Аб змяненні Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (карэкціруецца Указ № 190 ад 15 красавіка 2013 г.)

Указ № 455 ад 30 снежня 2022 г.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 снежня падпісаў Указ № 455, якім унесены змяненні ва Указ № 190 ад 15 красавіка 2013 года "Аб мерах па стымуляванні дасягнення высокіх спартыўных вынікаў". Папраўкі падрыхтаваны па выніках абмеркавання на нарадзе аб асобных пытаннях развіцця спорту, праведзенай 15 снежня 2022 года.

З-за ўведзеных міжнароднымі спартыўнымі органамі санкцый з сакавіка 2022 года беларускія спартсмены не маюць магчымасці ўдзельнічаць у чэмпіянатах свету, Еўропы, іншых спаборніцтвах, дасягненне высокіх спартыўных вынікаў на якіх з'яўляецца падставай для назначэння імянных стыпендый Прэзідэнта Беларусі ў сферы фізічнай культуры і спорту і выплаты прызавых.

У сувязі з гэтым пералікі спаборніцтваў, прадугледжаныя Указам № 190, дапоўнены стартамі, у якіх цяпер удзельнічаюць беларускія атлеты (адкрытыя чэмпіянаты, кубкі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, Гульні краін СНД).

Па ўказанні Кіраўніка дзяржавы спартыўныя дасягненні будуць суадносіцца з вынікамі сусветнага і кантынентальнага пяршынстваў (у асобных відах спорту). Пры дасягненні тэхнічнага выніку на ўзроўні прызавых месцаў апошняга чэмпіянату свету або Еўропы спартсмен і яго трэнеры могуць прэтэндаваць на імянныя стыпендыі (прызы) за адпаведнае прызавое месца чэмпіянату свету (Еўропы).

Акрамя таго, уведзены падставы для адмовы ў назначэнні імянной стыпендыі, выплаты ўзнагароджанняў спартсменам, трэнерам і іншым спецыялістам. Прадугледжана магчымасць захавання выплаты (на перыяд да 1 года) імянной стыпендыі спартсменкам, якія знаходзяцца ў дэкрэтным водпуску.

Узмоцнены кантроль з боку адказных службовых асоб за справядлівасцю назначэння імянных стыпендый, выплаты ўзнагароджанняў спартсменам, трэнерам, іншым спецыялістам.