Зацверджаны тэрміны правядзення "Славянскага базару ў Віцебску" ў 2026 годзе
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне аб правядзенні з 16 па 19 ліпеня 2026 года XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".
З улікам існуючай практыкі дзяржаўнай падтрымкі фестывалю прадугледжаны асобныя льготы і прэферэнцыі для арганізатараў і ўдзельнікаў.
У перыяд з 4 па 31 ліпеня для ўдзельнікаў і гасцей фестывалю з 71 дзяржавы ўстаноўлены бязвізавы парадак уезду ў Беларусь.
Пропускам для бязвізавага перасячэння дзяржаўнай граніцы для замежных грамадзян будзе арыгінальны або электронны білет на мерапрыемствы фестывалю, якія праводзяцца ў Летнім амфітэатры або канцэртнай зале "Віцебск". Пры гэтым па адным арыгінальным або электронным білеце дапускаецца аднаразовы ўезд у Беларусь аднаго замежнага грамадзяніна не пазней за дату правядзення названага ў білеце мерапрыемства.
Акрамя таго, распараджэннем Кіраўніка дзяржавы актуалізаваны склад арганізацыйнага камітэта па правядзенні XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".
