугледжаных шасці. "І ўвесь гэты час работа, у якой прынялі ўдзел больш за 130 арганізацый з розных рэгіёнаў краіны, не спынялася ні на мінуту. У любое надвор'е ўдзень і ўночы мы будавалі гэты храм ведаў", - сказаў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сродкі для будоўлі выдзяляліся з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў усіх абласцей і горада Мінска. Сюды накіроўваліся грошы, заробленыя на суботніках. Прэзідэнт сам двойчы працаваў на суботніках на будаўніцтве бібліятэкі. Многія жыхары Беларусі ахвяравалі на добрую справу свае зберажэнні. Дапамогу ў будаўніцтве і аснашчэнні новага будынка аказалі і замежныя краіны.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галоўная бібліятэка краіны цудоўная не толькі па сваім архітэктурным вырашэнні, але перш за ўсё па вельмі вялікіх магчымасцях доступу да ведаў, набытых чалавецтвам. На яе базе рэалізаваны буйнамаштабны праект сусветнага значэння, у якім задзейнічана каля паўтары тысячы камп'ютараў.
"Асноўным багаццем нашай накіраванай у будучыню дзяржавы заўсёды былі і застаюцца людзі, іх духоўнасць і веды", - канстатаваў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, гэта велічнае тварэнне ўвасобіла самыя перадавыя навуковыя і тэхнічныя дасягненні і магчымасці ХХІ стагоддзя. Пачыналі будаўніцтвам проста бібліятэкі, а завяршылася ўзвядзеннем буйнога грамадска-культурнага цэнтра. "Бібліятэка - толькі частка гэтага храма ведаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Узвядзенне новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі паслужыла ў пэўнай ступені штуршком для развіцця многіх галін беларускай прамысловасці і мастацтва. "Гэта новабудоўля дала магчымасць мастакам розных пакаленняў упершыню за многія гады праявіць сябе на поўную сілу", - заявіў Прэзідэнт краіны. Паводле яго слоў, краіна атрымала шматфункцыянальны інфармацыйны грамадска-палітычны і культурны цэнтр, які стане месцам правядзення міжнародных сустрэч на самым высокім узроўні.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што стварыць такі унікальны аб'ект у сціслыя тэрміны ўдалося дзякуючы майстэрству беларускіх спецыялістаў. Тут выкарыстаны самыя сучасныя тэхналогіі і, што асабліва важна, айчынныя матэрыялы.
Як падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, у час будаўніцтва галоўным было патрабаванне - зрабіць усё самім, без прыцягнення замежных спецыялістаў, і якасна. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што першапачатковыя задумы карэкціраваліся ў час будаўніцтва, паколькі пастаянна ўносіліся папраўкі - удасканальваўся праект, укараняліся розныя навацыі. "Такое збудаванне мы ўзводзілі ўпершыню і цяпер ведаем, чаго каштуе яго стварэнне. Вельмі важна, што тут усё сваё: ад ідэй да ўвасаблення іх у тэхналогіях, матэрыялах, мэблі".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што "вынік такой сумеснай творчасці па стварэнні нацыянальнага аб'екта відавочны".
Кіраўнік дзяржавы падзякаваў усім, хто ўклаў свой талент, сілы і вопыт у стварэнне інтэлектуальнай і культурнай скарбніцы беларускага народа."Няхай Нацыянальная бібліятэка стане сапраўдным храмам мудрасці для ўсіх, хто будзе прыходзіць сюды ў пошуках ведаў", - пажадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ўручыў сімвалічны ключ ад Нацыянальнай бібліятэкі яе дырэктару Раману Матульскаму і перарэзаў чырвоную стужку на цэнтральным уваходзе будынка.
Прэзідэнту быў уручаны чытацкі білет № 1.
Затым Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з бібліятэкай - матэрыяльна-тэхнічнай базай і мастацкім афармленнем. Ён наведаў чытацкую залу перыядычных выданняў, агульную чытацкую залу, зоны аператыўнага інфармавання, каталогаў. Прэзідэнт таксама пабываў на агляднай пляцоўцы на даху будынка бібліятэкі на адзнацы 72 метры.
У музеі кнігі Кіраўніку дзяржавы былі прадэманстраваны выданні, якія датуюцца 14-15 стагоддзямі. У бібліятэцы сабрана каля 70 тыс. рэдкіх і старадрукаваных кніг і рукапісаў. Напрыклад, тут ёсць выдадзеныя ў 1517-1519 гадах у Празе рэдкія экзэмпляры кніг першага беларускага друкара Францыска Скарыны сусветнай значнасці.
Як праінфармавалі Прэзідэнта ў час яго знаёмства з бібліятэкай, восенню гэтага года будзе поўнасцю завершаны планавы перанос у Нацыянальную бібліятэку дзяржаўных архіваў.
Цяпер фонд Нацыянальнай бібліятэкі налічвае больш за 8 млн. адзінак захоўвання. Фонд перыядычных выданняў перавышае 2,9 млн. адзінак. У бібліятэцы сабрана самая вялікая ў рэспубліцы калекцыя нот (больш за 82 тыс. адзінак), каля 30 тыс. аўдыёвізуальных дакументаў.
У бібліятэцы таксама захоўваюцца дысертацыі, абароненыя ў Беларусі, матэрыялы ААН, ЮНЕСКА, іншых міжнародных арганізацый, а таксама друкаваныя экзэмпляры выданняў, якія выйшлі ў свет у межах былога СССР па ўсіх галінах ведаў.
