У Беларусі створаны Нацыянальны цэнтр абароны персанальных даных

    У Беларусі з'явіцца Нацыянальны цэнтр абароны персанальных даных. Яго стварэнне прадугледжана Указам № 422 "Аб мерах па ўдасканаленні абароны персанальных даных", які Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 28 кастрычніка.

    Дакумент выдадзены ў развіццё норм Закона № 99-3 ад 7 мая 2021 года "Аб абароне персанальных даных".

    У адпаведнасці з Указам нацыянальны цэнтр надзяляецца статусам упаўнаважанага органа па абароне правоў суб'ектаў персанальных даных. Вызначаны яго асноўныя правы, задачы, функцыі і паўнамоцтвы.

    У прыватнасці, цэнтр надзелены правам правяраць выкананне заканадаўства аб персанальных даных, выносіць пісьмовыя патрабаванні (прадпісанні) аб ліквідаванні выяўленых парушэнняў, патрабаваць спынення апрацоўкі персанальных даных, калі іншымі спосабамі немагчыма забяспечыць абарону правоў суб'ектаў персанальных даных.

    Акрамя таго, Указам устаноўлены дадатковыя меры, звязаныя з абаронай персанальных даных. Гэта, напрыклад, неабходнасць праходзіць спецыяльнае навучанне для асоб, у абавязкі якіх уваходзіць абарона персанальных даных; абавязак весці ўлік персанальных даных, якія падлягаюць апрацоўцы дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі.

    Выкананне Указа дасць магчымасць павысіць абарону персанальных даных у дзяржаве і забяспечыць больш поўную рэалізацыю канстытуцыйнага права грамадзян на абарону ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё.