Унесены змяненні ў Дэкрэт аб замежнай бязвыплатнай дапамозе

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння падпісаў Дэкрэт № 7, якім унесены змяненні ў Дэкрэт № 3 ад 25 мая 2020 года "Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе". Дакумент уступіць у сілу праз тры месяцы.

    У цэлым падыходы па рабоце з замежнай бязвыплатнай дапамогай не змяняюцца, а карэкціруюцца і дапаўняюцца асобныя палажэнні.

    Напрыклад, у новай рэдакцыі Дэкрэта ўдакладняюцца тэрміны "маёмасць", "тавар", каб выключыць іх неадназначнае тлумачэнне. Пазначана, што маёмасць і тавары, якія ўносяцца ў якасці ўкладу ў статутны фонд юрыдычнай асобы яго замежным заснавальнікам, не адносяцца да замежнай бязвыплатнай дапамогі. Пры гэтым прадугледжваецца, што да дапамогі ў выглядзе грашовых сродкаў адносяцца і сродкі, якія паступілі шляхам пагашэння электронных грошай.

    У адпаведнасці з Дэкрэтам з'явіліся дадатковыя катэгорыі адпраўнікоў дапамогі: арганізацыі, што не з'яўляюцца юрыдычнымі асобамі, і грамадзяне Беларусі, якія знаходзяцца за межамі краіны больш за 183 дні на працягу 12 месяцаў, што папярэднічаюць месяцу прадастаўлення дапамогі. Пры гэтым асобна замацавана азначэнне "замежны ананімны ахвяравальнік".

    Дэкрэт захаваў адказнасць і ўдакладніў забароненыя заканадаўствам мэты выкарыстання дапамогі. Палажэнні ўрэгуляваны з улікам іншых норм заканадаўства, прынятага ў бягучым годзе.