Удзел у цырымоніі развітання са Сцягам Перамогі

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 красавіка 2000 года прыняў удзел у цырымоніі развітання са Сцягам Перамогі. На ўрачыстым мерапрыемстве, праведзеным на плошчы Перамогі, прысутнічалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, ваенныя, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і дыпламатычнага корпуса. "Беларусь заслужана прымае сцяг, які стаў сімвалам перамогі над фашызмам, - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў цырымоніі. - Мы па праву ганарымся тым, што крушэнне гітлераўскіх планаў пачалося менавіта тут".

    Прыбыццё ў Мінск сцяга, устаноўленага ў 1945 годзе над Рэйхстагам, напярэдадні святкавання 55-годдзя Вялікай Перамогі стала гістарычнай падзеяй. Упершыню пасля заканчэння вайны сімвал адзінства і мужнасці савецкага народа, які захоўваўся ў Маскве ў Цэнтральным музеі Узброеных Сіл, быў вывезены за межы Расіі. Пасля цырымоніі развітання сцяг даставілі да стыку граніц Беларусі, Расіі і Украіны, у вёску Сянькоўку, дзе прайшлі мерапрыемствы ў гонар 55-годдзя Вялікай Перамогі. Затым рэліквію прывезлі ў сталіцу Украіны - горад-герой Кіеў.