Зацверджаны важнейшыя прагнозныя параметры развіцця Беларусі на 2024 год

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 кастрычніка падпісаў Указ № 307, якім зацверджаны важнейшыя прагнозныя параметры развіцця краіны на 2024 год.

    Галоўнай мэтай эканамічнай палітыкі будучага года будуць забеспячэнне ўстойлівасці эканомікі і рост дабрабыту насельніцтва. Прырост валавога ўнутранага прадукту прагназуецца на 3,8% за кошт маштабных інвестыцыйна-вытворчых праграм, рэалізацыі беларускай прадукцыі на знешнія рынкі і пашырэння ўнутранага попыту.

    Чакаецца, што інвестыцыі ў асноўны капітал прыбавяць 3,9% у супастаўных умовах, экспарт тавараў і паслуг павялічыцца на 7,6% (пераважна за кошт нарошчвання фізічных аб'ёмаў продажаў), рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва прырастуць на 3,5%.

    Захаваецца палітыка па стрымліванні цэн. Для гэтага для Нацыянальнага банка і Урада ўстанаўліваецца мэтавая задача па абмежаванні інфляцыі на ўзроўні, які не перавышае 6%.

    У выніку рост рэальнай заработнай платы складзе 103,9%. Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата па краіне павялічыцца да Br2087. У бюджэтным сектары - Br1634.

    Для дасягнення важнейшых параметраў Урад зацвердзіць Мэтавы план на 2024 год. У ім будуць сканцэнтраваны першачарговыя задачы па рэалізацыі вытворчых, экспартных і інвестыцыйных планаў дзяржаўнымі органамі. Заданні, якія ўстанаўліваюцца ў ім, будуць нацэлены на збалансаваны рост эканомікі без рызыкі справакаваць макраэканамічныя шокі пры спадарожным павышэнні ўзроўню жыцця насельніцтва.

    Таксама ў мэтах стварэння ўмоў для ўстойлівага росту эканомікі прыняты Указ № 308 аб мэтавых паказчыках грашова-крэдытнай палітыкі на 2024 год.

    Пералік уключае набор якасных паказчыкаў, здольных забяспечыць устойлівасць банкаўскай сістэмы (у тым ліку як крыніцы інвестыцыйных рэсурсаў), а таксама цэнавую і фінансавую стабільнасць. Да іх адносяцца:

    • прырост спажывецкіх цэн - не больш за 6%;

    • міжнародныя рэзервовыя актывы - не менш за $6 млрд;

    • доля неабслугоўваемых актываў банкаў у актывах, схільных да крэдытнай рызыкі, - не больш за 10% (утрыманне такога ўзроўню забяспечыць стабільнасць усёй банкаўскай сістэмы);

    • каэфіцыент даступнасці аўтаматызаваных сістэм удзельнікаў плацежнага рынку для забеспячэння правядзення разліковых аперацый - не менш за 99,8% (гэта дазволіць паўнацэнна забяспечыць патрэбнасць рэальнага сектара эканомікі і грамадзян у бесперашкодным правядзенні разлікаў на тэрыторыі краіны);

    • прырост патрабаванняў банкаў да эканомікі - не менш за 10%, што пашырыць рэсурсную падтрымку рэальнага сектара, задаволіўшы плацежаздольны попыт на крэдыты, што стане адным з ключавых стымулаў росту эканомікі.