Намеснік Кіраўніка спраў Прэзідэнта Мікалай Шарснёў зрабіў рабочую паездку ў Шклоўскі раён

  • 8

Мадэрнізацыя існуючых плошчаў, будаўніцтва новых аб'ектаў і ўвага сацыяльнай сферы - з развіццём сферы жывёлагадоўлі ў Шклоўскім раёне ў час рабочай паездкі азнаёміўся намеснік Кіраўніка спраў Прэзідэнта Мікалай Шарснёў.

Так, адной з кропак наведванняў стала таварная ферма "Навасёлкі". Тут правялі поўную рэканструкцыю існуючых памяшканняў. Аб тым, якія работы тут былі праведзены, расказаў дырэктар ААТ "Новагарадзішчанскае" Анатоль Мхітараў. "Наша таварная ферма ў гэтым годзе дзякуючы дапамозе Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта атрымала другое жыццё. З разбураных старых будынкаў пабудовы ператварыліся ў сучасны комплекс для ўтрымання пагалоўя цялушак. І тут яны ўтрымліваюцца ў нас да ўзросту перадспарвання, гэта 360 кг", - расказаў ён.

Тут адрамантавалі павець для захоўвання грубых кармоў. "Раней на тэрыторыі фермы знаходзіліся тры разбураныя хлявы. Праведзена іх поўная рэканструкцыя. Чым бурыць і будаваць па-новаму, узялі існуючае памяшканне, прыбралі адтуль усё, што не патрэбна, і рэканструявалі. Я думаю, і ў фінансавым плане ад гэтага мы выйгралі і атрымалі сучаснае памяшканне для ўтрымання жывёлы", - кажа ён.

Цяпер на ферме 419 цялушак, усяго яна разлічана на 500 галоў. Агульная колькасць пагалоўя ў гаспадарцы складае амаль 2,4 тыс. галоў.

Наступная кропка маршруту - малочнатаварны комплекс "Стараселле", які належыць ААТ "Любінічы Агра". Тут таксама правялі рэканструкцыю існуючых памяшканняў, узвялі новы склад і прафілакторый для цялят. Будаўнічымі работамі, як і ў "Новагарадзішчанскім", займалася Дрыбінская СПМК № 1. "На МТК "Стараселле" з кіраўніцтвам Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта праходзілі кожны крок. Аналізавалі памылкі іншых аб'ектаў і рабілі так, каб іх не было. Спачатку правялі рэканструкцыю старых памяшканняў, потым узнялі пытанне, дзе захоўваць кармы. Раней маленькая частка хлява была адведзена пад дарагія камбікармы. Таму зрабілі асобны склад з поўнай герметызацыяй, - расказаў дырэктар Дрыбінскай СПМК № 1 Сяргей Кокіц. - Далей заняліся прафілакторыем. Для яго ўзвядзення выкарыстоўвалі даволі трывалы клеены брус, таксама антыкандэнсатнае пакрыццё. Усё гэта дасць магчымасць стварыць аптымальныя ўмовы для цялят як у летні час, каб не было гарачыні, так і ў зімовы, ва ўмовах моцных маразоў".

Прадумалі тут і пытанні абслугоўвання прафілакторыя. "Ён падзелены на чыстыя і брудныя зоны. Асноўная задача аб'екта - мінімум ручной працы і максімальная захаванасць цялят. Таму закупілі электрычны трыцыкл, прадугледзелі спецыяльныя мыйкі для сосак і вёдзер. Максімальна прапрацаваўшы іншыя аб'екты, тут зрабілі камфортныя ўмовы як для работнікаў, так і жывёл", - рэзюмаваў Сяргей Кокіц.

Работнікі МТК абноўленыя ўмовы ацанілі добра. "Працую на комплексе два гады. Дзякуючы праведзенай рабоце ўмовы на комплексе палепшыліся. Нашы жывёлаводы, аператары машыннага даення вельмі задаволены, ідуць на работу з радасцю. Задаволены, што цяляты, як кажам, нашы дзеткі, будуць жыць у цёплым доміку, - дзеліцца начальнік комплексу "Стараселле" Алеся Магдзенка. - Вынікі ўжо ёсць. Падцягнулі дысцыпліну, атрымліваем прыбаўку па малаку. Павялічылася і нараджальнасць цялят. Кожны месяц атрымліваем прыплод не менш за 80 галоў, з лістапада пяройдзем на 140. У такіх умовах хочацца старацца і добра працаваць. Самі настроены на тое, каб усё гэта захаваць".

