Унесены змяненні ў заканадаўства па пытаннях валютнага рэгулявання і кантролю
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 154, якім прызнаюцца страціўшымі сілу два ўказы Кіраўніка дзяржавы - № 240 ад 12 мая 2009 года "Аб некаторых пытаннях у галіне валютнага рэгулявання" і № 301 ад 31 ліпеня 2018 года "Аб адмене абавязковага продажу замежнай валюты". Гэта зроблена ў мэтах прывядзення заканадаўства ў адпаведнасць з Законам № 36-З ад 30 чэрвеня 2020 года "Аб змяненні законаў па пытаннях валютнага рэгулявання і валютнага кантролю".
Гэтым Законам прадугледжаны новыя падыходы, якія адмяняюць існуючыя абмежаванні і абцяжаранні пры правядзенні валютных аперацый юрыдычнымі і фізічнымі асобамі. Пры гэтым захаваны палажэнні аб паступленні валютнай выручкі на рахункі банкаў Беларусі ў тэрміны, вызначаныя ў дагаворах, і аб рэгістрацыі валютных дагавораў.
Замацавана магчымасць увядзення Нацыянальным банкам сумесна з Урадам на тэрмін не больш як адзін год валютных абмежаванняў у выпадках пагрозы эканамічнай бяспецы Беларусі і стабільнасці яе фінансавай сістэмы. Таксама ў Законе спрошчаны працэдуры, якія рэгулююць правядзенне канкрэтных валютных аперацый, і для выключэння рознага тлумачэння канкрэтызаваны нормы валютнага заканадаўства.