Сустрэча з губернатарам Прыморскага края Расіі Алегам Кажамякам
- 4
- 2:47
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 чэрвеня сустрэўся з губернатарам Прыморскага края Расіі Алегам Кажамякам.
"Удзячны не толькі за тое, што Вы прыязджаеце ў Беларусь, але і, праглядаючы ў сродках масавай інфармацыі, бачу Вашы заявы, падтрымку Беларусі і беларускіх тавараў, прадукцыі, якую мы вырабляем, вашу ў Прымор'і зацікаўленасць у набыцці нашай прадукцыі. Чаго граху таіць, Вашы выказванні, добрыя, станоўчыя водзывы аб нашай эканоміцы маюць добры водгук у Вашых калег на Далёкім Усходзе. А з Далёкім Усходам мы заўсёды гатовы развіваць супрацоўніцтва", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што адлегласць накладвае на гэта пэўны адбітак. Хоць нават не сама адлегласць, а загружанасць чыгунак ва ўсходнім напрамку, удакладніў Прэзідэнт.
"Цэнтр цяжару эканомікі Расіі і Беларусі зрушыўся сёння на Усход. І вы як ніколі запатрабаваны. Гэта добра. Але тое, што чыгункі не спраўляюцца з гэтым патокам (Уладзімір Уладзіміравіч расказваў аб гэтым на апошняй нашай сустрэчы ў Маскве) - гэта факт. І тут нам трэба працаваць разам, каб пашырыць гэтыя вузкія месцы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы добра ведаем, у чым мае патрэбу ваш край. Добра, што вы пабудзеце на выстаўцы "Белагра". Вы наведаеце Гомель, убачыце лепшыя прадпрыемствы. Словам, мы да вашых паслуг. Калі нешта трэба, мы, як заўсёды, да гэтага падключымся і будзем у гэтым напрамку працаваць".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі ў супрацоўніцтве з Прыморскім краем няма ніякіх закрытых тэм. "Мы нікога не баімся. Усё, што ў нас ёсць, - да вашых паслуг. Заўсёды дапамагалі і адгукаліся на вашы просьбы і запыты. Так будзе і ў далейшым", - запэўніў беларускі лідар.
Алег Кажамяка ў сваю чаргу адзначыў, што дэлегацыя края заўсёды наведвае "Белагра" вялікім складам. "І на гэты раз мы таксама прыбылі з даволі прадстаўнічай дэлегацыяй бізнесу і розных міністэрстваў, дзе людзі працуюць па машынабудаўнічым напрамку, сельскай гаспадарцы, дрэваапрацоўцы. Ужо заключаюцца пагадненні, кантракты. Мы бачым, што гэта супрацоўніцтва дае ўзаемную выгаду. Так, з 2019 года тавараабарот у нас павялічыўся ў шэсць разоў і цяпер ужо дасягае 7,6 мільярда (расійскіх. - Заўвага) рублёў", - сказаў губернатар.