Удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве да Дня народнага адзінства

  • 27
  • 28:48

Дзень народнага адзінства сімвалізуе імкненне беларусаў жыць у сваёй дзяржаве і на роднай зямлі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 17 верасня на ўрачыстым мерапрыемстве да Дня народнага адзінства.

"Сёння Беларусь адзначае Дзень народнага адзінства - свята, якое сімвалізуе непарыўную сувязь пакаленняў, сілу духу беларускага народа і яго нястомнае імкненне жыць у сваёй дзяржаве і на роднай зямлі. Ён асабліва значны для кожнага, хто не толькі па нараджэнні, але душой і сэрцам адчувае сябе беларусам", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - 85 гадоў таму адбылася лёсавызначальная падзея, і гордае "мы - беларусы" загучала на ўвесь свет з самага цэнтра Еўропы. Гэта быў голас людзей, якія сталі адзіным народам. Цяпер назаўсёды!"

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што доўгі час сціплая абіцель беларусаў на скрыжаванні цывілізацый раз-пораз станавілася палігонам для чужых войнаў і месцам разборак уладных людзей. "Нашы дамы спальвалі, маёмасць рабавалі. Землі дзялілі па княствах, ваяводствах і губернях, людзей - па мове, веры і ідэалагічных перакананнях. Нашы продкі не аднойчы глядзелі ў вочы смерці, але кожны раз непакоранымі ўставалі з калень, выціраючы пот і слёзы, ішлі наперад. Як гэта актуальна сёння", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што дарога да набыцця ўласнай дзяржаўнасці перад беларусамі адкрылася ў пачатку мінулага стагоддзя. "Скончыліся ранейшыя міжнацыянальныя спрэчкі, адмовіліся ад тэрытарыяльных прэтэнзій і 1 студзеня 1919 года стварылі беларускую нацыянальную дзяржаву. Нам выпаў гістарычны шанц пабудаваць свой дом, жыць, працаваць і гадаваць дзяцей у міры і згодзе, стаць паўнапраўнымі гаспадарамі ўласнага лёсу. Шанц... 1919 год... Але вельмі цяжкія наступствы Першай сусветнай вайны, Грамадзянская вайна, якая набірала абароты, інтэрвенцыя кааліцыі заходніх краін не дазволілі тады здзейсніцца марам нашых суайчыннікаў аб мірным і шчаслівым жыцці. Як гэта актуальна сёння..." - зноў заўважыў беларускі лідар.

"Голас толькі што створанай Беларускай Савецкай Рэспублікі на гэтым фоне быў амаль чутны. Магчыма, і таму, што ўнутры яе не было адзінства. Затое былі тыя, хто думаў толькі пра асабістую выгаду і свае, а не народныя інтарэсы. Нацмены ўсіх масцей наперабой назначалі сябе "ўладамі". І кожны, хто рваўся кіраваць новай дзяржавай, прыкрываўся імем беларускага народа, а народ, бедны і галодны, малапісьменны і абуты ў лапці, змучаны вайной і разрухай, думаў аб тым, як выжыць, як выратавацца, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Магчыма, калі б на заранку мінулага стагоддзя мы мелі моцную ўладу і згоду, то выстаялі б. І не было б тады трагедыі Рыжскага дагавора, па якім 4,5 мільёна сыноў і дачок Беларусі раптоўна сталі адзін аднаму чужымі на роднай зямлі".

Усе гарантыі нацыянальна-культурнага жыцця ў складзе польскай дзяржавы засталіся толькі на паперы. У Заходняй Беларусі не было нават самай адносна малой аўтаноміі, заўважыў Прэзідэнт. Беларуская культура існавала ва ўмовах пастаяннай барацьбы за выжыванне. Сталі знікаць нацыянальныя школы, тэатры, газеты.

"Знішчалася нацыя. Ахвярамі бесчалавечных рэпрэсій сталі звыш 3 тысяч зняволеных - па палітычных матывах. Катаванні і зняволенне ў канцлагерах і турмах зведвалі тыя, хто не жадаў апалячвацца, размаўляў, маліўся і спяваў калыханкі дзецям на роднай матчынай мове. 17 верасня 1939 года панскія аковы палі пад націскам гістарычнай справядлівасці. Вызваленчы паход Чырвонай Арміі дазволіў уз'яднацца і сем'ям, і насільна адарваным тэрыторыям. Але і беларусы ўвесь гэты час не сядзелі склаўшы рукі, пакорна чакаючы, калі іх прыйдуць вызваляць. Увесь гэты час нашы продкі трымаліся за свае карані і зямлю, перадаючы з пакалення ў пакаленне памяць і гісторыю свайго старажытнага роду. Нашы мова, вера і духоўнае адзінства не далі забыць, хто мы ёсць на самай справе. Гэта і зрабіла іх мацнейшымі. І нішто не магло спыніць беларусаў. Ні пагрозы паноў, ні палітычныя межы", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, загартаваныя ў нацыянальна-вызваленчым руху гераічныя продкі беларусаў сталі непераадольным шчытом супраціўлення на шляху фашысцкай навалы ў гады Вялікай Айчыннай вайны, аднавілі краіну з попелу ў пасляваенныя гады, пераадолелі хаос 1990-х і пабудавалі суверэнную і незалежную дзяржаву.

"Упершыню ў сваёй гісторыі не толькі пабудавалі, але і захавалі яе. І гэта зрабілі мы з вамі, у тым ліку прысутныя ў гэтай велізарнай зале", - заявіў беларускі лідар.

"Праз суровыя выпрабаванні часу, сур'ёзныя страты, прымнажаючы нацыянальныя багацці на вопыце ранейшых пакаленняў, Беларусь усе 85 гадоў упэўнена рухаецца наперад дарогай міру і стварэння, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Нават цяпер, калі з тэрыторый заходніх і паўднёвых суседзяў на нас нацэлены натаўскія гарматы, уздоўж рубяжоў множацца кіламетры агароджы і мінных палёў, мы адказваем проста і ў лепшых традыцыях "апошняй дыктатуры Еўропы" - адкрываем граніцы і не патрабуем дазволаў, віз. І людзі на тым баку нас чуюць. Едуць, глядзяць, робяць высновы - зусім не на карысць тых, хто забараняе ім сюды прыязджаць".

"Беларусь была і застаецца прыхільніцай міру. Нашы маштабныя мірныя ініцыятывы гучаць з трыбуны Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, на пляцоўках міжнародных форумаў. Мы прапануем да абмеркавання Еўразійскую хартыю разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі. Гэта шматпалярнасць, ведаеце, каму не патрэбна. Але гэтага ўжо не пазбегнуць. Гэта шматпалярнасць не проста стукаецца ў дзверы, яна прыйшла ўжо да нас. Мы абавязкова знойдзем выйсце з глабальнага крызісу бяспекі, паколькі з намі бліжэйшыя нашы саюзнікі - многія-многія краіны нашай планеты", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ізаляваць Беларусь не атрымалася і не атрымаецца. "Нас усё часцей чуюць і падтрымліваюць у свеце. Я абсалютна перакананы, упэўнены, у хуткім часе і ў заходніх эліт настане разуменне, што адзіны шлях - дагаворвацца. Гэтага хочуць нашы народы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы, беларусы, народ мірны, працавіты. Мы не хочам вайны. Верым, настане дзень, калі ў суседніх дзяржавах запануе мір і кроўныя браты, блізкія і далёкія сябры будуць жыць у згодзе і дружбе. Беларусь гатова ўнесці свой уклад у пабудову гэтага міру і робіць для гэтага ўсё", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Я ўжо гаварыў: беларускую міралюбнасць не трэба разумець і прымаць за слабасць. Калі я гавару аб гэтым, вы не падумайце, што я згушчаю фарбы або гэта блеф. Не. Як ніколі раней нам ёсць чым адказаць. Таму ў гэтым плане будзьце спакойныя, жывіце спакойна, рабіце сваю справу, гадуйце дзяцей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы свята шануем памяць пра ўсіх, хто самааддана адстойваў права беларусаў "людзьмі звацца" і заплаціў за гэта цаной свайго жыцця і маладосці. І нікому не дазволім замахнуцца на святую зямлю продкаў, на незалежнасць і суверэнітэт нашай Радзімы. Мы паслядоўна будзем адстойваць нашы спрадвечныя каштоўнасці і праўду, як гэта рабілі бацькі, дзяды і прадзеды. А калі нехта, можа, з вас, за межамі гэтай залы сумняваецца ў тым, што мы не аддадзім на ганьбаванне Беларусь, мы вас будзем пераконваць. Моцна пераконваць. Каб вы зразумелі, што іншай зямлі ў вас няма, не будзе ніколі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што 85 гадоў таму менавіта з вызваленчага паходу Чырвонай Арміі пачалося адраджэнне страчанай унутранай цэласнасці Айчыны. "З таго часу беларускі народ перажыў нямала выпрабаванняў, ствараючы ўнікальную прастору для мары і для жыцця на скрыжаванні цывілізацый і пракладаючы дарогу да шчасця ў бесперапыннай барацьбе за волю, лепшую долю і родны парог, - сказаў Прэзідэнт. - Кожны з этапаў гэтага нялёгкага шляху беларусы дастойна пераадольвалі, абапіраючыся на любоў да міру і праўды, справядлівасць і патрыятызм, узаемную павагу і добрасуседства. Заўважце: мы абапіраліся не на захопніцтва, не на жорсткасць, не на перавагу ў адносінах да іншых краін і народаў".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў,  што менавіта адзінства беларусаў дазволіла нацыі выстаяць, пераадолеўшы мноства цяжкасцей. "Мы адзіныя ў імкненні жыць на роднай зямлі сваім розумам і працай. Адзінства для нас - галоўная ўмова развіцця нацыі, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Таму нас не адолелі ні карычневая чума, ні ліхія 90-я, ні пандэміі, ні спробы каляровых мяцяжоў, ні грабежніцкія санкцыі і ваенныя пагрозы".

