Віншаванне работнікам і ветэранам ААТ "Авіякампанія "Белавія"

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў работнікаў і ветэранаў ААТ "Авіякампанія "Белавія" з 30-годдзем з дня яе заснавання.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за тры дзесяцігоддзі некалькі пакаленняў авіятараў сваёй штодзённай працай стварылі нацыянальны брэнд, якім па праву ганарыцца краіна.

    "Беражліва захоўваючы лепшыя традыцыі айчыннай пасажырскай авіяцыі, укараняючы сучасныя стандарты бяспекі і сэрвісу, "Белавія" заваявала заслужанае прызнанне ва ўсім свеце і замацавала за сабой статус надзейнага і адказнага перавозчыка", - гаворыцца ў віншаванні.

    "Нягледзячы на санкцыйны націск, вы трымаеце гэту высокую планку і з упэўненасцю глядзіце ў будучыню: абнаўляеце паветраны флот, пашыраеце геаграфію палётаў", - падкрэсліў беларускі лідар.

    Прэзідэнт пажадаў калектыву і ветэранам авіякампаніі добрага здароўя, шчасця і мірнага неба. "Няхай курс, узяты 30 гадоў таму, прадаўжае весці самалёты ў васільковых ліўрэях да новых прафесійных дасягненняў на карысць роднай Беларусі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.