Зацверджаны правілы аматарскага рыбалоўства і вядзення рыбалоўнай гаспадаркі
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 21 ліпеня Указ № 284 "Аб рыбалоўстве і рыбалоўнай гаспадарцы", якім зацверджаны правілы аматарскага рыбалоўства і правілы вядзення рыбалоўнай гаспадаркі.
Згодна з правіламі аматарскага рыбалоўства для грамадзян спрашчаецца парадак карыстання рыбалоўнымі ўгоддзямі: выключаны празмерныя патрабаванні да прылад аматарскага рыбалоўства, пашыраны пералік такіх прылад, знята забарона на выкарыстанне асвятляльных прыбораў, прадастаўлены льготы на платнае аматарскае рыбалоўства дадатковым катэгорыям грамадзян (пенсіянерам, воінам-інтэрнацыяналістам, асобам да 16 гадоў). Таксама дазваляецца аматарская лоўля рыбы ва ўсіх рыбалоўных угоддзях фонду запасу, а таксама перададзеных для прамысловага рыбалоўства. Павялічваюцца нормы вылаву за кошт зняцця абмежаванняў на лоўлю інвазіўных відаў рыбы (напрыклад, бычка, ратана-галавешкі, соміка амерыканскага).
Акрамя таго, устанаўліваюцца патрабаванні да падводнага палявання. Такі від рыбалоўства магчымы толькі ў вызначаных аблвыканкамамі вадаёмах пры ўмове наяўнасці ў грамадзяніна пры сабе пасведчання на права падводнага палявання, выдадзенага Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў.
У адпаведнасці з правіламі вядзення рыбалоўнай гаспадаркі ўведзена права на прамысловае рыбалоўства шляхам рэалізацыі квот без арэнды рыбалоўных угоддзяў. Удасканальваюцца падыходы да кіравання, узнаўлення і аховы рыбных рэсурсаў, у прыватнасці ўстаноўлены парадак вызначэння месцаразмяшчэння і межаў зімавальных ям, актуалізаваны нарматывы вылаву рыбы з улікам рэкамендацый і даследаванняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Новымі правіламі ствараюцца дадатковыя ўмовы для вядзення рыбалоўнай гаспадаркі: пашыраны пералік асоб, якія маюць права на атрыманне прамысловых білетаў, прадастаўлена магчымасць выдачы такіх білетаў тэрмінам да 5 гадоў. Функцыі кантролю за вядзеннем рыбалоўнай гаспадаркі замацоўваюцца за Дзяржаўнай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Беларусі.
У цэлым выдадзеным Указам аптымізуюцца нормы, якія рэгулююць аматарскае рыбалоўства і вядзенне рыбалоўнай гаспадаркі, прадугледжваецца парадак вырабу, захоўвання і збыту рыбалоўных сетак, сеткаматэрыялаў, традыцыйных нацыянальных прылад аматарскага рыбалоўства.
Рэалізацыя гэтага рашэння Кіраўніка дзяржавы дасць магчымасць забяспечыць зарыбленне рыбалоўных угоддзяў, зробіць іх больш даступнымі для насельніцтва.