Зацверджаны план падрыхтоўкі праектаў заканадаўчых актаў на 2022 год

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 снежня падпісаў Указ № 508 "Аб зацвярджэнні плана падрыхтоўкі праектаў заканадаўчых актаў на 2022 год".

    Асноўнымі крытэрыямі пры фарміраванні плана сталі рэальная патрэбнасць грамадства ва ўрэгуляванні адпаведных адносін, прыярытэтнасць іх прававой рэгламентацыі. Асаблівая ўвага ўдзялялася захаванню патрабаванняў сістэмнасці, комплекснасці і стабільнасці прававога рэгулявання.

    У 2022 годзе плануецца падрыхтаваць 28 праектаў законаў. У іх ліку як прынцыпова новыя законы ("Аб Усебеларускім народным сходзе", "Аб страхавой дзейнасці", "Аб лізінгавай дзейнасці", "Аб рэгуляванні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі"), так і накіраваныя на сістэмную актуалізацыю дзеючых законаў. З запланаваных да падрыхтоўкі праектаў законаў 21 законапраект будзе ўнесены ў парламент Урадам.

    Акрамя таго, планам прадугледжваецца падрыхтоўка канцэпцыі Кодэкса аб ахове здароўя.

    Згодна з планам прадугледжваецца таксама падрыхтоўка пяці ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у тым ліку "Аб кібербяспецы".