Зацверджана Дзяржаўная інвестыцыйная праграма на 2023 год

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2023 год. Адпаведны Указ № 26 Кіраўнік дзяржавы падпісаў 7 лютага.

    У рамках Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы ў бягучым годзе прадугледжваюцца праектаванне і будаўніцтва 136 аб'ектаў, з якіх 53 плануецца ўвесці ў эксплуатацыю.

    На фінансаванне ўключаных у праграму аб'ектаў прадугледжана амаль Br1,15 млрд, з іх Br891 млн (78%) - на рэалізацыю дзяржаўных праграм "Дарогі Беларусі", "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека", "Забеспячэнне правапарадку", "Аграрны бізнес", "Пагранічная бяспека", "Адукацыя і маладзёжная палітыка", "Будаўніцтва жылля" і іншых.

    У адпаведнасці з праграмай у 2023 годзе намечана пачаць фінансаванне будаўніцтва (рэканструкцыі) 23 аб'ектаў, у тым ліку трох пуцеправодаў у Брэсцкай, Гомельскай і Гродзенскай абласцях, трох дзіцячых дамоў сямейнага тыпу ў Полацку, Бабруйску і Бешанковічах, дзвюх бальніц у Брэсце і Пінску.