Як праінфармавалі Прэзідэнта, у новай Нацыянальнай бібліятэцы створаны ўнікальны комплекс інфармацыйна-тэхналагічных сістэм, прызначаны для аўтаматызацыі і камп'ютарызацыі ўсіх тэхналагічных працэсаў і аперацый.
Аляксандр Лукашэнка агледзеў таксама залы пасяджэнняў, у якіх праз тыдзень будуць праходзіць саміты кіраўнікоў дзяржаў ЕўрАзЭС і АДКБ. Тут створаны ўсе неабходныя ўмовы для работы.
Наведванне канферэнц-залы Нацыянальнай бібліятэкі ператварылася ў няпланавую прэс-канферэнцыю для журналістаў. Кіраўнік дзяржавы адказаў на ўсе пытанні прадстаўнікоў беларускіх і замежных СМІ, што датычыліся пытанняў будаўніцтва, стварэння новых важных аб'ектаў, маючых адбыцца ў Мінску самітаў ЕўрАзЭС і АДКБ і нават яго асабістых літаратурных прыхільнасцей.
Галоўная задача саміту кіраўнікоў дзяржаў ЕўрАзЭС - актывізаваць дзейнасць Супольніцтва і надаць яму "новы дыханне", - заявіў беларускі лідэр. Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў Беларусі ўсё гатова да правядзення сустрэч на вышэйшым узроўні. Ужо сфармуляваны парадак дня. "Мы з улікам нашага старшынства ў гэтай арганізацыі не дапусцім, каб пайшло згасанне Супольніцтва, - адзначыў Прэзідэнт. - З гэтай мэтай Беларусь вылучыла шэраг важных канкрэтных праграм і праектаў аж да інвентарызацыі з тым, каб адкінуць усё непатрэбнае".
Адно з пытанняў датычылася ўзвядзення ў краіне новых сацыяльна значных буйных аб'ектаў. Скончыўшы будаўніцтва інтэлектуальнай скарбніцы - Нацыянальнай бібліятэкі - Беларусь узводзіць такі ж велічны духоўны храм. "Мы задумалі, што ў 21 стагоддзе ўвойдзем інтэлектуальна і духоўна абноўленымі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, будаўніцтва храма-помніка па вуліцы Каліноўскага ў Мінску будзе завершана ў бліжэйшыя 1-2 гады. У гэтым годзе будзе завершана асноўная будаўнічая частка, у будучым плануецца правесці ўнутраныя работы і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.
Важнейшы аб'ект агульнарэспубліканскага маштабу, які будзе пабудаваны ў бліжэйшыя гады, - гэта спартыўна-забаўляльны цэнтр "Мінск-Арэна" ў Мінску. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "У час будаўніцтва новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі мы пераканаліся, што беларусы могуць будаваць хутка і якасна. Але ў свеце сёння ўзводзяць і больш высокімі тэмпамі. Давайце арыентавацца на замежны вопыт і будаваць яшчэ хутчэй".
Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што вопыт беларускіх будаўнікоў запатрабаваны на постсавецкай прасторы, асабліва ў Расіі. На яго думку, было вялікай памылкай у пачатку 90-х гадоў ліквідаваць раённыя будаўнічыя арганізацыі ў Беларусі. Цяпер даводзіцца нанава іх аднаўляць. На сённяшні дзень засталося аднавіць работу такіх арганізацый у чатырох раёнах краіны. Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што па гэтай прычыне пры стварэнні аграгарадкоў у некаторых раёнах даводзіцца карыстацца паслугамі прыезджых будаўнікоў з іншых рэгіёнаў краіны.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што беларускіх будаўнікоў цяпер актыўна запрашаюць працаваць у Расію. У прыватнасці, беларусы добра зарэкамендавалі сябе на будаўніцтве ЦЭЦ-2 у Калінінградзе, цяпер расіяне просяць прадоўжыць работу і дапамагчы ім у будаўніцтве новага энергаблока ЦЭЦ. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка лічыць, што беларусы паставілі вельмі вялікія задачы і ім неабходна канцэнтраваць сілы на будаўніцтве аб'ектаў у сваёй краіне, хоць дапамагаць расіянам таксама трэба. "Расійскія губернатары нядаўна паглядзелі, як мы наводзім парадак у вёсцы, будуем аб'екты. Яны гатовы нам плаціць немалыя грошы, каб пераняць вопыт беларускіх будаўнікоў", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка зрабіў запіс у Кнізе ганаровых гасцей. Прэзідэнт адзначыў, што Нацыянальная бібліятэка з'яўляецца ўвасабленнем магутнасці і працвітання радзімы, стваральнай сілы беларускага народа. Кіраўнік дзяржавы перакананы, што бібліятэка павінна стаць адным з галоўных інтэлектуальных і культурных цэнтраў Беларусі. Унікальны будынак Нацыянальнай бібліятэкі спалучае строгае хараство сучаснай архітэктуры і найноўшыя навукова-тэхнічныя рашэнні. Тут прадугледжаны шырокі доступ да сусветных інфармацыйных рэсурсаў. Створаны ўмовы для захавання і выкарыстання навуковых і культурных дасягненняў мінулага і сучаснага, а таксама для работы, адпачынку, правядзення важных міжнародных мерапрыемстваў.