Сустрэча з Дзяржаўным сакратаром Савета Бяспекі Беларусі Аляксандрам Вальфовічам

  • 6
  • 11:08

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе пры падрыхтоўцы абноўленай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі краіны нічога не хаваць і зрабіць дакумент абсалютна адкрытым. Аб гэтым ён заявіў 20 верасня на сустрэчы з Дзяржаўным сакратаром Савета Бяспекі Беларусі Аляксандрам Вальфовічам.

"Я папрасіў бы, перш чым мы яе разгледзім у Савеце Бяспекі, каб яна была абсалютна адкрытая. Не трэба нічога хаваць, зыходзячы з нейкіх палітычных матываў або нават эканамічных. Мы павінны сумленна прапісаць тыя рызыкі, пагрозы, якія існуюць, і нашу рэакцыю на іх. Каб і суседзі, і іншыя ведалі, як мы будзем рэагаваць. Каб не гаварылі, што для некага гэта была нечаканасць. Не трэба нічога хаваць. Усё трэба рабіць сумленна", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Калі мы з Расіяй, значыць, мы з Расіяй. Мы стварылі абаронную прастору, у нас агульныя ўзброеныя сілы фактычна (наша армія на вастрыі). Дзейнічае рэгіянальная групоўка. І хай ніхто там нас не крытыкуе і не робіць з гэтага нейкіх не тое фэйкаў, не тое надзвычайных заяў, што "ах, ох, там вось Лукашэнка, расійскія войскі і іншае". А што тут здзіўнага? Мы даўно аб гэтым заявілі. Ужо, напэўна, гадоў 20, як мы дамовіліся аб гэтым", - сказаў Прэзідэнт.

"Мы ўсё выразна павінны прапісаць, каб загадзя ўсе ведалі. Асабліва ў нашым грамадстве - якім чынам мы будзем абараняцца, як мы будзем абараняцца, якія будуць нашы дзеянні", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца неабходнасці абнаўлення канцэпцыі, Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што сітуацыя мяняецца. "Вы лепш за мяне гэта разумееце і ведаеце, прыцягнуты былі да падрыхтоўкі ранейшых канцэпцый. На якім узроўні мы сёння знаходзімся пры падрыхтоўцы новай рэдакцыі Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі?" - пацікавіўся ён.

"Пытанне, якое мы не прадугледжвалі сёння, але я лічу, што Вы мне павінны коратка далажыць па сітуацыі на паўднёвай граніцы. Я даручаў Вам, Міністэрству абароны, усім сілавым структурам з улікам ужо нашага вопыту з часоў пачатку спецыяльнай ваеннай аперацыі Расіі ва Украіне прапрацаваць на практыцы нашы дзеянні на граніцы з Украінай. У нас там вопыт быў процідзеяння пэўны, у тым ліку стварэння батальённых тактычных груп, прыкрыцця граніцы. Якая цяпер сітуацыя і як мы далей там будзем дзейнічаць?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы.

Аналагічнае пытанне было пастаўлена і адносна прыкрыцця паўночна-заходняй граніцы.

