У Беларусі спрашчаюць умовы для ўтылізацыі аўтахламу

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 жніўня падпісаў Указ № 270, якім уносяцца змяненні ва Указ ад 9 жніўня 2011 года № 348 "Аб мерах па арганізацыі збору, захоўвання неэксплуатуемых транспартных сродкаў і іх далейшай утылізацыі". Дакумент накіраваны на скарачэнне праблемных пытанняў, звязаных з безгаспадарным транспартам, спрашчэнне работы выканкамаў і ўпаўнаважаных імі арганізацый у гэтым напрамку.

    Згодна з Указам да неэксплуатуемых транспартных сродкаў цяпер аднесены няспраўныя самаходныя машыны (трактары і аналагічная тэхніка), пакінутыя па-за прыдамавымі ўчасткамі прыватных дамоў і стаянкамі.

    Правам на правядзенне работ з кінутым транспартам надзелены арганізацыі, упаўнаважаныя ва ўстаноўленым парадку выканкамамі. Ім нараўне з выканкамамі прадастаўляецца магчымасць атрымліваць звесткі аб асобах, якія раней мелі непасрэднае дачыненне да кінутай тэхнікі (ажыццяўлялі яе страхаванне, тэхагляд, выплату штрафаў) і маглі з'яўляцца яе ўласнікамі, для далейшага накіравання ім паведамленняў.

    Тэрмін падачы ў суд заявы аб прызнанні транспартнага сродку безгаспадарным і перадачы яго ва ўласнасць адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі скарочаны з 30 да 10 дзён.