Сустрэча з членамі Савета Парламенцкай асамблеі АДКБ
- 11
- 17:29
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 мая правёў сустрэчу з удзельнікамі пасяджэння Савета Парламенцкай асамблеі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.
"Рэдкі выпадак, калі ўдаецца сустрэцца са сваімі былымі калегамі - парламентарыямі. Вы ведаеце, я сам доўга працаваў у парламенце. Ведаю, што гэта за хлеб. Вы сапраўдныя лідары ад народа сваіх краін, таму мне ўдвая прыемна сёння сустрэцца з прадстаўнікамі нашых народаў", - прывітаў удзельнікаў пасяджэння Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь, з'яўляючыся старшынёй арганізацыі, надае асаблівае значэнне парламенцкаму вымярэнню як неад'емнаму складальніку паспяховай дзейнасці АДКБ, яе ўдасканалення і далейшага развіцця.
"Зразумела, першая і галоўная задача - збліжэнне і гарманізацыя нацыянальных заканадаўстваў. Тут прэтэнзій да нашай Парламенцкай асамблеі ніякіх няма. Вы прапанавалі нацыянальным парламентам шмат мадэльных законаў, частка якіх у Беларусі і іншых краінах з задавальненнем выкарыстоўваецца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Не менш актуальнай задачай Парламенцкай асамблеі Прэзідэнт назваў наглядальную функцыю ў час выбарчых кампаній у краінах АДКБ. "Улічваючы градус негатыўных водгукаў аб умовах іх падрыхтоўкі і правядзення з боку ангажыраваных палітычных інстытутаў, бесстароннія ацэнкі нашай асамблеі адыгрываюць ролю станоўчага балансу. Гэта значыць, мы самі сябе, нашы дзяржавы, адзін аднаго ў крыўду не даём. Гэта, безумоўна, аказвае пазітыўны ўплыў на падтрыманне міру і бяспекі ў зоне адказнасці арганізацыі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што тыя негатыўныя тэндэнцыі, аб якіх неаднаразова гаварылася на працягу мінулага года, становяцца знешнепалітычнай рэальнасцю. Нарошчваюцца ваенная прысутнасць і наступальны патэнцыял Паўночнаатлантычнага альянсу ля заходніх граніц АДКБ. Праводзяцца маштабныя вучэнні, паскоранымі тэмпамі мадэрнізуецца ваенная інфраструктура, у тым ліку ў сумежных краінах. "Асобныя дзяржавы ператварыліся ў палігон для знішчэння старых і выпрабавання новых заходніх узбраенняў", - адзначыў Прэзідэнт.
"Пасля нядаўняга ўваходжання ў альянс Фінляндыі і рыхтуемага ўступлення Швецыі мы чарговы раз сталі сведкамі пашырэння Паўночнаатлантычнага блока. Такія дзеянні ставяць свет на вельмі небяспечную мяжу глабальнага канфлікту", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што адпаведныя дзеянні з боку Захаду абгрунтоўваюць "інтэрвенцыяй, агрэсіяй" з боку Расіі ва Украіне. Аднак Прэзідэнт Беларусі лічыць такое тлумачэнне няслушным: "Якія адносіны мае спецыяльная ваенная аперацыя або якія адносіны мае ўступленне Фінляндыі ў НАТА ў сувязі са СВА? Абсалютна ніякія. Чакалі моманту. Вырашылі, што гэты момант настаў".
"Думаю, што ні Расіі, ні Беларусі гэта вялікай шкоды не нанясе. Усё ж такі якія б рашэнні палітыкі ні прымалі ў той жа Фінляндыі, народ там недурны і ведае, што такое вайна", - адзначыў беларускі лідар.
Прэзідэнт канстатаваў: "Нягледзячы на імклівы спад узроўню жыцця і пагаршэнне эканамічных перспектыў у еўрапейскіх краінах, Захад ідзе на эскалацыю міжнароднай напружанасці і галасамі некаторых палітыкаў адкрыта прызнаецца ў тым, што рыхтуецца да вайны".
Пры гэтым цэнтральнай арэнай процістаяння, полем бітвы на еўрапейскім кантыненце застаецца Украіна, з-за ваеннага сутыкнення ў якой парушаны ўсе важнейшыя сферы міждзяржаўных адносін - палітычная, эканамічная і гуманітарная.
"Намаганнямі нашых заходніх апанентаў ААН, АБСЕ ператвараюцца ў інстытуты націску і канфрантацыі, становяцца падручнымі сабачкамі для заходніх дзяржаў, - сказаў Прэзідэнт. - Мы лічым недальнабачнымі і безадказнымі такія дзеянні".
Аляксандр Лукашэнка папракнуў АБСЕ ў бяздзейнасці: "Калі АБСЕ - гэта Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе; калі ў Еўропе разгараецца гэты канфлікт, ну пара б ужо проста сабрацца на вышэйшым узроўні, паглядзець адзін на аднаго і прыняць нейкія рашэнні. Або хаця б пагаварыць, калі не зможам прыняць".
