Уручэнне дзяржаўных узнагарод

  • 21
  • 9:18

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным дзеячам розных сфер. Урачыстая цырымонія адбылася 2 ліпеня ў Палацы Незалежнасці.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што мерапрыемства праводзіцца напярэдадні галоўнага дзяржаўнага свята - Дня Незалежнасці. Ён падкрэсліў, што 3 ліпеня - святая і сімвалічная дата, тады вызвалілі Мінск і пачаўся адлік мірнага жыцця Беларусі.

"У агні Вялікай Айчыннай вайны рэспубліка страціла кожнага трэцяга (магчыма, і больш). Але мы не сталі на калені перад ворагам, мы  змагаліся і перамаглі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, што 80 гадоў таму ўцалелыя мірныя жыхары Мінска з трыумфам сустракалі савецкія танкі. Аперацыя "Баграціён" яшчэ не была завершана, і байцы Чырвонай Арміі адпраўляліся на захад, каб канчаткова знішчыць ворага на сваёй тэрыторыі, вызваліўшы краіну, і дайсці да Берліна. "Наперадзе іх чакалі доўгія месяцы вайны - амаль год. Але ўжо відавочна - перамога будзе за намі", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка аб мінулым гістарычным перыядзе. Ён таксама згадаў парад беларускіх партызан у Мінску, заўважыўшы, што гэта азначэнне не зусім дакладнае, паколькі ў барацьбе з ворагам удзельнічалі і падпольшчыкі, і многія іншыя: "Беларусь - не толькі рэспубліка-партызанка і быў парад партызан. Гэта быў парад нашага руху супраціўлення".

Прэзідэнт адзначыў, што 80 гадоў таму пачалася велізарная работа па аднаўленні вызваленай беларускай сталіцы і ў далейшым - усёй краіны. "Я перакананы: у тыя ліпеньскія дні 1944-га ў самых светлых сваіх марах людзі ўжо бачылі Беларусь менавіта такой, якой мы бачым яе цяпер. Незалежнай, прыгожай, а галоўнае - мірнай".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Беларусі напярэдадні Дня Незалежнасці традыцыйна ўспамінаюць сваю гераічную гісторыю, кланяюцца памяці загінулых і ўшаноўваюць тых, хто і цяпер аддае свой талент і ўменні на славу Радзімы.

Сярод тых, каму Прэзідэнт уручыў узнагароды, нямала людзей у пагонах. Гэта прадстаўнікі Узброеных Сіл, органаў дзяржаўнай бяспекі, унутраных спраў, пагранічнай службы, якія са зброяй у руках абараняюць мір і спакой Беларусі. "Мы бачылі гэта ў 2020 годзе. Сілавікі, як сапраўдныя атланты, трымаюць на сваіх плячах чыстае неба нашай краіны. І абавязкова ўтрымаюць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Зрэшты, з поўнай самааддачай, фактычна па законах ваеннага часу цяпер павінны працаваць і прадстаўнікі грамадзянскіх прафесій, упэўнены Кіраўнік дзяржавы. Такую работу, паводле яго слоў, гадамі дэманструюць тыя, хто прысутнічае на цырымоніі ўзнагароджання ў Палацы Незалежнасці. Сярод іх - аўтарытэтныя ўпраўленцы, якія прысвяцілі сябе няпростай дзяржаўнай службе, забеспячэнню канстытуцыйнай законнасці і народаўладдзя, а таксама кіраўнікі буйных прадпрыемстваў і цэлых галін эканомікі.

"Я рады, што тут прысутнічаюць работнікі сфер навукі і адукацыі - выкладчыкі, вучоныя, вынаходнікі, настаўнікі, якія выхавалі пераможцаў алімпіяд. Вы ўносіце вялікі ўклад у будучае краіны, інтэлектуальную і тэхналагічную будучыню", - сказаў Прэзідэнт.

Сярод узнагароджаных ёсць аграрыі, шахцёры, будаўнікі, транспартнікі. "І за кожным, хто прыехаў сюды, стаіць вялікі і дружны калектыў", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Самыя цёплыя словы Кіраўнік дзяржавы адрасаваў тым, хто займаецца сацыяльнай і грамадскай работай, клапоціцца пра старых людзей, асабліва тых, якія перажылі Вялікую Айчынную вайну.

Звяртаючыся да ўсіх прысутных на цырымоніі, Прэзідэнт падкрэсліў: "Вы - дастойныя прадаўжальнікі справы тых, хто 80 гадоў таму адстаяў нашу свабоду і незалежнасць, а затым, пераадолеўшы разруху, выконваў планы пяцігодкі за чатыры гады. Пасля набыцця суверэнітэту мы разам пабудавалі сапраўды народную дзяржаву. І цяпер, як бы ні было цяжка, наша чарга пісаць новыя старонкі беларускай гісторыі - яркія, шчаслівыя і абавязкова мірныя. Час выбраў нас".

Кіраўнік дзяржавы павіншаваў удзельнікаў мерапрыемства з надыходзячым Днём Незалежнасці, пажадаўшы, каб гэта свята і цяперашняя ўрачыстая цырымонія сталі для іх і для ўсіх жыхароў краіны новым імпульсам да прафесійных поспехаў.

