Аб змяненні Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 13 чэрвеня падпісаў Указ № 172 "Аб змяненні Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь".
У дакуменце ў новай рэдакцыі выкладаецца Дырэктыва № 2 ад 27 снежня 2006 года "Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва".
Указ накіраваны на павышэнне эфектыўнасці работы дзяржаўных структур з грамадзянамі і суб'ектамі гаспадарання, ролі мясцовых органаў улады ў вырашэнні праблем, якія хвалююць насельніцтва, якасці забеспячэння жыццядзейнасці грамадзян, адкрытасці дзяржаўных органаў.
У гэтых мэтах новай рэдакцыяй Дырэктывы № 2 прадугледжваецца, у прыватнасці, спрашчэнне міжведамаснага ўзаемадзеяння і ўнутранай работы дзяржаўных органаў шляхам адмовы ад залішніх справаздач і іншых дакументаў фармальнага характару; узмацненне прафілактычнай дзейнасці кантралюючых органаў; патрабаванне да кіраўнікоў дзяржаўных органаў выключыць факты перадачы прыняцця рашэнняў і ўзгаднення пытанняў, што ўваходзяць у кампетэнцыю адпаведнага органа, на вышэйстаячы ўзровень; павышэнне даступнасці звароту ў органы дзяржаўнай улады з улікам рэжыму рабочага дня працуючага насельніцтва, а таксама стварэнне ўмоў для звароту грамадзян за аказаннем важнейшых паслуг у электроннай форме.
Акрамя таго, прадугледжваецца развіццё інфарматызацыі ў сферы работы з насельніцтвам, уключаючы максімальнае выкарыстанне магчымасцей інфармацыйных сістэм і інтэрнэт-рэсурсаў, вядзенне дзяржаўнымі органамі афіцыйных акаўнтаў у сацыяльных сетках (нараўне з патрабаваннем забеспячэння інфармацыйнай бяспекі); ахоп насельніцтва ў сельскай мясцовасці паслугамі сотавай сувязі і шырокапалоснага доступу да сеткі Інтэрнэт.
На пастаяннай аснове будзе праводзіцца інвентарызацыя адміністрацыйных працэдур у мэтах іх скарачэння і спрашчэння, максімальная кансалідацыя працэдур у адным месцы - у службе "адно акно".