"І мы з расіянамі шмат разоў прапаноўвалі: давайце сустрэнемся, абмяркуем праблемы. Яшчэ да спецыяльнай ваеннай аперацыі. Нуль. Ніякага абмеркавання не трэба. Гэта сведчыць аб тым, што патрэбна адно - вайна. І яны робяць усё для таго, каб падвесці нас да гэтай вайны, каб развязаць гэту вайнушку", - падкрэсліў беларускі лідар.
Тым не менш, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь па-ранейшаму застаецца прыхільнай і адкрытай да дыялогу, накіраванага на ўмацаванне глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, нястомна заклікае спыніць канфрантацыю, вярнуцца да мірнага вырашэння пытанняў. "Падкрэслю: дыялог павінен быць узаемапаважлівым і раўнапраўным", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка расказаў, што Расія была гатова заключыць дагавор аб урэгуляванні канфлікту ва Украіне. "З першага дня парламентарыі Расіі ў гэтым удзельнічалі непасрэдна. Намі было прапанавана: давайце сядзем за стол перагавораў. Ну, надавалі па мордзе адзін аднаму - давайце пагаворым, давайце спынім гэту вайну. Тры раўнды ў Беларусі прайшло. Потым ці то цесна стала Зяленскаму, ці то яшчэ нешта - у Турцыю паехалі. Добра, давайце ў Турцыі. На стол паклалі праект дагавора. Калі б Расія цяпер яго чытала, яна б страціла розум. Ён абсалютна быў нявыгадны Расіі. Але Расія згадзілася", - сказаў беларускі лідар.
"У мяне на стале ляжыць праект гэтага дагавора. І як толькі Расія згадзілася на мірныя ініцыятывы, дагавор, праект быў выкінуты ў карзіну, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта людзі, магчыма, не ўсё ведаюць. Але спецыялісты ў гэтым удзельнічалі і ведаюць".
"Перш чым абвінавачваць нас у канфрантацыі, пашырэнні гэтага канфлікту, трэба вярнуцца за стол перагавораў. Узяць не той дакумент (які выпрацоўваўся на пачатковым этапе ў ходзе праведзеных некалькіх раўндаў расійска-ўкраінскіх перагавораў. - Заўвага) - новы. Для таго, каб спыніць вайну", - дадаў беларускі лідар.
"Шмат цяпер гавораць: "Контрнаступ, контрнаступ!" І гэтак далей, - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. - Але расіяне вельмі баяцца дэзынфармацыі. Гэта правільна. У любым баі дэзынфармацыя вельмі небяспечна. Успомніце Курскую бітву, пад Сталінградам, калі мы паспяхова дэзынфармавалі праціўніка і выйгралі гэту бітву".
"Але, павінен сказаць, самая вялікая дэзынфармацыя - гэты "контрнаступ". Ніякага "контрнаступу", на мой пункт гледжання, няма і быць не можа. Гэта проста вар'яцтва. Адзін к пяці на фронце ваяваць па тэхніцы і жывой сіле - гэта проста вар'яцтва! Не, трэба нагнятаць, трэба накручваць украінцаў для таго, каб прадаўжаць і ўтапіць нас у гэтым процістаянні. У гэтым сёння сутнасць на фронце. Мы гэта бачым. Гэта ў нас за агароджай непасрэдна", - заявіў Прэзідэнт.
"Таму не думайце, што мы тут нагнятаем абстаноўку і не хочам мірных перагавораў, не хочам дамовіцца пра мір", - адзначыў ён.
Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым падкрэсліў, што вялікае бачыцца на адлегласці. "Як я заўсёды гавару, мы яшчэ прыйдзем да ацэнак. І мы ўбачым, хто мае рацыю, хто вінаваты. І асабліва цяпер", - заўважыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў неабходнасць узаемапаважлівага і раўнапраўнага дыялогу. "І ўсякія папярэднія ўмовы, якія сёння Украіна, Прэзідэнт Украіны выстаўляе, гэта ўжо абсалютна зразумела - гэта (робіцца. - Заўвага) з мэтай не дапусціць ніякіх перагавораў. Якія могуць быць папярэднія ўмовы? Трэба сесці за стол перагавораў і ўжо там выпрацоўваць усякія ўмовы", - адзначыў Прэзідэнт.
"Мы павінны сканцэнтраваць свае намаганні на фарміраванні новай сістэмы міжнародных адносін, калі глядзець далёка наперад. Заснаванай на агульнапрызнаных нормах і прынцыпах міжнароднага права, а не на нейкіх "правілах", якія нам падсоўваюць з боку Захаду, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Нас увесь час абвінавачваюць, што выбары прайшлі не на нейкіх прынцыпах АБСЕ. А дзе гэтыя прынцыпы, хто зацвярджаў гэтыя прынцыпы? Дзе яны? Не, ёсць "правілы", якія яны ўстанавілі і якія мяняюць пад кожную дзяржаву і падзею. Гэта што?"
