Сустрэча з Міністрам абароны Расіі Андрэем Белавусавым

  • 10
  • 4:42

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 кастрычніка правёў сустрэчу з Міністрам абароны Расіі Андрэем Белавусавым.

"Пытанняў, якія мы павінны абмеркаваць, нямала. Дзякуй за тое, што сумесную групоўку, якую мы з вамі сфарміравалі ў рамках АДКБ на заходнім напрамку, вы трымаеце пры ўсіх складанасцях і цяжкасцях. Беларуская армія выконвае сваю ролю. Усе нашы абавязацельствы з расійскага боку для Беларусі, з боку Беларусі да Расіі мы выконваем. Нашы праціўнікі (ворагаў пакуль, напэўна, у нас тут асабліва няма) пра гэта ведаюць, яны ж бачаць, - заявіў беларускі лідар. - Па іншых ведамствах і напрамках у нас ідзе добрае супрацоўніцтва. Таму вы можаце не перажываць наконт нашых абавязацельстваў па ахове нашых рубяжоў Саюзнай дзяржавы".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што падрыхтоўка Узброеных Сіл у Беларусі сарыентавана на тое, каб папярэдзіць знешнюю ваенную агрэсію. "Вы бачыце нашы дзеянні, асабліва Узброеных Сіл. Мы рыхтуемся да вайны, але спрабуем яе ўсяляк пазбегнуць. Ні нам, ні вам яна не патрэбна. Але каб яна не здарылася, трэба быць гатовымі. Таму наша сумесная групоўка на заходнім напрамку заўсёды будзе патрэбна. І яна сёння ў парадку", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама падзякаваў расійскаму боку за дапамогу ў арганізацыі кантролю рознымі тэхнічнымі сродкамі па перыметры Саюзнай дзяржавы - уздоўж граніц з Украінай і краінамі Захаду. "А ў вас яны (такія сродкі. - Заўвага) з улікам канфлікту ва Украіне вельмі развіты. РЛС і да таго падобнае. Там і расійскі вопыт улічаны, і шмат расійскіх сродкаў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы з Прэзідэнтам Пуціным, нядаўна сустракаючыся, абмяркоўвалі гэту тэму. Ён, малайчына, паабяцаў, кажа: "Мы вось гэта, гэта дапаможам". Гэта нам патрэбна будзе. І мы бачым, што гэта нам патрэбна. Мы кантралюем усю тэрыторыю ўздоўж граніцы. А гэта амаль 3 тыс. км, калі Захад і Украіну браць. Вядома, яна (граніца. - Заўвага) павінна быць прыкрыта сродкамі кантролю і сачэння. Тут мы нядрэнна працуем".

Прэзідэнт адзначыў, што з улікам вопыту супрацоўніцтва ў Міністра абароны Расіі калі і могуць быць прэтэнзіі да беларускага боку, то няшмат.

"Прэтэнзій няма", - сказаў Андрэй Белавусаў.

Ён падзякаваў беларускаму лідару за магчымасць сустрэчы, нягледзячы на шчыльны графік, і перадаў цёплыя словы і пажаданні ад Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

Андрэй Белавусаў пацвердзіў, што ў супрацоўніцтве абаронных ведамстваў дзвюх краін сапраўды вялікі парадак дня як у правядзенні сумеснай калегіі, так і ў частцы пытанняў, якія абмяркоўваліся на сустрэчы паміж міністрамі. "Я спецыяльна прыляцеў учора, а не сёння на калегію. Мы дзве гадзіны з ім (Міністрам абароны Беларусі Віктарам Хрэніным. - Заўвага) прагаварылі", - расказаў ён.

Міністр абароны Расіі таксама адзначыў, што на пасяджэнне сумеснай калегіі прыбылі і яго намеснікі. Важны момант - гэта таксама магчымасць для больш цеснага асабістага знаёмства з улікам кадравых змяненняў, якія адбыліся ў абаронных ведамствах абедзвюх краін.

"Вы абсалютна маеце рацыю. Міжнародная абстаноўка прадаўжае дэградаваць. Яна застаецца вельмі складанай. Мала таго, што складаная, яна становіцца ўсё больш і больш непрадказальнай. Мы бачым, што адбываецца ў Еўропе, на Блізкім Усходзе. І гэта патрабуе папераджальных дзеянняў", - сказаў Андрэй Белавусаў.

Паводле яго слоў, менавіта гэта было асноўным прадметам размоў і на сустрэчы з Міністрам абароны Беларусі: "Якія яшчэ дзеянні, якія яшчэ задачы мы павінны паставіць перад сабой і вырашыць у самыя кароткія тэрміны на нашым узроўні. Ёсць шэраг палітычных пытанняў, якія, безумоўна, патрабуюць рашэння вярхоўных галоўнакамандуючых".