Віншаванне жыхарам Наваполацка з 65-годдзем з дня ўтварэння горада

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў жыхароў Наваполацка з 65-годдзем з дня ўтварэння горада.

    "Адзін з самых маладых гарадоў, які дынамічна развіваецца, з'явіўся на карце нашай краіны дзякуючы самаадданасці і працоўнаму энтузіязму будаўнікоў, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Наваполацк за кароткі тэрмін стаў буйным навукова-прамысловым цэнтрам, сталіцай беларускай нафтахіміі. Сёння накіраваны ў будучыню горад пастаянна расце і прыгажэе. Актыўна мадэрнізуючы вытворчасці, асвойваючы новыя віды прадукцыі і рынкі, Наваполацк уносіць значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі, з'яўляецца флагманам Віцебскай вобласці і краіны ў цэлым па многіх напрамках у прамысловасці і сацыяльна-культурнай сферы".

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што навапалачане па праву могуць ганарыцца сваімі поспехамі ў эканоміцы, навуцы, адукацыі і спорце. Пры гэтым беражліва захоўваюцца гістарычная спадчына і культурныя традыцыі старажытнай Полацкай зямлі, на якіх выхоўваецца падрастаючае пакаленне. 

    Прэзідэнт, віншуючы ўсіх з Днём горада, пажадаў мірнага неба, здароўя, шчасця, дабрабыту, працвітання і новых дасягненняў.