Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой зрабіў рабочую паездку ў Брэсцкую вобласць
- 9
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой зрабіў рабочую паездку ў Брэсцкую вобласць. 30 ліпеня ён прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця Міжнароднага навуковага цэнтра вывучэння дзікай прыроды ў нацыянальным парку "Белавежская пушча".
Брэсцкую вобласць у гэты ж дзень наведаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Адны з першых слоў, якія ён сказаў падчас свайго візіту, датычыліся Белавежскай пушчы, уважлівага стаўлення да перспектыў развіцця нацыянальнага парку. "Папулярнасць Белавежскай пушчы і ўнутры нашай краіны (мы развіваем унутраны турызм, вызначаем яго як прыярытэт на бліжэйшыя гады), і асабліва сярод нашых гасцей - турыстаў з іншых краін - расце кратна. Штогод павялічваецца колькасць людзей, колькасць падзей і мерапрыемстваў, якія праводзяцца. Сёння, здавалася б, будні дзень, мы праехалі і ўбачылі, што запоўнена стаянка машынамі, колькі людзей гуляюць. Кафэ, рэстараны, усе месцы, якія вы ствараеце тут, - запатрабаваны. Гэты цэнтр мае асаблівае значэнне. Мы павышаем ролю Акадэміі навук і ролю прыродаахоўных тэрыторый", - падкрэсліў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой.
Будаўніцтва навуковага цэнтра вывучэння дзікай прыроды прадугледжана канцэпцыяй развіцця нацпарку. Работы на аб'екце пачаліся вясной 2025 года. Спецыялістам на выкананне задачы спатрэбілася крыху больш за год. На тэрыторыі Белавежскай пушчы яны ўзвялі двухпавярховы будынак. Там размясціліся лабараторыі экалагічнага маніторынгу прыроднага асяроддзя і прыроды, высокатэхналагічныя сховішчы для сістэматызацыі і захоўвання доследных узораў флоры і фаўны, адміністрацыйныя памяшканні.
У цэнтры будуць працаваць вучоныя Белавежскай пушчы і запрошаныя спецыялісты з Беларусі і іншых краін. Яны будуць займацца комплексным, міждысцыплінарным вывучэннем эталонных экасістэм Белавежскай пушчы, маніторынгам рэдкіх відаў жывёл, асабліва зуброў. У цэнтры ўвагі таксама захаванне біялагічнай разнастайнасці і распрацоўка інавацыйных метадаў палявых даследаванняў. На аснове дакладных шматгадовых даных вучоныя будуць фарміраваць навукова абгрунтаваныя стратэгіі захавання, аднаўлення і ўстойлівага кіравання рэліктавым лесам.
Таксама 30 ліпеня Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой і старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык павіншавалі вадзіцеля ААТ "Белавежскі" Камянецкага раёна Сцяпана Царука з тым, што ён першы ў краіне ў час сёлетняй уборачнай кампаніі перавёз 5 тыс. тон збожжа.
Сцяпан Царук ужо не першы год у ліку перадавікоў уборачнай. Працуе ён на айчынным грузавіку МАЗ. Сёлета мужчына стаў першым у краіне вадзіцелем-пяцітысячнікам. У сельскай гаспадарцы ён працуе чвэрць стагоддзя. Прыйшоў у прафесію па слядах бацькі. Увесь гэты час працуе ў адной і той жа гаспадарцы. "Я не лічу, колькі перавёз, а проста працую. Ёсць каму падлікамі займацца. Вядома, прыемна было даведацца, што першым перавёз 5 тыс. т збожжа. Ураджай добры, машына не падвяла", - лаканічна адзначыў вадзіцель.
За дзень ад камбайнаў на збожжаток на сваім грузавіку ён робіць 7-10 рэйсаў, а тое і больш. Чым вышэйшая ўраджайнасць культур, тым больш хутка прычэпы напаўняюцца збожжам. "З раніцы вазілі пшаніцу, потым пераехалі на ячмень, зараз зноў возім пшаніцу. Мы ўсе стараемся. Ураджай вырас нядрэнны, падыходзім да завяршэння", - дадаў Сцяпан Царук.
За працу яму цёпла падзякаваў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. Ён нагадаў, што Аляксандр Лукашэнка наведаў сёння Брэст. Ён трымае на кантролі сітуацыю ў сельскай гаспадарцы, тэмпы жніва. "Брэстчына з'яўляецца лідарам рэспублікі і па тэмпах уборкі, і па намалоце збожжа. Заўтра адбудзецца важная падзея - першы мільён тон. У Брэсцкай вобласці цудоўныя палі, цудоўная ваша праца: прафесійная, упэўненая", - сказаў Дзмітрый Крутой, звяртаючыся да сельскіх працаўнікоў.
Ён таксама звярнуў увагу, што сёння Прэзідэнт успамінаў аб сваім даручэнні - аб рабоце з нядбайнымі работнікамі. "Гэтыя нядбайныя работнікі павінны будуць адправіцца ў армію на такія выхаваўчыя зборы, так назавём. Сказана, каб сродкі масавай інфармацыі ў тым ліку і такіх "герояў" паказвалі на жніве. Але ў першую чаргу, вядома, мы будзем гаварыць аб сапраўдных героях, якія паказваюць такія рэзультаты, каласальны прафесіяналізм і сапраўды забяспечваюць харчовую бяспеку", - падкрэсліў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
Дзмітрый Крутой 30 ліпеня таксама азнаёміўся з вопытам ААТ "Жабінкаўская сельгастэхніка".
"Яна знаходзіцца ў ідэальным, на мой погляд, стане. Людзі правялі вельмі сур'ёзную работу па мадэрнізацыі памяшканняў, якія былі пабудаваны яшчэ ў 1960-1970-я гады. Цяпер паступова абнаўляюць у тым ліку станочнае абсталяванне, начынку. Цэнтр атрымаў статус гарантыйнага прадпрыемства ад "Гомсельмаша". Паралельна развіваюцца адносіны з "Гомельагракамплектам". Будуюцца вучэбныя класы. Атрымліваецца комплексная, вельмі добрая гісторыя не толькі прадпрыемства, якое будзе забяспечваць патрэбнасці непасрэдна Жабінкаўскага раёна, але і міжраённага цэнтра, які будзе працаваць на 5-7 раёнаў і стане адным з буйнейшых у рэспубліцы", - ацаніў магчымасці пляцоўкі Дзмітрый Крутой.
Асобна ён закрануў тэму мінеральных угнаенняў, на што нядаўна звяртаў увагу Прэзідэнт. “Ва ўмовах высокіх цэн на сусветным рынку і па азотных угнаеннях, і калійных, і фосфарных недапушчальны тыя парушэнні, якія былі выкрыты Камітэтам дзяржаўнага кантролю, сілавымі органамі. Тут паглядзелі на дастойныя ўмовы захоўвання і размеркавання мінеральных угнаенняў. Гэты вопыт трэба папулярызаваць не толькі ў Брэсцкай вобласці, але і ў цэлым па рэспубліцы, вызначаць такія раёны і міжраённыя пляцоўкі работы з гэтым каштоўным рэсурсам", - лічыць Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.