"Дзень народнага адзінства нагадвае нам аб тым, што ніякія граніцы, ніякія выпрабаванні не змогуць зламаць дух народа, калі ў сэрцы ў кожнага з нас будзе наша Беларусь", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што трэба перастаць саромецца быць беларусамі і пастаянна паварочвацца то ў глыб стагоддзяў, то па баках. "У нас ёсць тое, што нас аб'ядноўвае і робіць шчаслівымі на роднай зямлі. Гэта слаўная спадчына продкаў і не менш яркія дасягненні сучаснікаў. Сфарміраваная талентам і намаганнямі мноства выдатных сыноў і дачок беларускай зямлі, наша ўнікальная культура даўно стала неад'емнай часткай агульнай спадчыны ўсяго чалавецтва", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён са шкадаваннем адзначыў, што цяпер усё часцей назіраюцца спробы забараніць або выключыць яе з парадку дня разам з сімваламі Радзімы, тысячагадовай гісторыяй і ўсім тым, чым ганарацца беларусы.

"Магчыма, прычыны такіх адносін у тым, што мы адданыя традыцыям продкаў і духоўна адрозніваемся ад таго ж Захаду. Там даўно прывыклі атаясамліваць чалавечую культуру з лёсамі ўсяго чалавецтва. Гэта прывяло да насільнага навязвання заходніх каштоўнасцей астатнім нацыям і знішчэння культурнай разнастайнасці планеты", - канстатаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што наперакор сілам, якія імкнуцца пасеяць варожасць і нянавісць у беларускім грамадстве, трэба праявіць згоду і агульнасць духоўных традыцый і гістарычнага лёсу народа.

Сімвалічна менавіта ў Дзень народнага адзінства Прэзідэнт аб'явіў аб старце ўсебеларускай акцыі "Марафон адзінства". "Гэта будзе марафон трыадзінства традыцый: нацыянальнай культуры, якую беражліва захоўваем і развіваем, талентаў нашых людзей, якімі славіцца беларуская зямля, прыгажосці славянскай душы, якая напаўняе навакольны свет гармоніяй і ўзаемаразуменнем", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэта дасць магчымасць кожнаму адчуць усю палітру талентаў беларускай зямлі і дакрануцца да багатай спадчыны нацыянальнай культуры. "Няхай яркія фарбы і мелодыі творчасці ва ўсіх кутках краіны абудзяць у сэрцах беларусаў любоў да сваёй Радзімы", - дадаў Прэзідэнт.

