Удзел у спартыўным свяце "Мінская лыжня" ў Раўбічах
- 44
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у спартыўна-масавым мерапрыемстве "Мінская лыжня", якое прайшло 5 сакавіка на лыжаролернай трасе рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы".
У складзе каманды Кіраўніка дзяржавы, акрамя самога Аляксандра Лукашэнкі, выступалі Святлана Канашэнка, Людміла Калінчык, Мікалай Лукашэнка. Усе яны на выдатна справіліся са стральбой, закрыўшы ўсе мішэні, ні разу не прамахнуўшыся і тым самым справіўшыся з дыстанцыяй без штрафных кругоў.
Пасля таго, як каманда фінішавала, было аб'яўлена рашэнне прэзідэнцкага квартэта выступаць па-за конкурсам. Такім чынам, першае месца дасталося Віцебскаму аблвыканкаму.
Разам з камандай Прэзідэнта за перамогу ў эстафетнай гонцы змагаліся яшчэ 14 каманд, у ліку якіх каманда Адміністрацыі Прэзідэнта, апарату Савета Міністраў, парламента, Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, Камітэта дзяржаўнага кантролю, Выканаўчага камітэта СНД, аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама.
Далей спаборніцтва прадоўжылася біятлоннымі эстафетнымі гонкамі з удзелам аматарскіх каманд, каманд сілавых міністэрстваў і ведамстваў, каманд цэнтральных апаратаў міністэрстваў і ведамстваў колькасцю да 100 чалавек і звыш 100 чалавек.
Пасля ўдзелу ў біятлоннай эстафетнай гонцы Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з прадстаўнікамі СМІ.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з кожным годам падрыхтоўка ўдзельнікаў "Мінскай лыжні" расце. "З пункту гледжання гатоўнасці - усё ідэальна падрыхтавалі. І надвор'е бог падарыў. Таму прэтэнзій няма. І павінен сказаць, што з кожным годам усё лепш і лепш спартсмены, рыхтуюцца лепш", - сказаў беларускі лідар.
Адказваючы на адно з пытанняў, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што на працягу двух гадоў у Беларусі будуць парты на расійскай Балтыцы.
"Мы з Прэзідэнтам Расіі абмяркоўвалі мінулы раз гэта пытанне. Яшчэ да гэтага канфлікту. Размова ідзе пра будаўніцтва партовай гаспадаркі. Нам патрэбны парты свае. Таму ў аператыўным парадку былі вызначаны месцы. Месцы вельмі добрыя. Мне ўжо далажылі. Разам паедзем вясной. Можа, у чэрвені месяцы. Паглядзім, як там ідзе будаўніцтва. На працягу двух гадоў там будуць парты. Мы будзем грузіць свае грузы там у сваіх партах", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Ну і, расстаючыся з Прэзідэнтам, ён мне сказаў: любы беларускі праект у Расіі мы будзем усяляк падтрымліваць. Гэта было да канфлікту. А цяпер і бог распарадзіўся. Таму што вы ж бачыце, гэтыя неразумныя ў Еўропе: санкцыі супраць Расіі, і нас туды за кампанію. Каб Расія не абышла санкцыі цераз Беларусь. Ну што тут скажаш, кошкі адпачываюць", - дадаў беларускі лідар.