Аб змяненні ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур
У Беларусі скарэкціраваны адміністрацыйныя працэдуры з улікам практыкі іх прымянення, а таксама змяненняў заканадаўчых актаў. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 9 студзеня падпісаў адпаведны Указ № 5 "Аб змяненні ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур".
Дакумент накіраваны на зніжэнне адміністрацыйнай нагрузкі на грамадзян, аптымізацыю і спрашчэнне значнай колькасці працэдур. Змяненні ўнесены на комплекснай аснове і з улікам прапаноў грамадскасці, шырокага кола зацікаўленых органаў і арганізацый.
У прыватнасці, для зручнасці грамадзян скарачаецца колькасць запытаных дакументаў па больш як 100 адміністрацыйных працэдурах. Напрыклад, пры прадастаўленні дакументаў, якія пацвярджаюць плату за ажыццяўленне шэрага працэдур, больш поўна будуць выкарыстоўвацца магчымасці АРІП. Значная частка звестак будзе запытвацца дзяржаўнымі органамі самастойна. Выключаюцца працэдуры, якія страцілі сваю актуальнасць, у тым ліку ў выніку аўтаматызацыі ўзаемадзеяння паміж дзяржаўнымі органамі. Так, выключаецца неабходнасць атрымання бацькамі даведак, звязаных з забяспечанасцю дзяцей пуцёўкамі за кошт бюджэтных сродкаў. Адпаведныя звесткі будуць аўтаматычна запытвацца з адзінай сістэмы ўліку такіх дзяцей Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні.
Акрамя таго, змяншаюцца тэрміны ажыццяўлення шэрага адміністрацыйных працэдур. У прыватнасці, скарачаецца з 1 месяца да 20 каляндарных дзён тэрмін выдачы падпісанага акта праверкі ажыццяўлення кансервацыі незавершанага будаўніцтва.
У той жа час для больш поўнай рэалізацыі грамадзянамі сваіх правоў замацоўваюцца новыя адміністрацыйныя працэдуры. Напрыклад, размова ідзе аб атрыманні згоды органа апекі на адчужэнне жылога памяшкання ў інтарэсах непаўналетняга дзіцяці, якое знаходзіцца на дзяржаўным забеспячэнні.
У мэтах узмацнення прававой абароненасці грамадзян для ажыццяўлення асобных працэдур уводзяцца дадатковыя дакументы. Напрыклад, для здзелак з дзяржаўнай рэгістрацыяй нерухомай маёмасці, што вядуць да ўзнікнення права агульнай сумеснай уласнасці мужа і жонкі.
Спампаваць 5uk.pdf
13 Мб