"У гэтым залог дастойнай будучыні нашага народа і святы абавязак сучаснікаў, на якім павінна будавацца жыццё ў адзінай сям'і патрыётаў і працаўнікоў, імя якой - Беларусь, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Давайце разам любіць, сябраваць, марыць, працаваць і адпачываць па-беларуску! Давайце берагчы і абараняць Беларусь! Гэта нам завяшчалі продкі, аб гэтым мы гаворым нашчадкам. Гаворым таму, што час выбраў нас!"

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што збеглыя і іх заходнія куратары зноў спрабуюць узбаламуціць грамадства і стварыць у Беларусі сітуацыю перадмяцежнага характару напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, пачынаюць выпрацоўваць планы дзеянняў. "Усё было. І атака ў СМІ. Мы спрабуем дастойна на гэта адказаць. Сведчаннем таго з'яўляецца пачатак работы нашага Першага інфармацыйнага канала. Гэта дастойны адказ", - адзначыў беларускі лідар.

Не скідваюць апаненты з разліку і ўзброенае нападзенне на Беларусь. "Як спецслужбы Захаду гавораць, нашы будуць змагацца за ўладу тут. Ну, мы разумеем, як гэта бывае: наперадзе ідуць ашалелыя з радоў нашых, а наступныя - не нашы. Мы гэта бачылі ў 2020 годзе. Праўда, не атрымалася. Не скідваюць яны з разліку і сёння. Рыхтуюць харугвы, цэлыя палкі. Раней іх называлі ўласаўцамі, якія заходзілі, дарэчы, разам з рускімі ўласаўцамі, нашы, беларусы, на Курскую вобласць. Праўда, іх сотня чалавек, не больш. Але ўсе яны мараць прыйсі сюды са зброяй у руках", - расказаў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што ў святочны дзень зусім не спрабуе нагнятаць нейкую абстаноўку. "Я хачу проста вам працытаваць адзін дакумент: паводле даных нашых спецслужбаў у ходзе закрытай часткі перагавораў нашых збеглых у адной з краін (не называю па пэўных прычынах) прадстаўнікі ЗША агучылі наступныя тэзісы: з сярэдзіны верасня па пачатак лістапада ЗША чакаюць істотную эскалацыю ваеннай абстаноўкі як з боку Масквы, так і з боку Кіева. На фронце. Я хачу, каб гэта пачулі і расіяне. Мы да іх не даводзілі пакуль гэту інфармацыю, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Заходнія спецслужбы гавораць пра Беларусь як пра магчымае месца эскалацыі. Нібыта зацішша. Так, у Курск зайшлі (украінскія ваенныя. - Заўвага), сыходзяць - сыдуць, украінцы там не ўтрымаюцца. Але гэта не трэба амерыканцам. Трэба, каб вайна прадаўжалася да апошняга ўкраінца, а яшчэ лепш - рускага. Ім патрэбна вайна. І гэта зацішша, якое настала на фронце, ім не трэба. Ім патрэбна эскалацыя. Таму гавораць пра Беларусь як пра магчымае месца эскалацыі сітуацыі".

Пры гэтым, што датычыцца эскалацыі на беларускім напрамку, размова ідзе не пра ўступленне ў баявыя дзеянні Узброеных Сіл Беларусі. "Мы гэта ніколі не зробім, калі чужы бот не ступіць на нашу зямлю", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка. 

Паводле яго слоў, маецца на ўвазе рэакцыя Кіева ў адказ на пралёты расійскіх беспілотнікаў праз тэрыторыю Беларусі, аж да атак на прыгранічную інфраструктуру. "Гэта значыць, амерыканцы ўказалі Кіеву, калі складуцца абставіны, атакаваць нашу інфраструктуру па паўднёвай граніцы. Прычына - расійскія беспілотнікі лятаюць над тэрыторыяй, побач з тэрыторыяй Беларусі", - расказаў ён.

