Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка правёў сустрэчу з актывам Магілёўскай вобласці
- 5
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Сергяенка 10 студзеня правёў сустрэчу з актывам Магілёўскай вобласці. На мерапрыемстве былі агучаны вынікі рэгіянальнага развіцця за мінулы год і намечаны планы на 2024-ы.
"Сёння ў Магілёве прайшла сустрэча з актывам вобласці, фактычна гэта справаздача кіраўніцтва рэгіёна перад насельніцтвам, - адзначыў Ігар Сергяенка пасля сустрэчы. - У даступнай форме прысутным тут - ветэранам дзяржаўнага будаўніцтва, дэпутатам, упраўленцам, кіраўнікам прадпрыемстваў, арганізацый і грамадскіх структур - было расказана аб тым, як спрацавала вобласць у мінулым годзе, каб павысіць камфортнасць жыцця насельніцтва, развіваць сацыяльную сферу".
На сустрэчы былі агучаны і задачы на 2024 год. "Вобласць робіць сур'ёзныя крокі і ў плане развіцця сацыяльнай сферы, аховы здароўя і адукацыі, - прадоўжыў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. - Калі гаварыць далей, гэта дарожнае будаўніцтва, рамонт дарог, двароў, населеных пунктаў. Па некаторых напрамках фінансаванне было павялічана ў разы. І такая ж накіраванасць захаваецца ў 2024 годзе".
Ігар Сергяенка падкрэсліў: тое, аб чым гаварылася на сустрэчы (паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, планы), трэба больш актыўна і на канкрэтных прыкладах даводзіць да людзей. "Гэту работу трэба праводзіць заўсёды і, вядома ж, уважліва ставіцца да тых праблемных пытанняў, якія сёння ставіць перад намі насельніцтва, асабліва ў сельскай мясцовасці, - засяродзіў увагу ён. - Усе праводзімыя намі, здавалася б, якасныя мерапрыемствы і дасягненні можна разбурыць праз адну нявырашаную праблему канкрэтнага чалавека, якая мае сацыяльнае гучанне".
"За лічбамі і фактамі вынікаў работы вобласці стаіць праца ўсіх жыхароў Магілёўшчыны, - адзначыў Ігар Сергяенка. - Відаць, як далёка рушыла наперад Магілёўская вобласць, якія стаяць задачы і колькі выдзяляецца сродкаў на добраўпарадкаванне населеных пунктаў, рамонт рэспубліканскіх і мясцовых дарог. Крыўдна чуць, калі ідзе неасваенне або несвоечасовае асваенне сродкаў з-за непаваротлівасці кіраўнікоў, несвоечасовай падрыхтоўкі праектнай дакументацыі. Такога быць не павінна".
Паводле слоў Ігара Сергяенкі, у Адміністрацыю Прэзідэнта паступаюць скаргі па тэрмінах уводу дамоў, якасці рамонту. Таксама патэнцыяльнай падставай для крытыкі могуць стаць асобныя факты нерухавасці ўлады, звязаныя з праблемамі жыццезабеспячэння: аплата працы, прыняцце непапулярных рашэнняў і гэтак далей. "Неабходна ўзварушыцца і актывізаваць работу, - падкрэсліў ён. - Мы можам прыводзіць самыя прыгожыя лічбы і гаварыць аб тым, што зрабілі, але калі ў канкрэтны населены пункт не прыехала аўтакрама, то грош цана ўсёй нашай рабоце ў вачах канкрэтнага яго жыхара".
На завяршэнне Ігар Сергяенка падкрэсліў, што 2024-ы асаблівы, таму што па ініцыятыве Кіраўніка дзяржавы аб'яўлены Годам якасці. Прычым якасць у шырокім сэнсе слова закранае ўсе сферы і бакі нашага жыцця: ад вытворчасці да праводзімых мерапрыемстваў, у тым ліку грамадска-палітычных. Важна, каб яны былі цікавыя, актуальныя, мелі канкрэтную накіраванасць і вынік.