Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў наведаў канцэрт-рэквіем "Кожны трэці" ў Ніжнім Ноўгарадзе

  • 2

Мы прывозім канцэрт-рэквіем "Кожны трэці" ў Расію, таму што людзі тут здольны зразумець і раздзяліць трагедыю, якую беларускі народ перажыў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Такім меркаваннем перад паказам на пляцоўцы МТС Live Хол у Ніжнім Ноўгарадзе падзяліўся Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Пярцоў.

"Тут жывуць самыя родныя нам людзі, якія здольны зразумець, здольны раздзяліць трагедыю, якую ў гады Вялікай Айчыннай вайны перажыў беларускі народ. Мы страцілі кожнага трэцяга. Гэта былі не толькі байцы рэгулярнай арміі, гэта былі жанчыны, старыя і дзеці, якія былі забіты проста так, за тое, што яны жылі на сваёй зямлі. Пра гэта наша ўнікальнае дзеянне, наш спектакль, які спалучае ў сабе і новыя тэхналогіі мультымедыйнасці, і паэзію, і песню - новыя творы, і тое, што мы ўжо можам назваць класікай. Для таго, каб дастукацца да сучаснага гледача, у першую чаргу да моладзі, расказаць ім пра тую трагедыю", - сказаў Уладзімір Пярцоў.

У холе канцэртнай залы разгарнуліся выстава БЕЛТА "Лёсы, складзеныя ў трохкутнік", выстава "Партызаны Беларусі" ВД "Беларусь сегодня", а таксама выстава-дэгустацыя КУП "Мінскхлебпрам" "Хлеб - нябачная сіла Перамогі". Паводле слоў Уладзіміра Пярцова, яны арганізаваны для таго, каб глядач змог адчуць імерсіўны вопыт і да прагляду спектакля акунуцца ў патрэбную атмасферу, крыху пераключыцца са штодзённага жыцця і паглядзець дакументы, паспытаць хлеб ваеннай эпохі.

"З усімі рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі ў нас сінхранізавана работа па захаванні гістарычнай памяці, па барацьбе са шматлікімі фэйкамі, непраўдзівымі тэорыямі. Каласальны масіў такой інфармацыі проста ляціць праз новыя лічбавыя медыя і асядае, на жаль, у галовах, асабліва маладых людзей, праз тыя самыя новыя лічбавыя магчымасці, да якіх яны цягнуцца ў большай ступені, чым да класічных сродкаў масавай інфармацыі: газет, тэлебачання і радыё. Для таго каб гэта развеяць, мы шукаем і знаходзім новыя падыходы, у тым ліку і праз эмацыянальныя рэгістры. Спектакль "Кожны трэці" паказвае перажыванні іх аднагодкаў, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у 17,18, 19 гадоў ішлі на фронт, ахвяравалі самым дарагім, што ў іх ёсць - уласным жыццём - для таго, каб наблізіць Перамогу", - дадаў Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі.

Паводле яго слоў, сёння Беларусь робіць усё для захавання гістарычнай памяці і перадачы яе маладым пакаленням. "Вы бачыце, што фашызм 2.0 узнімае галаву, што тыя ж дзяржавы, якія ваявалі супраць Савецкага Саюза, цяпер ствараюць новы кангламерат, які мае тыя ж пачуцці і, напэўна, будуе тыя ж планы ў адносінах да Саюзнай дзяржавы. Мы не маем ніякага права падвесці нашых гераічных продкаў. Мы шануем іх памяць, мы памятаем іх подзвігі, іх імёны і зробім усё магчымае для таго, каб такое на нашай зямлі ніколі не паўтарылася", - рэзюмаваў Уладзімір Пярцоў.

Усе навіны