На заканчэнне цырымоніі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў кожнага з узнагароджаных ёсць яшчэ дастаткова часу, каб здзейсніць чарговыя подзвігі, як працоўныя, так і ваенныя. "Але пажадана - у мірны час, - зрабіў акцэнт Кіраўнік дзяржавы. - Будзем рабіць усё для таго, каб у Беларусі быў мір і спакой".

"Вы многае рабілі для таго, каб пабудаваць нашу краіну. Мы разам з вамі прайшлі гэты вельмі цяжкі шлях, - дадаў Прэзідэнт. - Мы гэта зрабілі. Таму зробім і тое, што мы павінны зрабіць, - прывесці да ўлады, да кіраўніцтва ў краіне новых маладых людзей, якія прадоўжаць тыя справы, якія мы пачалі".

Кіраўнік дзяржавы ўручыў ордэн Айчыны ІІ ступені Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі (2018-2022 гады) Уладзіміру Сямашку. Ордэнам Айчыны ІІІ ступені ўзнагароджаны Кіраўнік спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Юрый Назараў, Намеснік Старшыні Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Косінец і Міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч.

Прымаючы ўзнагароду, Аляксандр Косінец падзякаваў Кіраўніку дзяржавы за высокую ацэнку яго працы: "Амаль 30 гадоў я працую пад кіраўніцтвам Аляксандра Рыгоравіча. За гэтыя гады - стварэнне, творчасць, развіццё, інавацыі… Беларускім народам пад кіраўніцтвам нашага Прэзідэнта пабудавана незалежная суверэнная дзяржава". Ён падкрэсліў, што ў Беларусі рэалізаваны шэраг важнейшых дзяржаўных праграм, якія далі магчымасць краіне выйсці на самыя высокія пазіцыі ў свеце. Напрыклад, па забеспячэнні харчовай бяспекі. Беларусь знаходзіцца ў ліку краін з самымі нізкімі паказчыкамі мацярынскай і дзіцячай смяротнасці. "За 30 гадоў краіна стала і ядзернай, і біяіндустрыяльнай, і магутнай касмічнай дзяржавай", - канстатаваў Намеснік Старшыні УНС.

Падзякаваўшы за высокую ўзнагароду, Уладзімір Каранкевіч адзначыў, што за гэтым стаіць велізарная праца калектываў і арганізацый, якія ўдзельнічалі ва ўзвядзенні Беларускай атамнай электрастанцыі. Паводле яго слоў, гэты маштабны высокатэхналагічны праект стаў магчымым выключна дзякуючы стратэгічнаму рашэнню кіраўніка дзяржавы. "Цяпер станцыя паспяхова працуе на эканоміку краіны і забяспечвае выкананне важнейшых задач па ўмацаванні энергетычнай бяспекі і тэхналагічным развіцці рэспублікі, павышэнні камфортнасці пражывання нашых грамадзян. Атамная станцыя вывела айчынную энергетыку і сумежныя галіны на якасна новы ўзровень. Мы з гонарам увайшлі ў клуб сусветных ядзерных дзяржаў, якія выкарыстоўваюць атам у мірных мэтах", - падкрэсліў Міністр.

Прэзідэнт таксама ўручыў ордэн Працоўнай Славы памочніку генеральнага дырэктара па ўзаемадзеянні з дзяржаўным вытворчым аб'яднаннем электраэнергетыкі "Белэнерга", Міністэрствам энергетыкі і іншымі органамі дзяржаўнага кіравання РУП "Беларуская атамная электрастанцыя" Міхаілу Філімонаву.

Ордэнам "За службу Радзіме" ІІІ ступені ўзнагароджаны начальнік 86-й пагранічнай групы пагранічнай службы Максім Бутранец. Старшыня савета Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Анатоль Глаз, Першы намеснік Міністра па падатках і зборах Ігар Клепча, дырэктар ЗАТ "Пінскдрэў-Бабруйск" Уладзімір Маркушэўскі і старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў удастоены ордэна Пашаны.

Вялікая група прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці ўдастоена ганаровых званняў. Сярод іх - галоўны навуковы супрацоўнік галіновай навукова-даследчай лабараторыі "АграВет" Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Аляксандр Аутка, загадчыца лабараторыі клінічнай патафізіялогіі нервовай сістэмы РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі Наталля Нечыпурэнка і першы намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Чыжык, удастоенныя ганаровага звання "Заслужаны дзеяч навукі". Намеснік дырэктара па навуцы і інавацыйнай дзейнасці ЗАТ "Галаграфічная індустрыя" Пётр Майсеенка ўдастоены звання заслужанага вынаходніка, настаўнік інфарматыкі гімназіі Мядзеля Вячаслаў Саўчык - заслужанага настаўніка, намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Вера Астапенка - заслужанага работніка сацыяльнай абароны, генеральны дырэктар ААТ "Смалявічы-Бройлер" Сяргей Рамчанка - заслужанага работніка сельскай гаспадаркі, намеснік дырэктара па вытворчасці прадпрыемства "Белпрампраект" Анатоль Перагуд - заслужанага будаўніка, суддзя Канстытуцыйнага Суда Леанід Рабцаў - заслужанага юрыста.