Уручэнне дзяржаўных узнагарод

  • 24
  • 5:56

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 ліпеня ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды.

"Гледзячы на вас, я адчуваю гонар і самую глыбокую ўдзячнасць, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы ў час цырымоніі ўзнагароджання. - Сёння ва ўсіх нас, можна сказаць, трайное свята".

Прэзідэнт растлумачыў: "Па-першае, вы ўдастоены дзяржаўных узнагарод за выдатныя прафесійныя дасягненні, якія праслаўляюць нашу Беларусь, упісваюць у яе сучасны летапіс яркія і запамінальныя старонкі".

Па-другое, асаблівую ўрачыстасць сустрэчы надае тое, што ўзнагароджанне праходзіць напярэдадні найважнейшага ў гісторыі беларускай суверэннай дзяржавы дня - Дня Незалежнасці.

Па-трэцяе, у 2020 годзе ўвесь свет адзначае 75-годдзе Вялікай Перамогі ў Другой сусветнай вайне. "Мы нізка кланяемся ўсім ветэранам. І добра помнім, што беларусы - нашчадкі гераічнага савецкага народа-пераможцы. У горне страшэннай гуманітарнай катастрофы мы страцілі трэць нашага насельніцтва, - нагадаў Аляксандр Лукашэнка. - У нашых дзецях і ўнуках, у нашых прафесійных поспехах - часцінка бессмяротнасці".

У час уручэння дзяржаўных узнагарод Прэзідэнт асабліва адзначыў працу медыкаў, якія цяпер знаходзяцца на перадавой барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь прадэманстравала палітычную разважлівасць і народную мудрасць. "На перадавой з-за каранавіруснай інфекцыі апынуліся медыкі, - канстатаваў Прэзідэнт. - Наша сістэма аховы здароўя выстаяла. Але мы не зніжаем градус барацьбы, хоць ужо сёння можна сказаць - мы перамаглі. І пасля канчатковай перамогі над СОVID-19 абавязкова асобна сустрэнемся з нашымі ўрачамі, якія сёння ўсё яшчэ на пасту".

У ліку ўзнагароджаных - ваенна-палявы хірург прафесар Уладзімір Корык, які робіць унікальныя аперацыі, выратоўваючы жыцці людзей, рэктар Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта прафесар Віктар Сняжыцкі - навучальная ўстанова не толькі займаецца падрыхтоўкай дыпламаваных спецыялістаў, але і з'яўляецца паўнацэнным навуковым і кансультацыйным цэнтрам.

Сярод запрошаных прадстаўнікі самых розных прафесій, людзі, якія беззапаветна служаць Радзіме. Адзін з іх - начальнік 3-га аддзела 1-га ўпраўлення галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС палкоўнік Аляксандр Высоцкі. У 2019 годзе пад яго кіраўніцтвам праведзена міжнародная аперацыя па канфіскацыі самай вялікай у гісторыі незалежнай Беларусі партыі гераіну - 550 кг. Смяротнае зелле спрабавалі пастаўляць з Афганістана ў Еўрасаюз праз нашу краіну. Як падкрэсліў Прэзідэнт, толькі адна гэта аперацыя выратавала дзясяткі тысяч жыццяў не толькі ў Беларусі, але і ў краінах Еўропы і Азіі.

"Мы вельмі цэнім працу вяскоўцаў, іх нямала ў гэтай зале, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Дзякуючы вашай рабоце аграпрамысловая галіна з'яўляецца сістэмаўтваральнай у эканоміцы краіны".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што гэтай вясной з-за наступстваў каранавіруса далёка не ўсе краіны правялі паўнацэнную пасяўную, і цяпер вельмі многім пагражае голад. "Паводле ацэнак ААН, ад 800 млн да 1 млрд насельніцтва будуць галадаць. Вы ж зрабілі ўсё магчымае, каб у Беларусі, як кажа народная мудрасць, быў "хлеб і да хлеба", - заўважыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ва ўмовах каранакрызісу ўстаяла не толькі сельская гаспадарка, але і прамысловасць. "І мне прыемна бачыць тут прадстаўнікоў беларускіх брэндавых прадпрыемстваў, такіх як "Керамін", чыя прадукцыя карыстаецца папулярнасцю і ў рэспубліцы, і за яе межамі, - сказаў беларускі лідар. - Самых цёплых слоў заслугоўваюць і тыя, хто працуе ў сферы культуры і мастацтва. А сёння тут служыцелі ўсіх муз. Узнагарод удастоены работнікі сацыяльнай сферы, навукі і адукацыі. Вашы дасягненні і мудрае настаўніцтва дапамагаюць выхаваць маладых спецыялістаў, дастойную змену герояў сённяшняга дня. Забяспечваюць пераемнасць пакаленняў".

Уменне разгледзець у дзяўчынках і хлопчыках прыродны алмаз і ператварыць яго ў яркі брыльянт - задача трэнераў. "Менавіта яны ў зладжаным тандэме з атлетамі, якія выступаюць, ствараюць Беларусі славу спартыўнай дзяржавы, дзе жывуць моцныя, разумныя і паспяховыя людзі", - дадаў Прэзідэнт.

"Наша галоўнае багацце - гэта народ. Беларуская зямля вякамі славілася талентамі. І радасна, што сёння мы прадаўжаем выконваць божую задуму: ствараем сваё шчасце ўласнымі рукамі", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падзякаваў усім узнагароджаным за іх працу і адзначыў: "Вы - тыя людзі, якія фарміруюць меркаванні ў нашай краіне. Паглядзеў у інтэрнэце - шмат з'явілася "фарміруючых меркаванні". Я пажартаваў нядаўна, што яны разабраліся б самі ў сабе і падумалі б, што пра іх, акрамя сваякоў, ніхто не ведае, а яны нібыта фарміруюць меркаванні".

"Вы - людзі, якія фарміруюць меркаванні і павінны гэта рабіць дзеля нашай зямлі, нашай краіны", - выказаў перакананасць Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Адметнай рысай сённяшняй цырымоніі стала ўручэнне абноўленых нагрудных знакаў тым, хто ўдастоены ганаровых званняў народных і заслужаных дзеячаў розных сфер. Новыя ўзоры былі распрацаваны па даручэнні Прэзідэнта ў больш якасным мастацкім і тэхналагічным выкананні, чым тыя, што дзейнічалі раней. Дзякуючы выкарыстанню элементаў нацыянальнага ўзору і сімволікі стала больш выразнай і пазнаваемай дзяржаўная прыналежнасць нагрудных знакаў. Сваім знешнім выглядам яны падкрэсліваюць прызнанне асаблівых заслуг узнагароджанага на самым высокім дзяржаўным узроўні.