Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным уладкаванні Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей

Указ № 136 ад 5 красавіка 2021 г.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 136 "Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным уладкаванні Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей".

Дакумент удакладняе межы абласцей і раёнаў, устаноўленыя ў 1950-я гады графічным спосабам на аснове існуючага ў той час картаграфічнага матэрыялу. З цягам часу з-за меліярацыйных і культуртэхнічных работ, будаўніцтва аб'ектаў транспартнай інфраструктуры межы перасталі супадаць з цвёрдымі контурамі мясцовасці: рэкамі, меліярацыйнымі каналамі, дарожнай сеткай, ляснымі масівамі, прасекамі і іншымі.

Для сучаснага вызначэння меж прыменена тэхналогія, у аснове якой выкарыстанне найноўшых магчымасцей дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, метадаў атрымання і апрацоўкі фотавыявы і алічбоўкі зямельнага пакрыцця.

У адпаведнасці з Указам, новыя межы Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей і іх раёнаў будуць устаноўлены з 1 ліпеня 2021 года.

Змяненні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання абласцей, раёнаў, сельсаветаў будуць улічаны ў адзіным рэестры адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак Рэспублікі Беларусь. Межы Гомельскай вобласці і яе раёнаў, што супадаюць з Дзяржаўнай граніцай Беларусі з Украінай, будуць зменены пасля завяршэння дэмаркацыі.

Да 1 снежня 2021 года адпаведныя змяненні таксама ўнясуць у адзіны дзяржаўны рэгістр нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй і рэестр адрасоў Рэспублікі Беларусь цэнтралізавана ў межах сродкаў рэспубліканскага бюджэту, што прадугледжваюцца Дзяржкаммаёмасці на маёмасныя адносіны, картаграфію і геадэзію.

За выдачу (афармленне) дакумента, які засведчвае права на зямельны ўчастак, пошліна брацца не будзе. Да памеру платы за дзяржаўную рэгістрацыю зямельных участкаў, правоў, абмежаванняў (абцяжаранняў) правоў на іх і ўнясенне выпраўленняў у дакументы рэгістра нерухомай маёмасці, а таксама да тарыфаў на паслугі па падрыхтоўцы звестак для дзяржаўнай рэгістрацыі і ўнясення выпраўленняў устанаўліваюцца паніжаючыя каэфіцыенты.

Грамадзяне, індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы будуць вызвалены ад платы за ўнясенне змяненняў у дакументы, што змяшчаюць звесткі аб адрасе.

Указ не прывядзе да неабходнасці інфармавання дзяржаўных органаў аб змяненні месца знаходжання юрыдычнай асобы, унясення змяненняў у дакументы, якія змяшчаюць звесткі аб адрасе (устаноўчыя дакументы, пасведчанні аб дзяржаўнай рэгістрацыі індывідуальных прадпрымальнікаў, спецыяльныя дазволы (ліцэнзіі), дакументы аб рэгістрацыі грамадзян па месцы жыхарства і месцы знаходжання і іншыя). Адпаведныя змяненні ў дакументы ўносяцца адначасова з унясеннем у іх іншых змяненняў у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, і (або) па ініцыятыве юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў або грамадзян.

Дзеянне дагавораў арэнды зямельных участкаў, межы якіх змяняюцца, захоўваецца да спынення тэрміну арэнды.

Нагадаем, што ў сакавіку 2019 года аналагічным Указам былі аптымізаваны межы Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцей і іх раёнаў.