Сустрэча з губернатарам Прыморскага края Расіі Алегам Кажамякам

  • 6
  • 4:04

Беларусь і Расія могуць значна рушыць наперад у плане імпартазамяшчэння. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 28 лістапада на сустрэчы з губернатарам Прыморскага края Алегам Кажамякам.

"Бачым, што ўсе праблемы, якія складваюцца сёння ў эканоміцы і Расіі, і Беларусі, пераадольныя. І мы стараемся іх пераадольваць. Ёсць пэўнае тармажэнне. На жаль, бюракратычныя (моманты. - Заўвага). Мы пра гэта пагаворым. Гэта датычыцца не Прыморскага края, а ў цэлым нашага супрацоўніцтва з Расіяй. У бліжэйшы час сустрэнемся з Прэзідэнтам Расіі. Таксама абмяркуем гэтыя пытанні. Калі дробныя пытанні нейкія зняць, то мы значна можам рушыць наперад у плане імпартазамяшчэння. Гэта самае галоўнае для нас цяпер. Ужо гэты год паказаў, што мы справімся. Проста крыху часу патрэбна, але мы справімся. У гэтым ключы хацеў бы пачуць вашу пазіцыю", - падкрэсліў беларускі лідар.

Вітаючы Алега Кажамяку, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што рады з ім сустрэцца. "Яшчэ раз пачуць, што змянілася на нашым Далёкім Усходзе, як самаадчуванне эканамічнае, ці ёсць нейкія зрухі ў супрацоўніцтве з суседзямі. Якія цяжкасці? І ў сувязі з гэтым у чым Беларусь можа падставіць сваё плячо, дапамагчы ў гэтым плане?" - пацікавіўся беларускі лідар.

Ён адзначыў, што ў адносінах беларускага боку да Прыморскага края і асабіста губернатара нічога не змянілася. "Гатовы Вас сустракаць у любы час, у любое надвор'е. Вы гэта павінны адчуваць. Ваша імя вельмі часта гучыць на маіх сустрэчах з кіраўніцтвам Расіі і з губернатарамі, якія да нас прыязджаюць. Мы знаходзім агульныя падыходы", - расказаў Прэзідэнт.

У сваю чаргу Алег Кажамяка адзначыў, што сітуацыя ў эканоміцы развіваецца даволі нядрэнна. Паводле яго слоў, гэта звязана з тым, што цяпер вектар гандлю і паставак прадукцыі змяніўся на Усход і парты Прыморскага края атрымалі вялікую работу, нагрузку. Напрыклад, нядаўна праз парты Уладзівастока былі адпраўлены некалькі дзясяткаў кантэйнераў у інтарэсах беларускага вытворцы аўтамабіляў "Джылі".

"Пакуль у нас эканоміка працуе ўстойліва. Вядома, ёсць некаторыя пытанні, звязаныя з імпартазамяшчэннем. Але тым не менш мы іх таксама вырашаем", - адзначыў Алег Кажамяка. Ён звярнуў увагу, што тавараабарот паміж Беларуссю і Прыморскім краем за тры гады вырас у 3,5 раза, і паводле папярэдніх вынікаў за 2022 год відавочна, што ён вырасце яшчэ.

Значна павялічыліся пастаўкі ў Прыморскі край беларускіх прадуктаў харчавання, канстатаваў кіраўнік рэгіёна. Паводле яго слоў, яны выраслі ў восем разоў з 2019 па 2021 год. А па выніках 2022 года гэты рост будзе яшчэ больш істотным. "Прымарчане рассмакавалі беларускую прадукцыю", - сказаў ён.

Губернатар таксама адзначыў супрацоўніцтва з прамысловымі прадпрыемствамі. У прыватнасці за 10 месяцаў бягучага года Прыморскі край набыў прыкладна 109 адзінак тэхнікі, у тым ліку 21 аўтамабіль БЕЛАЗ грузападымальнасцю 130 тон. Прадаўжаецца работа па стварэнні сэрвіснага цэнтра, дзе на адной пляцоўцы будзе прадстаўлена каля 40 адзінак рознай тэхнікі беларускай вытворчасці.