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што большасць краін, да якіх адносяцца дзяржавы - члены АДКБ, бачаць у шматпалярнасці лепшыя перспектывы развіцця свету.
Беларусь мае намер і ў далейшым пашыраць прынцыпы справядлівага і шматпалярнага свету, садзейнічаць выпрацоўцы надзейных гарантый для забеспячэння як калектыўнай бяспекі і стабільнасці, так і бяспекі кожнага ўдзельніка міжнароднай супольнасці.
Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важную ролю адзінства ў АДКБ для захавання суверэнітэту і незалежнасці яе ўдзельнікаў. "Упэўнены, што дэвіз беларускага старшынства "Праз салідарнасць і супрацоўніцтва да міру і бяспекі" адпавядае інтарэсам усіх членаў АДКБ. Нельга ў сувязі з гэтым абысці пытанне аб адзінстве нашых шэрагаў. Беларусь у рамках свайго старшынства нацэлена на тое, каб прыкласці неабходныя намаганні для павышэння з'яднанасці дзяржаў - членаў АДКБ, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Менавіта ў зняцці існуючых супярэчнасцей бачым перспектыву ўмацавання арганізацыі, забеспячэння бяспекі і стабільнасці ў зоне яе адказнасці".
Беларускі лідар адзначыў, што часта з Прэзідэнтам Расіі абмяркоўвае адпаведную праблему: "Мы не хочам, каб у сувязі з уведзенымі супраць нас санкцыямі пад іх, супрацоўнічаючы з намі, трапілі і вы. Нам гэта абсалютна не патрэбна. Гэта будзе толькі горш. Але я хачу сказаць, што мы вельмі спадзяёмся, што вось гэтыя спробы нас разарваць не падзейнічаюць на наша адзінства. Галоўнае - эканоміка. Галоўнае - рынак".
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што шэраг краін на постсавецкай прасторы сутыкаецца з рознымі праблемамі і выклікамі. "Але мы неяк збіраліся разам, абмяркоўвалі праблемы. А часам рабілі сур'ёзныя дзеянні для таго, каб неяк супакоіць сітуацыю ў тым ці іншым пункце постсавецкай прасторы. Гэта дарагога варта. Нас спрабуюць развесці. Я, як чалавек вопытны, хачу вас папрасіць: акуратна, без шуму, не паддавайцеся на гэтыя хітрыкі! Вы павінны шукаць там, дзе лепш вам, дзе лепш вашым народам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён прывёў прыклад, што калі Таджыкістану выгадна гандляваць сваёй высакаякаснай агароднінай і фруктамі, то гэта трэба рабіць. А калі Грузіі выгадна лятаць у Маскву, а Маскве ў Тбілісі, то ў гэтым таксама няма нічога дрэннага. "Не - гэта дрэнна (заяўляюць апаненты і нядобразычліўцы. - Заўвага). Вось на гэтым прыкладзе ўжо відаць, чаго яны хочуць", - заўважыў Прэзідэнт.
"Таму не дапусціце (вы, парламентарыі перш за ўсё) такога разрыву на гэтым вострым моманце нашай гісторыі. Уладныя людзі спрабуюць перадзяліць свет, і мы ў цэнтры гэтай увагі. Трэба трымацца адзін аднаго, трэба бліжэй у гэты час быць адзін да аднаго. Гэта наша палітыка. Мы вам яе прапануем. Я думаю, што іншай альтэрнатывы для захавання суверэнітэту і незалежнасці нашых дзяржаў няма", - упэўнены беларускі лідар.
Сваё слова ў гэтым павінна сказаць і Парламенцкая асамблея АДКБ, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Парламентарыі сваім актыўным удзелам у працэсах развіцця і ўмацавання патэнцыялу АДКБ змогуць садзейнічаць павышэнню ролі арганізацыі ў сістэме міжнародных адносін. "Паступальнаму руху наперад на гэтым напрамку будзе служыць таксама дакладнае прытрымліванне прынцыпу непадзельнасці бяспекі як неад'емная ўмова мірнага дыялогу, процідзеяння знешняму націску і санкцыям", - сказаў Прэзідэнт.
Ён выказаў упэўненасць, што пасяджэнне Савета Парламенцкай асамблеі АДКБ у Мінску пройдзе ў абсалютна канструктыўнай атмасферы і будзе садзейнічаць прыняццю канкрэтных рашэнняў, накіраваных на ўмацаванне адносін сапраўднага саюзніцтва паміж дзяржавамі - членамі АДКБ. "Мы для гэтага будзем рабіць усё магчымае. На нас вы можаце разлічваць і не сумнявацца", - запэўніў беларускі лідар.