"Там, дзе існуюць рэальныя пагрозы. Абавязкова. Гэта для нашай арміі галоўнае. Зноў жа, не трэба нас папракаць, што мы там ва Украіне збіраемся ваяваць і іншае. Нам трэба абараніць сваю Айчыну. І што датычыцца падтрымкі Расіі, яшчэ раз пацвярджаю: праз Беларусь ніякага ўдару ў спіну, у бок, збоку, з флангаў па расійскіх войсках быць не павінна. І не будзе. У гэтым наша абавязацельства перад нашым саюзнікам", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Сітуацыя вельмі сур'ёзная. Я нават сказаў бы небяспечная. І нам ні ў якім разе нельга спрашчацца. Не трэба нічога баяцца. Трэба нам падняць па трывозе нейкую воінскую часць па нормах ваеннага часу, значыць, трэба. Трэба адмабілізаваць яе, каб мы бачылі, ці жывыя людзі, якія прыпісаны да гэтай часці, значыць, трэба яе адмабілізаваць. Трэба тэрытарыяльную абарону падняць, значыць, трэба. Трэба народнае апалчэнне - праверыць там на месцы, што гэта за байцы ў нас будуць, і якая ў іх зброя, значыць, трэба. Асабліва апошняе. Таму што народнае апалчэнне ў нас у стадыі фарміравання. Таму вось гэтыя рэчы мы не павінны забываць і гэта ў вас усё павінна быць пад кантролем", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Савет Бяспекі па даручэнні Прэзідэнта аналізуе сітуацыю ў сілавых структурах і інфармуе кіраўніка дзяржавы, каардынуе пэўныя мерапрыемствы, аж да правядзення канкрэтных вучэнняў. "Як чалавек ваенны, былы начальнік Генштаба, ужо, напэўна, празмерна ўнікаеце ў дэталі. Гэта добра. Я маю на ўвазе, нядаўна камандна-штабное вучэнне было. Як яно прайшло? Усе станоўчыя рысы гэтых мерапрыемстваў я ведаю. Я быў ваенным шмат гадоў. Таму я ведаю, як гэта ўмеюць падносіць, заўсёды скрыць нешта там негатыўнае, лепшае паказаць. Лепшага было шмат, добрага было шмат, паводле маіх даных. Але вы павінны мяне праінфармаваць, што выявілася таго, над чым яшчэ трэба працаваць", - паставіў пытанне Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы таксама акцэнтаваў увагу на тэме інфармацыйнай бяспекі.

"Правільна Вы ўздымаеце пытанне інфармацыйнай бяспекі. Пытанне пытанняў. Цяпер ідзе вайна перш за ўсё ў сферы інфармацыйнай бяспекі. І тут падключаны павінны быць усе - ад журналіста да Прэзідэнта. Вайна вайной. Інфармацыйная вайна - гэта вельмі небяспечна ў сучасным свеце. Пачынаючы, зноў жа, ад газеты-раёнкі і іншай нейкай прыватнай газеты і заканчваючы інтэрнэтам. Усюды павінны актыўна працаваць", - даручыў беларускі лідар.

"Скажу шчыра, Адміністрацыя Прэзідэнта крыху ў гэтым плане не выцягвае, недапрацоўвае. Асабліва па сур'ёзных напрамках. Я абсалютна згодны з вашай прапановай, што Дзяржсакратарыят да гэтага павінен быць падключаны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, такі падыход дазволіць стварыць добрую апору для дзеянняў у СМІ. Нараўне з гэтым Прэзідэнт перасцярог ад выкарыстання такога інструменту ва ўмовах інфавайны, як фэйкі. "Нам гэтым шляхам ісці не трэба. Не трэба нам фэйкі. Трэба паказваць рэальную рэчаіснасць. У рэшце рэшт гэта перамагае. Фэйк - гэта на дзень, на два. А потым усё гэта развеецца. Таму не трэба фэйкаў. Не трэба даваць непраўдзівую няправільную інфармацыю. Трэба рабіць усё з годнасцю, прыгожа, каб потым не апраўдвацца", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт даручыў увесці ліцэнзаванне ў адукацыі. Ён згадаў аб інцыдэнце, які раскручваюць у інтэрнэце, звязаны з тым, што вучань адной з прыватных школ стрэліў з пісталета ў дзяўчынку і пашкодзіў ёй вока. "Не нейкі там траўматычны, як яны пішуць, пісталет. Гэта быў дзіцячы пісталет з рызінавымі так званымі шарыкамі гэтымі. Ён трапіў дзяўчынцы ў вока. Яна была ў акулярах. Разбіў шкло і пашкодзіў вока. З гэтага зрабілі надзвычайшчыну. Я даручыў разабрацца", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Пачалі разбірацца, а там кіраўніцтва школы, гэта паводле першай інфармацыі, яны ж на дух не ўспрымаюць беларускую дзяржаву. Гэта што, там муць нейкая, нейкая клаака ўтварылася антыдзяржаўная? Ну, 26 дзяцей. Ну што гэта за школа?! Таму я даручыў неадкладна ўвесці ліцэнзаванне з учарашняга дня. Народная адукацыя, школы, ВНУ - гэта не тая сфера, дзе мы жартаваць павінны", - падкрэсліў беларускі лідар.

