Зацверджана дзяржпраграма інавацыйнага развіцця Беларусі да 2025

    Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 15 верасня падпісаў Указ № 348, якім зацверджана Дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады.

    Яна сфарміравана з улікам вопыту рэалізацыі аналагічнай дзяржпраграмы ў 2016-2020 гадах. У выніку яе выканання ўведзены ў эксплуатацыю 74 новыя вытворчасці, аб'ём выпуску інавацыйнай прадукцыі склаў амаль Br6 млрд, удзельная вага інавацыйна актыўных арганізацый прамысловасці - больш за 26 працэнтаў, аб'ём экспарту навукаёмістай і высокатэхналагічнай прадукцыі - $14,2 млрд.

    Пры рэалізацыі новай дзяржпраграмы арганізацыі ўсіх форм уласнасці будуць выконваць інавацыйныя праекты па стварэнні новых вытворчасцей, адпаведныя прыярытэтным напрамкам навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці на 2021-2025 гады. Гэта дасць магчымасць паспяхова развіваць уласны навукова-тэхналагічны патэнцыял, прасоўваць айчынныя тэхналогіі на сусветны рынак і выкарыстоўваць перадавыя замежныя тэхналогіі.

    Пералік праектаў праграмы па стварэнні новых вытворчасцей зацвярджаецца Саветам Міністраў і будзе штогод дапаўняцца. Гэтыя праекты прызнаюцца інвестыцыйнымі, прадугледжана дзяржаўная падтрымка іх рэалізацыі шляхам падатковага і мытнага стымулявання.

    Гэтыя новаўвядзенні дадуць магчымасць значна скараціць тэрміны зацвярджэння праектаў і выдзялення фінансавых сродкаў, прыцягваць да ўдзелу ў праграме інавацыйныя прадпрыемствы і інвестараў.

    У выніку выканання праграмы да 2025 года плануецца стварэнне амаль 100 высокадаходных экспартна арыентаваных вытворчасцей, павелічэнне ўдзельнай вагі інавацыйна актыўных арганізацый апрацоўчай прамысловасці да 30,5%, аб'ёму экспарту навукаёмістай і высокатэхналагічнай прадукцыі да $18,3 млрд.