Віншаванне з Нараджэннем Хрыстовым
Праваслаўным хрысціянам Беларусі
Дарагія суайчыннікі!
Сардэчна віншую вас з Нараджэннем Хрыстовым.
Гэта светлае свята дорыць вернікам надзею на духоўнае выратаванне, вучыць бязмежнай любові і ахвярнасці ў імя бліжняга.
Хрысціянскія спагада і клопат, прастата і добразычлівасць даўно сталі культурным здабыткам беларускага народа. Мы адкрываем сэрца тым, хто прыходзіць з мірам, і самі гатовы дзяліцца з тымі, хто мае ў гэтым патрэбу, хлебам і прытулкам.
Упэўнены, захоўваючы праваслаўныя традыцыі міласэрнасці і маральнай чысціні, разам мы створым найлепшую будучыню для роднай Беларусі.
Няхай Калядная куцця напоўніць вашы дамы душэўнай цеплынёй, шчырасцю пачуццяў і ўзаемаразуменнем, а радасць гэтых святочных дзён натхніць на новыя стваральныя здзяйсненні ў надышоўшым годзе.
Жадаю ўсім здароўя, шчасця і дабрабыту.
Аляксандр Лукашэнка