Гаворачы пра інцыдэнт са стральбой з дзіцячага пісталета, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што справа нават не ў гэтай дробязі, хоць і гэта важна. У выніку выявіліся больш маштабныя пытанні і праблемы. "Аказваецца, у гэтай школе аж 26 вучняў. Па-мойму, так мне Міністр унутраных спраў далажыў. Прыватная школа. Адкуль, якая, што гэта за школа - 26 вучняў. Пачалі разбірацца - яна зарэгістравана на тэрыторыі прыватнага нейкага прадпрыемства, якое нічога не робіць па статуце. Напэўна, чакаюць, каб гэту зямлю прысвоіць і пабудаваць там жыллё. А месца зручнае. Потым прадаць можна добра. Увогуле, ёсць пытанні. Таму трэба зачысціць усё да немагчымасці ў сістэме адукацыі. Навошта мы здзекуемся з гэтых дзяцей?!" - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы даручыў мабілізаваць усе структуры органаў улады на навядзенне дысцыпліны і парадку ў краіне. Ён звярнуў увагу на неабходнасць узмацнення работы з рэспубліканскімі органамі ўлады. "Вось гэтыя дні ў мяне быў час, нягледзячы на занятасць, усё ж такі падумаць аб тым, што адбываецца ў Беларусі. Яшчэ раз хачу падкрэсліць: нам трэба ўзмацняць адказнасць, дысцыпліну нашага грамадства. Непарадку хапае. І калі пачынаеш займацца, здаецца, дробяззю, выходзіш на вельмі сур'ёзныя пытанні", - заўважыў беларускі лідар.

"Не хапае дысцыпліны. Таму вам трэба ўзяць на кантроль у гэтым плане (гэта маё даручэнне Дзяржсакратарыяту і Вам як Дзяржсакратару) усіх, хто адказны за выканальніцкую дысцыпліну, мабілізаваць усе структуры органаў улады на навядзенне дысцыпліны і парадку ў краіне. Па ўсіх напрамках. Я тут прыклад прывёў з адукацыі. Але ў нас хапае праблем і ў сацыяльнай сферы. І ў эканоміцы ў нас праблем хапае", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што планам ператварыць Беларусь у нейкае падабенства цяперашняй Украіны не наканавана збыцца і неабходна бачыць і апярэджваць спробы дзейнічаць у гэтым напрамку, захоўваць пільнасць.

"Усё больш і больш атрымліваю інфармацыі, што тыя збеглыя і іх сваякі тут заляглі ціхенька, адлежаліся; сёння разгортваюць бізнесы і адкрыта кажуць аб тым, што, вось, мы тут цяпер назапасім грошай, а потым мы тут учынім бучу. А ва Украіне ўжо ствараюцца нейкія ці тое палкі, ці тое батальёны для звяржэння не толькі ўлады. Але для таго каб перавярнуць, адарваць Беларусь і далучыць да блока НАТА. Зноў хочуць новую Украіну тут у Беларусі стварыць. Гэта недапушчальна. Я аб гэтым гавару шчыра і адкрыта. Каб ведалі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу, што нельга заспакойвацца, паступова аддаляючыся ад падзей 2020 года ў Беларусі. "Нам нельга заспакойвацца. Мы ў гэтым катле. Нам спакойна жыць не дадуць. Нас увесь час будуць душыць па ўсіх напрамках. А гэтыя "свядомыя" - гэта ворагі. Разумееце, гэта ўжо ворагі, калі не разумеюць, што адбываецца вакол, і ствараюць тут праблемы", - сказаў ён.

"Яны ўвесь час будуць круціць-муціць і падкідаць нам гэтыя пытанні. А потым у патрэбны момант зноў пойдуць граміць, бамбіць, здзекавацца з людзей", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка даручыў падрыхтаваць прэзідэнцкае мерапрыемства па пытаннях абароны дзяржавы. "Вам трэба сабрацца з сілавікамі, агаварыць усе напрамкі. Гэта будзе ў бліжэйшы час. Я ўчора слухаў справаздачу Міністра абароны і даручыў яму падрыхтаваць мерапрыемства з удзелам Прэзідэнта па ўсім гэтым комплексе пытанняў, і перш за ўсё па пытаннях абароны нашай дзяржавы", - сказаў беларускі лідар.

"Праз тыдзень, калі я вярнуся з камандзіроўкі, каб мы гатовы былі правесці гэта мерапрыемства на базе Міністэрства абароны", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.