Яшчэ адно немалаважнае пытанне для гаспадаркі - развіццё сацыяльнай сферы. У вёсцы Акунёўка ўжо набліжаецца да завяршэння рэканструкцыя двух дамоў - гэта будуць інтэрнаты, дзе змогуць размясціцца амаль 50 чалавек. Як падкрэсліў дырэктар ААТ "Любінічы Агра" Андрэй Стругавец, тут будуць размяшчаць навапрыбыўшых работнікаў, якія абслугоўваюць бліжэйшыя МТК, тых, хто выконвае сезонныя работы: механізатараў, вадзіцеляў.

"Тут прадугледжана ў адным будынку 13 пакояў, у другім - 16. Усе ўмовы будуць: душавыя на 1-м і 2-м паверхах, кухні, пакоі адпачынку. Гэта значыць, пасля працы можна будзе адпачыць, паглядзець навіны. Па тэрмінах: першы інтэрнат мы здадзім да 1 кастрычніка і літаральна да 1 лістапада будзе гатовы другі інтэрнат, - расказаў ён. - У гэтым годзе да нас прыйшлі 12 маладых спецыялістаў. Іх мы размяшчаем у існуючым інтэрнаце, таксама ў нас ёсць кватэры ў Шклове. Тым, хто замацоўваюцца, ствараюць сям'ю, мы прадастаўляем жыллё. Дастойная заработная плата, развітая сацыяльная сфера - чакаем моладзь да сябе. І радуе, што яна да нас прыходзіць, а з імі - маладзее гаспадарка".

З тым, як ідуць работы на ўсіх трох аб'ектах, 26 жніўня азнаёміўся намеснік Кіраўніка спраў Прэзідэнта Мікалай Шарснёў. Ён адзначыў, што ролю жывёлавода сёння ўсе разумеюць, але пры гэтым трэба павышаць прэстыж гэтай прафесіі.

"Перш за ўсё, мы разумелі, што трэба стварыць умовы для таго, каб у перспектыве ў нас працавала моладзь на ферме. Таму мы вызначылі план мерапрыемстваў у разрэзе ўсіх малочнатаварных комплексаў Шклоўскага раёна. Неабходна прывесці ў парадак не толькі тэхналогію атрымання прадукцыі, але перш за ўсё тэхналогію ўтрымання жывёл, стварыць патрэбны мікраклімат, замяніць абсталяванне, абнавіць, стварыць камфортныя ўмовы і для жывёл, і для моладзі, - сказаў ён. - Людзі пойдуць працаваць у сучасныя ўмовы, атрымліваючы дастойную заработную плату, і забяспечаць атрыманне прадукцыі, якая неабходна дзяржаве. Гэта ж не толькі харчовая незалежнасць нашай краіны, але і экспартны складнік".

Ён таксама адзначыў, што на МТК "Стараселле" практычна ўжо бачны фініш вялікай работы, удзяляецца значная ўвага спадарожным элементам. "Колькі ўсяго прыведзена ў парадак: бетаніраванне гнаявых пляцовак, сянажныя траншэі, пад'езды. Візуальна гэтага не відаць, але гэта вялізныя матэрыяльныя затраты. Упэўнены, што мясцовая ўлада, кіраўніцтва Шклоўскага раёна давядуць нашы планы да канчатковага ажыццяўлення, але і, магчыма, прыдумаюць нешта больш тэхналагічнае, каб нашу работу ўдасканаліць і прымножыць, - адзначыў Мікалай Шарснёў. - Уся наша палітыка праводзіцца для таго, каб атрымаць максімум прадукцыі, знізіць сабекошт, стварыць камфортныя ўмовы для працы людзям і для таго, каб яны атрымлівалі дастойную заработную плату. Тым самым узняць прэстыж работы ў жывёлагадоўлі".

Усе навіны