"Павінен вам адкрыта заявіць: мы дамовіліся па каналах з украінцамі, што мы не будзем у СМІ падсвечваць факты залёту беспілотнікаў, і расійскіх, і ўкраінскіх, на нашу тэрыторыю, - адзначыў Прэзідэнт. - Чаму гэта адбываецца? Таму што і тыя, і другія дрэнна кіруюць гэтымі беспілотнікамі. Па-першае, новыя для іх. Па-другое, працуюць сістэмы радыёэлектроннай барацьбы, якія збіваюць з курсу беспілотнікі. І адзін з іх мы знайшлі аж пад Бабруйскам - у цэнтры Беларусі. І гэта былі ўкраінскія беспілотнікі, а не расійскія. Хоць і з другога боку бывае. Мы дамовіліся".

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што лялькаводы з Вашынгтона, тым не менш, штурхаюць Украіну да процістаяння з Беларуссю. "І я хачу спытаць у амерыканцаў: вы міру хочаце, мірных перагавораў або эскалацыі сітуацыі? Я не дарэмна пра гэта пытаюся. Таму што яны апошнім часам вельмі часта намякалі нам аб перагаворах. І нават выставілі ўмовы да гэтых перагавораў. Мы згадзіліся. А як тады гэта разумець?" - паставіў пытанне беларускі лідар. 

"Вось іх палітыка. І тады так было. Праз прыкладна 100 гадоў усё гэта паўтараецца. Мы гэта ўсё праходзілі. Таму што мы жывём у эпіцэнтры на скрыжаванні ўсіх шляхоў", - заўважыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ў тым ліку нагадаў і пра вайну з арміяй Напалеона, Першую сусветную вайну і іншыя маштабныя канфлікты. Усе яны пракаціліся па Беларусі, прынеслі шмат гора і разбурэнняў.

"Гісторыя паўтараецца. Але я хачу проста ў сувязі з гэтым папярэдзіць нашых праціўнікаў, нашых сапернікаў. І тых, што не разумее яшчэ. Не трэба гэта рабіць! Гэта не пойдзе на карысць не толькі рэгіёну Еўропы, але і ўсёй планеце. Нападзенне на Беларусь, запомніце гэта, - гэта трэцяя сусветная вайна, - падкрэсліў беларускі лідар. - Таму ні ў якім разе ні ўкраінцам, ні расіянам, яны гэта вельмі добра  разумеюць, ні амерыканцам, якія хочуць адседзецца за акіянам, гэтага рабіць нельга".

Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні на патрыятычным форуме расказаў пра планы Захаду "выключыць яго з палітычнага парадку дня".

"Ад збеглых. Ім не цярпіцца вывесці з арэны палітычных дзеянняў Прэзідэнта Беларусі. Дамовіліся аб тым, што Літва, як гэта было напярэдадні або ў першыя дні Спецыяльнай ваеннай аперацыі Расіі ва Украіне, ініцыюе ў міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе разгляд беларускага пытання. Мэта - прыцягнуць Прэзідэнта Беларусі да адказнасці і выключыць яго з парадку дня. Як яны пішуць, каб Прэзідэнт Беларусі, калі пачнуцца мірныя перагаворы ва Украіне, не змог прымаць удзел у гэтых перагаворах. Яны ведаюць, што мы патрабуем, каб пры заключэнні мірнага дагавора ва Украіне былі захаваны інтарэсы Беларусі. Там яны не бачаць наша прадстаўніцтва", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Я хачу, каб яны пачулі сёння, з гэтай высокай трыбуны, мы ведаем пра ўсе задумы. І нічога ў іх не атрымаецца. Яны не змогуць яшчэ раз паўтарыць тое, што было ў 2020 годзе. Мы - людзі, якія ўмеюць атрымліваць урокі з мінулага", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Пытанні сур'ёзныя. Але гэта не значыць, што вы і тыя, хто за межамі гэтай залы, павінны напружвацца і перажываць. Мы зробім усё, каб на нашай зямлі больш не было вайны - ні пры нашым пакаленні, ні пры вашым пакаленні, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы, старэйшае пакаленне, поўныя жадання перадаць вам мірную прыгожую дастойную зямлю, дзе вы можаце жыць самі і гадаваць дзяцей".

Заяву беларускага лідара зала сустрэла апладысментамі.

"Я вам клянуся, што ў нас ёсць, чым адказаць, у нас ёсць (усё неабходнае. - Заўвага) зрабіць так, каб яны задумаліся перш, чым рухацца ў нашым напрамку", - заявіў Прэзідэнт.